
Дзень беларускага пісьменства набліжаецца, а значыць, ёсць нагода прадоўжыць распачатую ў мінулым нумары гаворку з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадзюсарам тэлерадыёкампаніі «Віцебск» А.В. Панцюховай пра тое, чым будзе здзіўляць гасцей Гарадок.
Аб тым, якая святочная праграма рыхтуееца да свята, Алена Валяр’янаўна ведае не па чутках – здымачная група ТРК «Віцебск» рыхтуе шэраг праектаў, прымеркаваных да юбілейнага фестывалю. Адзін з іх – праца інтэрактыўнай пляцоўкі радыё «Віцебск», якое адзначыла ў гэтым годзе 25-гадовы юбілей.
– Па выніках медыёвымярэнняў наша радыёстанцыя з’яўляецца самай папулярнай не толькі ў Віцебскай вобласці, але і сярод рэгіянальных радыёстанцый усёй Рэспублікі Беларусь, – кажа А.В. Панцюхова. – Прысутныя змогуць на ўласныя вочы ўбачыць дзіджэяў, якіх ведаюць толькі па голасу, а таксама паўдзельнічаць у віктарынах. Праўда, для таго, каб выйграць, трэба быць слухачом радыё «Віцебск» і добра ведаць яго праекты. Будзе разыгрывацца вялікая колькасць брэндавай прадукцыі. Таму запрашаем усіх на нашу пляцоўку.
Праанансіравала Алена Валяр’янаўна і тэлеперадачы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства. 25 жніўня на тэлеканале «Беларусь-4. Віцебск» выйдзе спецвыпуск ток-шоу «Віцебскі час». Яго героямі стануць госці з Гарадка, у тым ліку старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Міхайлаўна Палякова. Паглядзеўшы перадачу напярэдадні маштабнага мерапрыемства, можна будзе даведацца, як Гарадок рыхтуецца да свята, якая праграма чакае гасцей.
А 4 верасня з адпачынку вяртаецца праграма «Вячэрні Віцебск». Першы яе эфір таксама будзе прысвечаны Дню беларускага пісьменства. Запрошаныя ў студыю ўдзельнікі свята падзеляцца свежымі ўражаннямі ад яркай падзеі. Расказаць будзе пра што, таму што два дні фестывалю насычаны культурнымі, спартыўнымі, кулінарнымі, дзіцячымі, паэтычнымі і іншымі мерапрыемствамі. Гэта і Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», калі ў Гарадок прыбудзе Жыватворны агонь ад Гроба Гасподня, фестываль кнігі і прэсы, знакаміты фестываль народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», «Паэтычны квартал», абласны фестываль дзяцей і моладзі «Прастора» і шмат іншых цікавых лакацый, дзе кожны зможа знайсці сабе занятак па густу.
Вольга Пінчук.
