Пэўна, невыпадкова ў самы час вясенняга абуджэння прыроды (27 сакавіка) прынята адзначаць Міжнародны дзень тэатра, бо гэтаму, аднаму з асноўных відаў мастацтва, які ўвабраў у сябе не толькі сцэнічнае дзеянне, а і песню, танец, пантаміму і іншае, па сіле эмацыянальнага ўздзеяння, бадай, няма роўных. Таму тэатр з даўніх часоў быў самым зразумелым і любімым для народа, такім, нягледзячы на сучасныя, не вельмі спрыяльныя змены, ён усё ж такі застаецца, дзякуючы захаванню каштоўных традыцый мінулага. 

Сведчанне вышэй сказанаму – дэкады тэатральнай творчасці, якія штогод адбываюцца ў Лёзне. Вядома, што тут неаднаразова праводзіліся і абласныя агляды-конкурсы, на якіх мясцовыя акцёры выступалі даволі ўдала. Пра асаблівасці сёлетняй, якая пачнецца на гэтым тыдні, мы папрасілі расказаць галоўнага яе арганізатара, рэжысёра і метадыста, вядучага спецыяліста па тэатральнаму жанру РЦК Г. В. Цыганкова.
– Генадзь Васільевіч, раскажыце, калі ласка, якім складам і з якім настроем сустракаеце свята.
– Нягледзячы на тое, што апошнім часам і аматарскі тэатр набывае тэндэнцыю да эксклюзіўнасці, бо ў сучасным свеце спектр чалавечых захапленняў вельмі пашырыўся, тэатральнае мастацтва жыве. Сёння з 17 клубных устаноў Лёзненшчыны ў 10 рэальна дзейнічаюць тэатральныя калектывы. Радуе, што знаходзяцца людзі, ініцыятары, якія маюць эстэтычны густ і асаблівае адчуванне ігры на сцэне, здольныя зацікавіць іншых, як кажуць, запаліць агонь у сэрцах. Як рэжысёр, ведаю кожны з калектываў звонку і знутры: да мяне звяртаюцца, і сам я захоплены справай. Таму цалкам упэўнены, што яны змогуць паказаць штосьці вартае, бо стараюцца, працуюць над пастаноўкай на працягу некалькіх месяцаў. Як прыклад, невялікі калектыў з аграгарадка Кавалі: адшукалі п’есу нашага земляка Сяргея Свірыдава “Два боты – пара”, напісаную ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, тэма якой актуальна і сёння. Гэта узаемаадносіны паміж людзьмі, маральныя аспекты жыццёвага выбару. Работа над спектаклем, прызнацца, справа нялёгкая, вельмі карпатлівая, як, дарэчы, і любая іншая справа, да якой адносішся па-сапраўднаму. Галоўнае, што кожная пастаноўка і кожная роля непаўторныя, немагчыма сыграць адно і тое ж некалькі разоў аднолькава, як у той агульнавядомай старажытнай прыказцы, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы.
– Пэўна, задачы, якія будуць вырашацца ў ходзе мерапрыемстваў тэатральнай дэкады, ужо акрэслены?
– Безумоўна. Падбіраючы рэпертуар і працуючы над ім на працягу года, мы арыентаваліся перш за ўсё на тое, што запатрабавана гледачамі. Але немалаважна, каб зацікавіць саміх удзельнікаў пастановак, натхніць іх на далейшую творчасць.
– Раскажыце аб тым, як будзе праходзіць дэкада.
– Лёзна ў гэтыя дні будзе нагадваць своеасаблівае “тэатральнае перакрыжаванне “, на якім збяруцца аматары з наваколля і з-за межаў раёна, каб узбагаціцца адзін ад аднаго прагледжанымі спектаклямі, абмеркаваць праблемы і пытанні тэатральнай творчасці. Пачнем у суботу, 25 сакавіка, стылізаваным уступам з беларускай “Батлейкі”, затым на раённых падмостках можна будзе ўбачыць пастаноўкі веляшковіцкага народнага тэатра “Вытокі”, студэнтаў Віцебскага каледжа мастацтваў (будучых рэжысёраў), калектыва з вёскі Перавалочча Руднянскага раёна Смаленскай вобласці. 26 сакавіка першымі выступяць нашы расійскія госці – народны тэатр Дома культуры з Панізоўя. Затым – вядомы ўжо лёзненцам па мінулых гадах народны тэатр Дома культуры чыгуначнікаў з Оршы, а таксама наш народны тэатр «У пошуку…». Тэатральныя калектывы ўстаноў культуры аграгарадкоў Новае Сяло, Зубкі, Кавалі абмяняюцца пастаноўкамі на месцах і такім чынам прымуць удзел у раённым аглядзе-конкурсе. Акрамя таго, у пачатку красавіка мы прапануем спектаклі-казкі ў выкананні дзіцячых тэатральных калектываў з Пушкоў, Адаменак, Веляшковіч, Дабрамысляў і РЦК. Як бачыце, пастаноўкі адрасаваны гледачам розных узростаў, сустрэчы з імі мы вельмі чакаем.
Дзякуй Вам, Генадзь Васільевіч, за гутарку, з надыходзячым святам. Жадаем творчага гарэння, поспехаў, здароўя і дабрабыту ўсім тэатралам Лёзненшчыны.
Гутарыла Таццяна Ігнаценка.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости