Прыемным аказалася знаёмства з сям’ёй Саветнікавых з вёскі Залессе. Антаніна Уладзіміраўна і Аляксандр Іванавіч – прыветлівыя, хлебасольныя гаспадары. Яны ахвотна згадзіліся на размову з карэспандэнтам “раёнкі”, адразу павялі па сваім падворку, паказалі гадаванцаў, якіх у іх, па сённяшніх мерках, нямала. Хаця, як кажуць муж і жонка, нічога асаблівага, бо не так даўно амаль ў кожнага з сяльчан былі карова, свінні, куры, хіба што коней трымалі нямногія.
А ў Саветнікавых і цяпер ёсць кабылка-прыгажуня Хмарка, любіміца і памочніца. Без яе было б нялёгка апрацаваць гектар зямлі, на якім садзяць бульбу, сеюць зерневыя і нарыхтоўваюць сена. Летам запрагаюць штодня, зараз – зрэдку. Вупраж акуратна, па-гаспадарску, развешана на сцяне хлеўчука, дзе заўсёды суха. На двары стаяць сані, ёсць і падвода на калёсах, сенаграбілка таксама. Чысценькую, бялюткую з чорным, Хмарку акурат перад маім прыездам вывелі на прагулку. Карову па мянушцы Ласеня трывожыць не сталі, бо яна зусім нядаўна ацялілася, на свет з’явіўся бычок Марцін.
– Дачакаліся свайго малака, – дзеліцца жанчына. – Цяпер не трэба ісці па яго ў краму. Сваё есць сваё. Тлустасць нармальная – рабі з яго што хочаш. Сыракваша, тварог, смятана заўсёды на стале. Калі пажадаем, масла саб’ем, сырнікаў напячэм. Сыр гатую часта. Бліны, булачкі, пірагі, тарты – усё з дабаўленнем малака. Трымаем дзясятак курачак, дык і яйкамі забяспечаны. Сала, мяса таксама сваё, вырошчваем штогод двух кабанчыкаў. Лішкі, у асноўным, здаём дзяржаве, калі-нікалі купляюць аднавяскоўцы. Прыбытак невялікі, але атрымліваем. Нейкіх асаблівых сакрэтаў вядзення хатняй гаспадаркі ў нас няма. Што перанялі ад бацькоў, тое і робім. Стараемся як след накарміць жывёлу, напаіць, своечасова падаіць, калі трэба, аказаць ветэрынарную дапамогу. Галоўнае – увага, клопат, тады ўсё будзе ў парадку.
Гаспадары гасцінна запрасілі ў дом, дзе і прадоўжылі размову за кубачкам гарбаты. Антаніна Уладзіміраўна частавала самаробнымі сырам і пампушкамі, што дазволіла пераканацца ў добрых кулінарных здольнасцях гаспадыні. Разгаварыўшыся, даведалася, што жанчына родам з суседняй вёскі Шавялі, муж – з Загарадна. Пасля школы Тоня скончыла Віцебскае культасветвучылішча па спецыяльнасці харэограф. На працу прыехала ў родныя мясціны і тры гады была мастацкім кіраўніком у Емельяноўскім клубе. Выйшла замуж за Віктара Саветнікава, які працаваў вадзіцелем аўтобуса ў тагачасным калгасе імя Кірава. Ад гаспадаркі ім выдзелілі новы дом у Залессі. І тады маці, Міталіна Фёдараўна Сяргеенка, дала дачцэ ў пасаг кароўку. Так склалася, што Антаніна спачатку выходзіла за аднаго брата, а жыць далей выпала з другім. Віктар раптоўна памёр у 33 гады, пакінуўшы яе з двума дзеткамі, старэйшаму хлопчыку было 4 гады, малодшаму толькі 9 месяцаў. На дапамогу ёй прыйшла маці, пераехала з усёй сваёй гаспадаркай, ды так і дажыла век ў гэтым доме. Клапаціліся пра дзетак і родныя мужа, асабліва брат Аляксандр, часта прыходзіў, дапамагаў. Затым лёс аб’яднаў іх у адну сям’ю. Нарадзілася дачушка Анечка. Яна зараз адзінаццацікласніца Веляшковіцкай СШ, выдатніца і актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, як мама. Будучая выпускніца школы не цураецца вясковай працы, захапляецца танцамі і мастацкім чытаннем. З прафесіяй яшчэ канчаткова не вызначылася.
Антаніне Уладзіміраўне больш не прыйшлося працаваць па прафесіі. Нейкі час была нават цялятніцай. Потым уладкавалася ў Емельяноўскую пачатковую школу поварам, пасля аптымізацыі перавялі ў Веляшковіцкі дзіцячы сад, дзе стала загадчыцай гаспадаркі і працуе па сённяшні дзень. Ад культурнага жыцця ніколі не адрывалася. Паспявае і дома спраўляцца, і на рабоце, і ў клубе-бібліятэцы Емельянова прымае ўдзел у аматарскім аб’яднанні “Гаспадыня”.
– Мая, бадай, галоўная роля – гэта быць вядучай мерапрыемстваў, – кажа жанчына. – Вельмі люблю беларускую мову, спрабую складаць вершы. У аб’яднанні збіраем фальклор, прадметы старажытнага быту для этнаграфічнага кутка, адраджаем абрады беларусаў, праводзім народныя святы. Вядома, спяваем, танчым, гатуем нацыянальныя стравы. Удзельнічаем, як правіла, у “Славянскім базары” у Віцебску.
Аляксандр Іванавіч – пастаянны наведвальнік бібліятэкі і заўзяты чытач. Ён 28 гадоў адпрацаваў электрагазазваршчыкам, значную частку – у мясцовай гаспадарцы. Цяпер жа аператарам кацельні ў Веляшковічах. Дарэчы, і 25-гадовы сын Дзяніс працуе разам з ім пазменна, жыве пакуль з бацькамі. Ён не толькі першы памочнік у выкананні мужчынскай работы дома, а можа замяніць і маці па гаспадарцы, калі трэба. Старэйшы Раман мае сваю сям’ю ў Віцебску, сам вадзіцель-дальнабойшчык. Ён і нявестка Крысціна па выхадных прывозяць у Залессе да бабулі і дзядулі сваю Яну, якая ўжо вучыцца ў 3-м класе і вельмі любіць жывёлу. Гэта менавіта для яе на падворку гадуюцца двое трусоў-веліканаў. Аднаго з іх нам паказала Аня і папазіравала перад фотакамерай.
Лад, згода, пашана да працы жывуць у гэтым доме, няхай так будзе заўсёды.
Таццяна ІГНАЦЕНКА
