20 сакавіка свет адзначае Міжнародны дзень шчасця. Гэта выдатная нагода спыніцца і задумацца… А што значыць быць шчаслівым? Нашы класікі і сучаснікі заўсёды шукалі адказ на дадзенае пытанне. Але не ў матэрыяльных рэчах, а ў глыбіні чалавечага духу.
Напрыклад для Якуба Коласа шчасце ніколі не было справай аднаго чалавека. Ён верыў, што яно можа быць поўным толькі тады, калі ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслівымі. Таксама шчасце гучала ў працы на карысць сваёй зямлі. У гэты час героі твораў Коласа знаходзілі супакой у прастаце вясковых будняў і велічы прыроды.
Яго сябар Янка Купала бачыў шчасце больш драматычным і маштабным. Верыў, што яно было немагчыма без свабоды. Сапраўдная «доля народная» – гэта права быць «гаспадаром на сваёй зямлі», нацыянальная годнасць, якая дае чалавеку права высока трымаць галаву.
Для Васіля Быкава шчасце мела зусім іншае афарбаванне. У самых жорсткіх выпрабаваннях яго героі заставаліся шчаслівымі толькі тады, калі захоўвалі гонар і чыстае сумленне. Быць чалавекам насуперак абставінам – вось вышэйшая форма чалавечага задавальнення паводле Быкава.
Сучаснасць дадае ў гэтую палітру свае фарбы. Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская падкрэслівае: «Калі шчаслівая жанчына – шчаслівыя ўсе вакол».
Магчыма, сёння шчасце для кагосьці гэта пах вясенняга лесу, для кагосьці спакойная праца, а для кагосьці усмешка блізкага чалавека.
З Міжнародным днём шчасця! Няхай яно будзе поўным, светлым і сапраўдным.
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Аўтар: Ганна Мікульская.
