Другі сакавіцкі дзень на Лёзненшчыне адзначыўся шырокім святкаваннем аднаго з самых старажытных і любімых народных гулянняў – Масленіцы.
Яшчэ з раніцы ў парку адпачынку мікрараёна «Школьны» пачалася актыўная падрыхтоўка: адзін за адным з’язджаліся калектывы раённых устаноў культуры, школ, ЦДіМ, ДШМ, ТЦСОН, РАНС і іншыя. Разгортваліся падворкі з разнастайнымі прысмакамі, і вачам рабілася радасна ад яркіх хустак і спадніц лёзненскіх прыгажунь і апранутых у вышыванкі мужчын. Тут сустракаліся даўнія знаёмыя і сябры, абменьваліся навінамі, уражаннямі і добрым настроем. А настрой сапраўды быў цудоўны. Гэта можна было зразумець па радасных тварах дзяцей і дарослых, кожны з якіх знайшоў сабе занятак па душы.
Пачалося мерапрыемства з тэатралізаванай пастаноўкі, падчас якой Зіма, Вясна, Баба Яга (як жа без яе) і Скамарох запрасілі гасцей далучыцца да свята. Канцэртную праграму адкрылі танцавальныя калектывы «Плясуха» і «Бабіна лета». Далей пад песні, якія прадставілі ўстановы сельскіх Дамоў культуры, прайшоў агляд падворкаў, у якім прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Іван Федараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шляднеў, іншыя прадстаўнікі ўлады. Потым адбыліся чэмпіянат па колцы дроў, конкурс «Перацягванне каната», біццё мяхамі. Удзельнікі свята частаваліся гарачай гарбатай ад народнага клуба кветкаводаў і садаводаў-аматараў «Флора», амаль на кожным кроку рабілі маляўнічыя фотаздымкі на фоне масленічнага антуражу. Шмат гледачоў сабрала такое захапляючае і духмянае відовішча, як прыгатаванне бліноў на калодзе.
Але, бадай, найбольшую цікавасць выклікаў парад павозак. Якіх толькі транспартных сродкаў тут ні было! І касмічная ракета, на якой прызямліліся іншапланецяне (прадстаўнікі ДШМ), і сані, якія едуць самі, і павозка «Гуканне вясны», на якой у снежных сумётах распускаліся першацветы, а яе рамізніца Дзіяна Гольнева ў прыгожым танцы набліжала вясну (Дабрамыслінскі філіял ДШМ). Адразу два Ямелі (Алег Радчук і Станіслаў Кісялёў) – адзін з Новага Сяла на пячы, другі з ТЦСОН на матаблоку – прыехалі на свята. А самы маленькі Ян Яземаў прыкаціў з Зубкоў на масленічным самакаце. Прадстаўленне павозак адбывалася ў фармаце інтэрв’ю з вядучым Аляксандрам Усцінавым і ператварылася ў сапраўднае гумарыстычнае шоу.
Завяршылася свята па традыцыі спальваннем пудзіла і карагодам. А за бяспечнасцю мерапрыемства сачылі прадстаўнікі РАНС. Масленіца ўдалася на славу.
Адзіны Дом культуры, які адсутнічаў у гэты дзень у Лёзне – Стасеўскі. Але па ўважлівай прычыне. Яго самадзейныя артысты прымалі ўдзел у фестывалі нацыянальнай кухні і традыцыі «Веліжскія бліны» ў Смаленскай вобласці і вярнуліся адразу з чатырма дыпломамі ў розных намінацыях.
У нядзелю Масленіца прайшла ў аграгарадках і вёсках раёна. З панядзелка ж у праваслаўных беларусаў пачаўся Вялікі пост, які завяршыцца на Вялікдзень, 20 красавіка.
Вольга Пінчук.