Зямельныя абшары памешчыка
Уладанні рускага двараніна праваслаўнага веравызнання Мікалая Дзмітрыевіча Хлюсціна знаходзіліся ў розных кутках Лёзненскай воласці. Так, маёнтак Лёзна перайшоў да яго 22 кастрычніка 1883 г.: цікава, што ў архіўных дакументах чамусьці ўказана, што ён атрымаў яго ў спадчыну і адначасова купіў, таму не зразумела, што ж адбылося на самай справе. 12 студзеня 1889 г. ён набыў урочышча Мох у маёнтку Уна, 25 чэрвеня 1892 г. – участак Грэйві. Апроч таго, недзе ў канцы ХІХ ст. памешчык прыдбаў участкак Азоліна.
Відаць, Лёзна было першым маёнткам М.Д. Хлюсціна ў рэгіёне, бо ў спісе землеўладальнікаў Аршанскага павета, да якога на той час адносілася Лёзненская воласць, складзеным у 1882 г., яго прозвішча не згадвалася.
Да 1910 г. уладанні М.Д. Хлюсціна павялічыліся яшчэ больш. У прыватнасці, пад маёнткам Адаменкі значылася 9168 дзесяцін зямлі, тут налічвалася 96 жыхароў. Дарэчы, на той час гэта быў самы вялікі маёнтак у воласці. Заўважым, што ў архіўных крыніцах маёнтак называецца то Лёзнам, то Адаменкамі – мабыць, таму што ахопліваў два суседнія населеныя пункты. Належала М.Д. Хлюсціну і другое па велічыні прыватнае ўладанне на тэрыторыі воласці – сядзіба Разумова. Яна распасціралася на 2379 дзесяцін, тут было 2 двары і 6 жыхароў (заўважым, што плошча ўладанняў іншых памешчыкаў не перавышала 1700 дзесяцін). М.Д. Хлюсцін з’яўляўся гаспадаром двух пасяленняў: Ветахмы і Гараваткі. Першая ахоплівала 79 дзесяцін зямлі з 3 дварамі і 18 жыхарамі, а другая – 41 дзесяціну з 2 дварамі і 14 жыхарамі. Разам з іншымі асобамі памешчык валодаў фальваркам Буі, агульная плошча якога складала 607 дзесяцін (тут налічваўся 21 двор і 154 жыхары).
Сяляне-арандатары
Свае вялізныя ўладанні памешчык асобнымі надзеламі здаваў у арэнду сялянам з навакольных вёсак.Напрыклад, 3 верасня 1898 г. ён заключыў дамову з жыхаром Вялікіх Суток Іванам Іванавічам Каралёвым. Памешчык прадаставіў яму ў карыстанне два ўчасткі зямлі ў дачы Буі маёнтка Лёзна. Іх агульная плошча складала 12 дзесяцін, а тэрмін арэнды – 12 гадоў: з 23 красавіка 1899 г. да 23 красавіка 1911 г. Першыя 2 гады селянін мусіў займацца расчысткай зямлі і памешчыку нічога плаціць быў не павінен. У трэці год арэнды плата складала 13 рублёў, чацвёрты – 26 рублёў, а астатнія 8 гадоў – па 39 рублёў. На працягу кожнага года селянін мусіў рабіць два плацяжы роўнымі часткамі: 23 красавіка і 23 верасня. Якую зямлю выкарыстоўваць пад ворыва, а якую – пад сенакос, вырашаў памешчык. Расчыстку ўсёй тэрыторыі І.І. Каралёў павінен быў завяршыць на працягу 3-х гадоў і абавязваўся не дапускаць яе зарастання хмызнякамі і лесам увесь тэрмін арэнды, затое ўсе выкарчаваныя дрэвы і кустоўі селянін мог выкарыстоўваць паводле ўласнага жадання.
Без дазволу М.Д. Хлюсціна селянін не мог пускаць на гэты надзел жывёлу іншых сялян для выпасу, як не мог і арганізоўваць якіясьці прадпрыемствы, капаць вялікія яміны, здабываць гліну, пясок і т.п. Апроч таго, І.І. Каралёў быў абавязаны сачыць за захаванасцю межавых знакаў.
Калі арандатар не выканаў бы нейкі з пунктаў дамовы, то яна адразу ж губляла сваю моц, і больш таго, парушальнік абавязаны быў заплаціць 50 рублёў штрафу. Калі ж на працягу ўсяго тэрміну арэнды на селяніна не было нараканняў, ён меў перавагу сярод іншых на заключэнне новай дамовы.
Відаць, І.І. Каралёў старанна выконваў усе патрабаванні, прапісаныя ў дамове, бо карыстаўся гэтай зямлёй аж да рэвалюцыі 1917 г.
Царкоўная дабрачыннасць
Памешчык адзначыўся не толькі сваімі агромністымі ўладаннямі, але і актыўнай падтрымкай праваслаўнай абшчыны. М.Д. Хлюсцін з’яўляўся сябрам Магілёўскага праваслаўнага Багаяўленскага брацтва, мэтай якога было духоўнае асветніцтва і дапамога праваслаўным вернікам.
Што непасрэдна да Лёзна, то памешчык займаў пасаду старасты местачковай Свята-Узнесенскай царквы (можна меркаваць, што пасада гэтая была ганаровай). 31 кастрычніка 1895 г. за клопаты пра будаўніцтва металічнай агароджы вакол царквы і рамонт храма ён нават атрымаў удзячнасць ад епіскапа. У 1899 г. М.Д. Хлюсцін ужо з’яўляўся старшынёй царкоўна-прыходскага апякунскага савета. Паколькі грошай савету пастаянна не хапала, землеўладальнік нярэдка вылучаў асабістыя сродкі на царкоўныя справы. Напрыклад, у тым жа 1899 г. ён ахвяраваў 2000 рублёў на добраўладкаванне лёзненскай царквы (відаць, сума гэта была нямалая, параўнаць яе хаця б з арэнднай платай сялян за зямлю!).
Адметна, што менавіта ў доме сям’і Хлюсціных спыніўся на начлег епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі пад час свайго падарожжа па храмах епархіі ў 1899 г.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.
Новай уладзе памешчык перадаваў сваю маёмасць паступова. 21 лістапада 1917 г. службоўцы Лёзненскага валаснога выканкама апісалі жывёлу з маёнтка Адаменкі: 37 коней, 71 карову, 12 авечак, 23 свінні. Праўда, пры паўторным уліку жыўнасці 20 студзеня 1918 г. тут аказалася 91 асобіна буйной рагатай жывёлы, 13 авечак і 43 кані.
10 снежня 1917 г. М.Д. Хлюсцін перадаў зямельнаму камітэту Лёзненскага валаснога выканкама нерухомую маёмасць. Непасрэдна ў мястэчку Лёзна знаходзілася 7 будынкаў, у тым ліку двухпавярховы дом з зашклёнымі верандамі і два млыны – вадзяны і паравы з ваўначоскай і сукнавальняй. У Адаменках жа налічвалася 48 жылых і гаспадарчых пабудоў. Засталося ў маёнтку даволі шмат розных сельскагаспадарчых, кавальскіх і фурманскіх прылад.
У маёнтку працягвалі жыць сем’і былых памешчыцкіх работнікаў: усяго налічвалася 53 сям’і і адзінока пражываючых асоб. Так, у студзені 1918 г. тут знаходзілі сабе прытулак сям’я рабочага Аляксея Турка (яму на той час было 42 гады), вартаўніка парка Мікалая Паўлоўскага (60 гадоў), лесніка Хрытона Лебедзева (48 гадоў), аканома Івана Шмідта (50 гадоў), сакратара Аляксея Лукашова (50 гадоў), садоўніка Пятра Іасафатава (51 год) і іншыя работнікі, а таксама 6 ваеннапалонных аўстрыйцаў. Як вынікае з архіўных дакументаў, у гэты час у маёнтку знаходзіўся і сам памешчык, якому на той момант было 55 гадоў, а таксама яго 22-гадовы сын Міхаіл.
У снежні 1918 г. у Адаменкі прыбыла камісія са службоўцаў зямельнага аддзела Аршанскага павятовага выканкама, Лёзненскага валасного выканкама і камітэта рабочых (яны збіраліся апісаць мэблю, якая засталася ў маёнтку). Аказалася, што амаль уся наяўная мэбля знаходзілася ў разабраным выглядзе, частка яе ўжо была вывезена ў зямельны аддзел Аршанскага павятвыканкама. Многія замкі ў шафах былі папсаваны сякерамі і долатамі. Пасля таго, як памешчык пакінуў маёнтак, сядзібны дом быў апячатаны, што тым не менш, не перашкодзіла невядомым асобам пранікнуць туды і вывезці некаторую маёмасць. Рабочыя, якія працягвалі жыць у маёнтку, сцвярджалі, што гэта былі службоўцы Аршанскага павятовага выканкама, якія наведваліся ў сядзібны дом даволі часта і пры кожным ад’ездзе вывозілі адтуль нейкія пакункі. Паводле словаў тых жа рабочых, пры памешчыку ў Адаменках была багатая калекцыя дарагіх рэчаў і бібліятэка. Праўда, у снежні 1918 г. камісія не знайшла ніякіх дарагіх твораў мастацтва, а бібліятэка знаходзілася ў разрабаваным стане. Затое знайшоўся металічны сейф, які нікому так і не ўдалося адкрыць, і безліч бітага посуду з шыкоўных сервізаў. Нягледзячы на рабункі, да снежня 1918 г. у Адаменках засталося больш за сотню прадметаў рознай мэблі.Дарэчы, пры далейшых пошуках у сядзібным доме ўсё ж былі знойдзены карціны, намаляваныя прыкладна ў 1830-я гг.
На той час агульная плошча маёнтка дасягала 4152 дзесяціны, з якіх 8 было пад сядзібай і рознымі пабудовамі, 4 – пад агародам, 31 – пад садам, 20 – пад паркам, 250 – пад ворывам. Лугавыя землі былі непасрэдна ў ваколіцах Лёзна, а таксама ў Разумове, Матушове і Буях (усяго – 687 дзесяцін). Землі маёнтка ў ваколіцах Дуброўкі, Пунішча, Слабады, Цітовічаў, Шахоў плошчай 177 дзесяцін былі здадзены ў арэнду.
Французскія раманы і рускія часопісы
Прайшоў амаль год, і мясцовыя ўлады ўзгадалі пра бібліятэку М.Д. Хлюсціна. 29 лістапада 1919 г. аддзел асветы Віцебскага губернскага выканкама пастанавіў накіраваць аднаго са сваіх службоўцаў у Адаменкі, каб вывезці адтуль кнігі былога памешчыка. Агляд бібліятэкі адбыўся у пачатку снежня 1919 г.: аказалася, што выданні там пераважна на замежных мовах, таму ва ўстановах Лёзненскай воласці яны наўрад ці спатрэбіліся б. Вырашана было перадаць іх у губернскую бібліятэку. Вывезлі б іх і раней, але губернскі рэвалюцыйны камітэт не дазваляў зрабіць гэтага, пакуль не былі складзены вопісы кніг. З гэтай місіяй у Адаменкі быў накіраваны ўсё той жа службовец аддзела асветы: ён пабываў у маёнтку 10 студзеня 1920 г. Аказалася, што да гэтага часу бібліятэка М.Д. Хлюсціна была зусім разрабавана. Ацалелі ў асноўным толькі камплекты рускамоўных часопісаў за некаторыя гады. У прыватнасці, «Веснік Еўропы» за 1895-1897 гг., «Гістарычны веснік» за 1897-1904 гг., «Прырода і паляванне» за 1889, 1899 гг. і інш. 17 студзеня 1920 г. яны былі здадзены аддзелу адукацыі Лёзненскага валаснога выканкама для размеркавання паміж бібліятэкамі. Засталося яшчэ каля 950 тамоў раманаў розных французскіх аўтараў, сярод якіх былі выданні XVIII стагоддзя. Паколькі было вырашана, што гэтая частка бібліятэкі не ўяўляе асаблівай каштоўнасці, яе перадалі на часовае захоўванне ў Лёзненскі валвыканкам – з перспектывай далейшага перавозу ў Віцебск.
На фотаздымках 2012 г. – адзін з гаспадарчых будынкаў у колішнім маёнтку Адаменкі.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
