У канцы XVIII – ХІХ ст. рэлігійнае жыцце ў беларускіх губернях было вельмі насычаным: дзесьці каталіцкія абшчыны абносілі агароджамі вялікія абшары вакол касцелаў, тым самым перакрываючы яўрэям дарогі да яўрэйскіх могілак, у іншых рэгіенах латышскія і беларускія праваслаўныя абшчыны,спрачаючыся, дзялілі царкоўную маемасць.

На Лезненшчыне таксама хапала падстаў для разнастайных падзей: тут дзейнічалі і іўдзейскія сінагогі, і праваслаўныя цэрквы, і стараабрадніцкія ды пратэстанцкія малітоўныя дамы. Меліся таксама і каталіцкія касцелы з капліцамі.

Узаконенае аднаўленне

Капліца ў сяле Уна была пабудавана ў 1780 г. на сродкі мясцовага памешчыка Драздоўскага і лічылася прыпісанай да касцела Мікулінскага бернардзінскага манастыра (на той час Мікуліна уваходзіла у склад Аршанскага павета, як і тэррыторыя Лезнешчыны). Набажэнствы ў капліцы адпраўляліся нячаста – звычайна па будніх днях, для гэтага сюды прыязджалі альбо манахі-бернардзінцы з Мікуліна, альбо святары з бліжэйшых уніяцкіх цэркваў. У гэты час з капліцай суседнічаў толькі адзін праваслаўны прыход – з цэнтрам у м. Лезна, а ўсе астатнія былі каталіцкімі ці ўніяцкімі. На мяжы 1820-х –1830-х гг. яна была перабудавана, і ў 1831 г. звесткі пра аднаўленне капліцы дайшлі да Сената, які засумняваўся, ці законна гэта было зроблена. Капліца апынулася пад пагрозай закрыцця, але ў чэрвені 1832 г. той жа Сенат дазволіў яе існаванне пры ўмове, што пастаяннага святара там не будзе, што служыць набажэнствы будуць выключна мікулінскія манахі, а назіраць за выкананнем гэтай пастановы будуць праваслаўны епіскап, каталіцкі біскуп і губернатар.

Вежа колішняга бернардзінскага касцела ў м. Мікуліна, 2005 г.

Абачлівы памешчык

Калі з’явілася капліца ў Выдрэі, ніхто дакладна не ведаў – так даўно гэта было: мясцовы памешчык сцвярджаў, што недзе ў пачатку XVIII ст., вяскоўцы лічылі, што ў 1790-я гг. Збудаванне было драўляным, стаяла на каменным падмурку, мела крыжападобную форму, завяршалася купалам. Побач з капліцай узвышалася асобна стаячая драўляная званіца.

У 1871 г. зямлю маентка Выдрэя купілі латышы, і яны адразу паімкнуліся прысвоіць сабе будынак капліцы, каб зрабіць з яго праваслаўную царкву. Памешчык Венядзікт Рамуальдавіч Багамолец, прадаючы перасяленцам зямлю, абачліва пакінуў за сабой надзел, дзе стаяла капліца, пры тым што знаходзілася яна на каталіцкіх могілках, дзе былі пахаваны ў тым ліку продкі землеўладальніка. За капліцу разгарэлася сапраўдная барацьба, у якую былі ўцягнуты магілеўскі губернатар, каталіцкі біскуп, праваслаўны епіскап і нават мітрапаліт Маскоўскі. Спрэчкі доўжыліся некалькі гадоў, пасля чаго будынак усе ж застаўся за каталіцкай абшчынай.

У канцы ХІХ ст. на набажэнствы, праводзімыя ў капліцы штомесяц па нядзелях, збіралася каля 300 вернікаў, якія жылі ў навакольных весках. У 1890 г. яны вырашылі за сабраныя ахвяраванні адрамантаваць дах Выдрэйскай капліцы: сцены маглі прастаяць без рамонту яшчэ гадоў дзесяць, а вось гонт пачаў працякаць.

Усе мы хрысціяне

Пра належны выгляд капліцы ў сваіх уладаннях клапаціўся і дваранін Канстанцін Канстанцінавіч Бржазоўскі з маентка Зачэрня. У 1897 г. ен звярнуўся да магілеўскага губернатара па неабходны дазвол. У каталіцкай капліцы, што стаяла на фамільных могілках і дзе памінальныя малебны праводзіліся 3-4 разы на год, трэба было зрабіць новы гонтавы дах.

І калі рамонт, дазволены губернатарам, прайшоў зусім спакойна, то праз некалькі гадоў у капліцы адбылася падзея, якая ўстурбавала нават магілеўскага біскупа. 10 сакавіка 1906 г. настаяцель Бабінавіцкага касцела ў роспачы пісаў епархіяльнаму кіраўніцтву пра тое, што ў капліцы праваслаўным святаром быў здзейснены абрад адпявання. Аказалася, што калі ў пачатку лютага 1906 г. памерла праваслаўная сваячка памешчыка Канстанціна Бржазоўскага, ен пажадаў правесці неабходныя абрады ў капліцы. Усе начынне капліцы належала памешчыку, ключы ад яе ен захоўваў пры сабе, таму распараджаўся будынкам паводле ўласнай волі. Бабінавіцкі ксендз не ведаў, ці патрэбна было пасля такога здарэння пераасвячаць капліцу. Да канца жніўня 1906 г. каталіцкае духавенства Аршанскага павета вывучала багаслоўскую літаратуру і не знайшло прыкладаў, падобных да тых, што здарыліся з капліцай у Зачэрні. 11 верасня таго ж года бабінавіцкаму ксяндзу паведамілі, што асвячаць капліцу не патрэбна, і каталіцкія абрады ў ей праводзіць дазваляецца.

Час вырашае лес

Сляды Унаўскай капліцы згубіліся ўжо ў пачатку ХХ ст. У драўлянай Выдрэйскай капліцы наогул не было ніякіх шанцаў на доўгае існаванне. Капліцу ў Зачэрні ў 1920-я гг. актыўна разбіралі на цэглу вяскоўцы (можна меркаваць, што якасна зробленыя цагліны «пражывуць» яшчэ вельмі доўга). Што да Мікулінскага касцела, то ен стаіць на непрыступнай гары па сенняшні дзень, але ўжо ў выглядзе праваслаўнай царквы.

Галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Канстанцін КАРПЕКІН, фота аўтара.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости