Вітаем, сябры! І зноў – пятніца! А гэта значыць, час цікавых вандровак да сваіх каранёў. Сёння запрашаем вас наведаць Чкалаўскую гарпасялковую бтібліятэку. Яе унікальнасць у тым, што тут ёсць этнаграфічны куток. “Вось яшчэ дзіва!” – падумаеце вы. Не спяшайцеся з высновамі: мы раскажам пра яго важную і непаўторную асаблівасць.
Ад думкі да справы
Усё пачалося з жадання захаваць гісторыю лёзненскай “Сяльгастэхнікі” – прадпрыемства-гіганта, лёс якога быў цесна пераплецены з жыццём цэлага мікрараёна. Матыэрыялаў назбіралася шмат. Ідэя адкрыць гістарычны пакой знайшла падтрымку ў дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святланы Дрылёнак. Так у 2022 годзе дзякуючы энтузіазму загадчыка бібліятэкі Вольгі Краўцовай і актывіста Анатоля Чухнова ўрачыста раскрыў дзверы гістарычны пакой.
– Мы звярнуліся за дапамогай да былых працаўнікоў прадпрыемства, – расказвае Вольга Віктараўна. – І атрымалім неверагодную падтрымку. Дапамогу аказалі экс-кіраўнікі Валерый Салаўёў і Віктар Рабчынскі.
Адным са спонсараў выступіў мясцовы прадпрымальнік Ігар Бурак, якога з Сяльгастэхнікай таксама звязвае асабістая гісторыя. Тут шмат гадоў працаваў яго бацька, Іван Дзмітрыевіч. А маці, Наталля Міхайлаўна, стала першым загадчыкам бібліятэкі, якую і пабудавала Сяльгастэхніка ў 1978 годзе. Зараз жанчына застаецца адным з самых дапытлівых чытачоў, толькі ўжо разам з унукамі.
Ад станкоў да карункаў
Экспанаты працягвалі паступаць і надалей. Сярод іх з’яўляліся і этнаграфічныя знаходкі. І тады з’явілася новая, не менш глыбокая ідэя – стварыць этнаграфічны куток. І не просты, а з рэчаў, якія належалі менавіта сем’ям працаўнікоў “Сяльгастэхнікі”. І праз некаторы час у дзіцячым зале з’явілася прыцягальная прастора, дзе можна акунуцца ў мінулае.
Кожны прадмет тут мае свой голас, свой лёс, сваю гісторыю: маслабойка, самапралка, лялькі-абярэгі, каменныя жорны, рушнікі… Так, калекцыю кутка папоўнілі артэфакты, якія калісьці выкарыстоўваліся як звычайныя прадметы пасўсядзённага ўжытку ў сям’і Людмілы Пеньчыкавай. 35 гадоў жанчына працавала бухгалтарам ў “Сяльгастэхніцы”, усё жыццё прысвяціў арганізацыі і яе бацька, Міхаіл Ягоравіч. Рабў спачатку качагарам, а потым, калі пабудавалі газавую кацельную, змяніў назву пасады на аператара.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Людміла Міхайлаўна ўладкавалася у бібліятэку прыбіральшчыцай. Яна дэманструе падузорнікі, вышыванае пакрывала, сурвэткі, прошвы і неверагоднай прыгажосці карункавы абрус, звязаны кручком з катушачных нітак яе маці, Зінаідай Мікалаеўнай Шаўцовай. Калісьці гэты абрус упрыгожваў сямейныя застоллі. Здольнасці да рукадзелля перадаліся і самой Людміле Міхайлаўне, але гэта ўжо асобная тэма.
Вольга Віктараўна паказвае іншыя рэчы: швейную машынку прынесла Людміла Чэпікава, чый бацька, Мікалай Цімафеевіч Гаўрылаў, працаваў у “Сяльгастэхніцы” слесарам, а падчас уборачнай – камбайнерам.
Вышытая рознакаляровымі кветкамі дарожка належала Еўдакіі Цярэнцьеўне Зайцавай, якая працавала загадчыкам склада.
Сэрцам гэтага праекту стаў няўтомны Анатоль Васільевіч Чухноў. Ён не толькі збіраў і перадаваў экспанаты, але і аднаўляў іх, вяртаючы да жыцця. У сепаратар ён нават паклаў капсулу з пасланнем для нашчадкаў – таксама мост, але ўжо ў будучыню. А малодшае пакаленне з дзіцячага садка “Светлячок” прыходзіць у захапленне, калі некаторыя рэчы дазваляюць памацаць рукамі. Асабліва падабаецца ім насіць ваду на каромысле ў цацачных вядзерках, каб паліць клумбы.
Чкалаўская бібліятэка сёння – гэта больш чым кнігасховішча. Гэта – цэнтр жывой памяці, месца, дзе пераплятаюцца ніткі асобных лёсаў у адзінае палатно нашай агульнай гісторыі. Гэта прастора, дзе маладыя могуць дакрануцца да мінулага, а старэйшыя – падзяліцца сваёй каштоўнай спадчынай.
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Аўтар: Вольга ПІНЧУК, фота аўтара.

