Двадцать пятая гадавіна Чырвонай Арміі прыйшлася на часы вайны, 23 лютага 1943 года. Партызаны брыгады Аляксея Данукалава вырашылі адсветкаваць юбілей разгромам фашысцкага гарнізону, які размяшчаўся ў вёсцы Стасева.
Аб тым, як рыхтавалася і праходзіла дадзеная аперацыя, расказвае артыкул «Святочны салют», надрукаваны ў абласной газеце «Віцебскі рабочы» у лютым 1973 года, калі краіна адзначала пяцідзесяціпяцігоддзе са дня заснавання Савецкай Арміі. Яго аўтар – «аляксеевец» Васіль Мацвееў (1923-1993).
«Знаходзіліся мы на тэрыторыі Лёзненскага раёна. Кожны з дзевяці атрадаў брыгады займаў асобны ўчастак, адкуль было зручней назіраць за дзеяннямі ворага і наносіць яму сакрушальныя ўдары.
Атрад «Смерць ворагам», дзе я быў кулямётчыкам і намеснікам камісара па камсамолу, знаходзіўся непадалёку ад шасэ Віцебск – Смаленск. Штаб размяшчаўся ў вёсцы Свірбы, што кіламетры тры ад шасэ. За вёскай – хмызняк, а за ім – лес аж да Янавіч… Сюды фашысты наведваліся не часта.
Па суседству з намі была вёска Стасева, крыху большая, чым наша. У ёй знаходзіўся фашысцкі гарнізон.
І вось камандзір атрада Міхаіл Клімянкоў рашыў ударыць па гарнізону ў азнаменаванне 25-й гадавіны Чырвонай Арміі. Аперацыя рыхтавалася доўга і сур’ёзна. Спачатку вывучалі падходы. У вёску не раз пасылаліся разведчыкі, у тым ліку наш юны партызан Алег Шпакаў. Яму тады было гадоў 14. Пераапрануўшыся ў адзенне беспрытульнага, ён хадзіў па варожых гарнізонах і прыносіў патрэбныя звесткі. У Стасева разам з ім хадзіла камсамолка Шура Садоўская. Яны разам з сувязнымі, якія жылі ў Стасеве, здабылі ўсе неабходныя даныя. І камандаванне атрада рашыла выступіць у ноч з 22 на 23 лютага.
На аперацыю выйшаў не ўвесь атрад, а толькі тры роты. Раздзяліўшыся на групы, мы пайшлі на Стасева.
Падышоўшы да вёскі, мы раздзяліліся на групы з такім разлікам, каб наступленне на гарнізон ажыццявіць адразу з трох бакоў. У нас, акрамя карабінаў, былі гранаты, некалькі аўтаматаў.
Маёй групе прадстаяла захапіць штаб гарнізона, які знаходзіўся ў прасторным драўляным доме. У мяне быў аўтамат, пісталет і некалькі гранат.
…Ляжалі на агародах, пакуль не ўзляцела чырвоная ракета. Пераадолеўшы некалькі дзесяткаў метраў, мая група хутка акружыла штаб гарнізона, зняла вартавога. Я застрачыў з аўтамата па вокнах. Потым праз разбітыя шыбы паляцелі гранаты. Ні адзін гітлеравец не ўцалеў.
Апомніўшыся ад нечаканага нападу, частка фашыстаў пачала адстрэльвацца. У нас былі на зыходзе патроны, і мы рашылі спыніць аперацыю.
Толькі на світанні вярнуліся ў Свірбы, захапіўшы ў ворага каля дзесяці кулямётаў, каля 200 аўтаматаў. Акрамя таго, спалілі шэсць грузавых аўтамашын. Вораг недалічыўся каля 150 салдат і афіцэараў. Былі страты і ў нас.
Пасля разгрому стасеўскага гарнізона фашысты рашылі знішчыць наш атрад. Праз некалькі дзён яны арганізавалі карную экспедыцыю, сабраўшы каля 1000 салдат і паліцаяў. Толькі пасля пятай атакі мы вымушаны былі адысці на новае месца».
А цяпер давайце пазнаёмімся з самім аўтарам артыкула. Нарадзіўся Васіль Міхайлавіч ў былой вёсцы Гарбузы Віцебскага раёна. Скончыў сямігодку ў вёсцы Котава, цэнтры сельсавета ў складзе Суражскага раёна. Са студзеня 1939 года працаваў у Віцебску на шчацінава-шчотачным і воласапрадзільным камбінаце імя В.В. Куйбышава прыёмшчыкам, затым загадчыкам склада. Перад самай вайной вярнуўся да сям’і ў вёску Самасадкі Котаўскага сельсавета. Працаваў рахункаводам, затым кладаўшчыком у калгасе «Сёмы з’езд Саветаў». З пачаткам вайны застаўся на акупіраванай тэрыторыі. У ліпені сорак другога добраахвотна пайшоў у партызаны. Ваяваў у атрадзе №4 «Смерць ворагам» партызанскай брыгады «Аляксея». За кароткі час праявіў сябе смелым і знаходлівым байцом. Спачатку выконваў абавязкі наводчыка батальённага мінамёта. Вывучыўшы ручны кулямёт, паказаў сябе як адзін з лепшых кулямётчыкаў атрада. Таксама прымаў удзел у дыверсіях на дарогах. На мінах, якія ў складзе групы паставіў партызан Мацвееў, падарвалася 4 аўтамабілі з жывой сілаю праціўніка. Вясною сарак чацвёртага вызначыўся ў цяжкіх баях з карнікамі на тэрыторыі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пры прарыве варожай блакады ішоў у першых радах. Закідаў гранатамі кулямётнае гняздо, знішчыўшы яго разам з разлікам. З мая сорак чацвёртага займаў пасаду камсорга атрада. Усяго Васіль Міхайлавіч меў на асабістым ліку 49 забітых немцаў. За баявыя заслугі ён неаднаразова атрымліваў падзякі камандавання, двойчы прадстаўляўся да ўзнагарод. Аднак узнагароджаны быў ўжо пасля вайны – «партызанскім» Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30.12.1948. Гэтай узнагародай стаў «афіцэрскі» ордэн Чырвонага Сцяга. Пасля вайны наш герой жыў у Віцебску. Працаваў прасавальшчыкам у цэху №6 швейнай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі». На старонках фабрычнай і абласной газет ахвотна дзяліўся ўспамінамі аб партызанскай маладосці.
Аўтар: Канстанцін ГАЙДУКОЎ, краязнаўца. Фотаздымак Васіля Мацвеева з сямейнага архіва.
