Мерапрыемства прайшло ў парку мікрараёна “Школьны”, дзе да прыёму творчых дэлегацый, а гэта прадстаўнікі 13 раёнаў Прыдзвінскага краю, а таксама суседняй Рудні Смаленскай вобласці, старанна падрыхтаваліся работнікі культуры. Брэнд раёна – сунічка – быў так шырока прадстаўлены ў дэкоры і выстаўках, што здавалася, нібы водар гэтай ягады адчуваецца ў паветры. Але, верагодна, так яно і было. На «Паляне гасціннасці», якая размясцілася адразу за «глядзельнай залай», сумеснымі намаганнямі работнікаў сельскіх устаноў культуры былі накрыты шчодрыя сталы разнасоламі і разнастайнымі стравамі з суніцамі або ўпрыгожаных імі.

І тут, побач са шкваркамі і дранікамі, якія смажылі на пнях, кашай і юшкай, што варыліся ў «буржуйках”, гатавалася варэнне «Сунічная фантазія». У яго складзе, акрамя іншых ягад, і была тая самая сунічка, водар якой разносіўся па парку.

А ўздоўж дарожкі раскінуліся шматлікія выстаўкі творчых работ, распісаных на ягадную тэматыку. Працавалі тры майстар-класы. Наведвальнікам свята прапаноўвалася зрабіць разам са спецыялістам лялькі- абярэгі з тэкстылю, ільну –“Многоручка”, “Желанница”, “На здоровье”, а таксама свістулькі з гліны, што дзіцячая аўдыторыя рабіла ахвотна і з задавальненнем.
Упершыню была аформлена вялікая выстава традыцыйных лялек-абярэгаў. Побач працавала кропка бодзі-арту па роспісе на целе, які за апошні час стаў вельмі папулярным сярод дзяцей. На сунічнай паляне, дзе гаспадарылі работнікі бібліятэк, як заўсёды прапаноўвалася прадэгуставаць духмяную травяную гарбату “Наслаждение”, пачаставацца прысмакамі і печывам, згатаванымі працавітымі рукамі гасцінных гаспадынь, пазнаёміцца з творчасцю мясцовых самадзейных паэтаў, а таксама паўдзельнічаць у розыгрышы латарэі з асноўным прызам – травяным зборам для гарбаты.


Найбольшае месца ў парку займала раённая выстаўка-конкурс лялькі і цацкі. Сваёй яркасцю яна прыцягвала ўвагу. На ёй было прадстаўлена 82 экспанаты: ад маленькіх свістулек да вялізных садовых скульптур. І зроблены яны з рознага матэрыялу. Гэта работы асобных майстроў, калектываў (культработнікаў, выхаванцаў устаноў адукацыі), а таксама звычайных жыхароў раёна. Свой голас аддаць за экспанат, які спадабаўся, прапаноўвалі і наведвальнікам выстаўкі.

Крыху воддаль працавалі кропкі грамадскага харчавання і атракцыёны.


На сцэну выходзілі і прызнаныя аўтары, якія публікаваліся і былі ўдзельнікамі розных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, і тыя, хто ўпершыню выносіў сваю творчасць на суд слухачоў і журы. Сярод іх удзельнікі клубаў самадзейных паэтаў “Натхненне” (Расоны), народнага “Муза”, аматарскага аб’яднання “Жывое слова” (Ушачы), народнага літаратурна-музычнага аб‘яднання “Выток” (Лепель), “Літаратурны каўчэг” (Полацк) , аўтарскай песні “Акцэнт” і інш.
Усе гэтыя таленавітыя і захопленыя людзі выбіраюць мноства тэм для сваёй творчасці. Але на свяце больш за ўсё гучалі словы прызнання ў любові да свайго роднага краю, паслухаўшы якія хочацца паехаць у названыя месцы і ўбачыць усю пералічаную прыгажосць сваімі вачыма. І, канечне, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі гучала шмат вершаў, прысвечаных вайне і яе трагічнай ролі ў жыцці ўсяго народа і лёсе канкрэтнага чалавека.
Лёзненская творчая каманда была самая вялікая: Віктар Пятроў, Руслан Кузняцоў, Таццяна Макалевіч, Сяргей Агееў, Ірына Тамковіч , а таксама дэбютант гэтага года -Вадзім Якубоўскі. Ён разам з А. Куліковай праспяваў лірычную песню, напісанную ім на словы А. Таркоўскага. Яе высока ацаніў В. І. Шавякоў.
Як только адгучалі апошнія вершаваныя радкі і песні, былі падведзены першыя вынікі свята. Дырэктар Дома рамёстваў назвала пераможцаў конкурсу лялек і цацак. Імі сталі РЦК (у намінацыі “Сунічная прыгажуня”), Г. Канцыял (“Сувенірная аўтарская лялька”), І. Варона (“Народная лялька з прыроднага матэрыялу”), І. Паддубская (“Творчы дэбют”), аматарскае аб’яднанне “Купалінка” (“Лепшая калекцыя традыцыйных лялек”), Г. Яблонская (“Народная лялька з тэкстылю”). Асабістымі дыпломамі былі адзначаны садовыя скульптурныя кампазіцыі А. Талкачова, работы І. Атрошчанкі і калекцыя лялек Цэнтра дзяцей і моладзі.



Пасля ўручэння ўзнагарод свята працягвалася. Яшчэ некалькі гадзін самадзейныя артысты раёна дарылі слухачам музыку і добры настрой. Скончыўся гэты ўрачысты дзень святочным феерверкам.








