У цэнтры – Феня Пятроўна Рагачова, яе дачка Тамара з сям’ёй.

Ліст у рэдакцыю раённай газеты жыхаркі аграгарадка Крынкі Алены Рагачовай

У сувязі з 3 ліпеня – Днём Незалежнасці, Днём вызвалення Беларусі – мне захацелася падзяліцца сваімі ўспамінамі.

3 ліпеня я нарадзілася 59 год назад. Свой дзень нараджэння заўсёды памятала, як Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Школьнікамі мы рыхтаваліся да гэтай даты, хадзілі на міцінгі, адкрыццё мемарыялу 99 артылерыйскай гаўбічнай брыгады.

А рассказаць я хачу аб сваіх родных і знаёмых, якія жылі ў гады той вайны. Пра Вялікую Айчынную ведаю не толькі з урокаў гістроыі, а яшчэ з расказаў сваёй бабулі – Таццяны Антонаўны Рагачовай. Яна нарадзілася ў 1908 годзе ў вёсцы Крынкі. Расказвала і паказвала нам, сваім унукам, дзе была сядзіба яе бацькі, Антона Садаўнічага.

Яшчэ да вайны бабуля выйшла замуж за Мітрафана Пятровіча Рагачова. У іх нарадзілася двое дзяцей – дачка Алла і сын Сямён (мой бацька). Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Перад самым яе пачаткам Мітрафан Пятровіч папаў на воінскія зборы. Бабуля казала, што ён быў чырвоным камандзірам, навучаў маладых салдат.

Алла Мітрафанаўна Купчанка (Рагачова).

Аднойчы ён прыехаў дадому, узяў на калені дачку і сына, але ў гэты момант у хату зайшлі немцы і забралі яго. Куды павезлі на матацыкле, не ведаў ніхто. Так ён і прапаў без вестак. Бабуля з дзьвума малымі дзяцьмі (Алле 8 год, Сені 6 год) трапіла ў фашысцкую Германію. Там яна працавала на заводзе (фарбавала нямецкія танкі), а дзеці сядзелі ў лагеры і чакалі маці. Разам з імі ў палоне былі дзьве сястры Мітрафана Пятровіча – Ніна і Моця і дзяўчынка Тамара. Яе маці Феня Пятроўна Рагачова змагалася ў брыгадзе Данукалава. У кнізе «Памяць. Лёзненскі раён» аб гэтым ёсць запіс.

Рагачовы Сямён Мітрафанавіч, Таццяна Іванаўна і сын Дзьмітрый.

У 1944 годзе лагер вызвалілі амерыканскія войскі. Дадому яны дабіраліся сем месяцаў. Тут, на Радзіме, іх сустрэла пустая зямля, на якой фронт стаяў цэлых дзевяць месяцаў. Ім прыйшлося жыць у зямлянцы каля рэчкі Ласасіны (прыток Суходраўкі).

Таццяна Антонаўна Рагачова.

Маці мая, Таццяна Іванаўна Рагачова, была родам з Расіі. У пачатку вайны ёй было тры гады, сястры два гады. Іх бацька, Іван Фёдаравіч, пайшоў у партызаны, у бранскія лясы. Бабулі, Соф’і Сямёнаўне, з дзецьмі таксама прыйшлося пайсці ў лес. Дзед Іван загінуў у гады вайны.

У Год міра і стварэння хочацца паведаць не толькі сваім дзецям і ўнукам, але і ўсёй моладзі аб людзях, якія змагаліся за наша жыццё, за нашу незалежнасць, за мірнае неба над галавой. Каб яны заўсёды помнілі і ганарыліся сваёй Радзімай – сінявокай незалежнай Беларуссю.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости
Предыдущая новость

Связанные новости