6 жніўня на Лёзненшчыне стартавала ўборачная кампанія. Крыху пазней, чым у цэлым па рэспубліцы, але гэта і зразумела. Наш рэгіён знаходзіцца на поўначы Беларусі,і сельскагаспадарчыя культуры паспяваюць пазней. Таму разам з тэмпературай надвор’я павышаецца градус адказнасці за тэмпы ўборкі.
З першымі ранішнімі промнямі і да захаду сонца рупліва працуюць на палях камбайнеры і механізатары, аграномы і кіраўнікі гаспадарак, спяшаючыся выкарыстаць з максімальнай карысцю кожную хвілінку спрыяльнага надвор’я.
– Для таго, каб стомленасць не перашкаджала працы, аграрыям патрэбны добры настрой, – кажа метадыст аддзела фальклору і народных традыцый, а па сумяшчальніцтву культарганізатар сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва РЦК Г.Б. Гузава. – З гэтай мэтай на палі выязджаюць артысты раённага цэнтра культуры. Праграма разлічана на паўгадзіны, каб надоўга не адрываць ад працы. У рэпертуары – папулярныя песні савецкай эстрады, беларускія народныя песні і прыпеўкі. Артысты філіяла «Дом культуры аграгарадка Пушкі» выступілі перад рабочымі «Барсеева», калектыў з Веляшковіч завітаў на адно з палёў «Рубяжніцы». «Новую Дубраву-Агра» і «Адаменкі» наведаў філіял «Дома культуры аграгарадка Адаменкі». Трэба адзначыць, што асобнага калектыву сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва не мае, але работнікі сферы культуры раёна і самадзейныя артысты ніколі не адмаўляюць у просьбе праспяваць, сыграць на музычным інструменце ці патаньчыць на святах аддаленых вёсак ці непасрэдна ў палях.
Калектыў дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Клубок фантазій» філіяла Дома культуры «Адаменкі» падрыхтаваў для земляробаў невялічкія сувеніры – сплеценых з каласоў жаваранкаў, а мясцовыя пекары – караваі з мукі новага ўраджаю. Да канца жніўня плануем наведаць з канцэртамі ўсе гаспадаркі раёна.
Словы падзякі выказаў песнярам лёзненскіх палёў Іван Сівалап, намеснік дырэктара УП «ЖКГ Лёзненскага раёна» па вытворчасці (па кіраўніцтву) ААТ «Новая Дубрава-Агра»:
– Вельмі прыемна, што пра нас не забываеюцца. Людзі засталіся задаволены тым, што іх працы надаецца належная ўвага і нават святочнасць. Дзякуючы песні падымаецца настрой і баявы дух, што важна ў такі адказны перыяд.
Няхай і надалей гучаць песні над залатымі хлебнымі нівамі, а пышны каравай расце, як на драждах. Поспехаў вам у працы, хлебаробы!
Вольга ПІНЧУК.

