У 1924 г. у Беларусі змяніўся адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: замест губерняў, паветаў і валасцей з’явіліся акругі, раёны і сельсаветы. 17 ліпеня разам з іншымі быў утвораны і Лёзненскі раён. Што ж ён уяўляў сабой у пачатку свайго існавання?
Плошча раёна складала каля 500 кв. км., і на гэтай тэрыторыі налічвалася 7 032 двары, у якіх пражывала 38 892 чалавекі.
Увесь раён падзяляўся на 10 сельсаветаў: Барсееўскі, Веляшкоўскі, Дабрамыслянскі, Емельяноўскі, Замшынскі, Калышанскі, Лёзненскі, Сутоцкі, Унаўскі і Чарніцкі. Натуральна, самым густанаселеным з іх быў Лёзненскі: у адным толькі раённым цэнтры налічвалася 2 632 местачкоўцы, а ўсяго ў сельсавеце – 4 868 жыхароў. На другім месцы знаходзіўся Дабрамыслянскі з 4 546 жыхарамі, а на трэцім – Калышанскі з 4 350 местачкоўцамі і сялянамі. Самым жа малалюдным з’яўляўся Замшынскі сельсавет: тут налічвалася 2 562 чалавекі.

Па тэрыторыі раёна праходзіла некалькі буйных дарог: шашэйная з Віцебска на Смаленск і грунтавыя, якія звязвалі Лёзна з Янавічамі, Калышкамі, Любавічамі і Оршай (праз Дабрамыслі і Бабінавічы). Быў у райцэнтры і тэлеграф, дзякуючы якому мелася сувязь з Віцебскам і Смаленскам.
На тэрыторыі Лёзненскага раёна дзейнічала 12 млыноў: 4 ветраных (у Скуграве, Міхалінаве, Торпаве і Ніканаве), 4 вадзяных (у Завольшы, Нізах, Станіславове і Касмачах), 2 нафта-вадзяных (у Палёнаўцы і Чарніцах),1 паравы (у Лёзне) і1 газа-генератарны (у Глоданках). Усе яны былі драўлянымі, акрамя каменна-драўлянага ў Чарніцах і каменнага ў Лёзне. Больш за ўсё рабочых мелася на Палёнаўскім млыне – 3 чалавекі, а на астатніх – 1 ці 2, але абсталяванне паўсюль было старое і дрэннае.
Дзяржаўны гандаль быў прадстаўлены васьмю спажывецкімі кааператыўнымі таварыствамі, якія аб’ядноўвалі каля 10 тыс. чалавек – ледзьве не чвэрць насельніцтва раёна. Быў і прыватны гандаль: два кірмашы (у Лёзне і Калышках) ды каля 60 крам.
Большасць медыцынскіх і ветэрынарных устаноў раёна была сканцэнтравана ў Лёзне: бальніца, аптэка і ветпункт (апроч іх мелася яшчэ два фельчары, якія займаліся прыватнай практыкай). Яшчэ былі дом адпачынку ў Завольшы і туберкулёзны санаторый “Чарніца”.
На тэрыторыі раёна дзейнічала 36 школ: усе – пяцігодкі і толькі адна дзевяцігодка. У гэты час на ўвесь Лёзненскі раён было 3 хаты-чытальні, 3 клубы і 2 бібліятэкі, і ўсе яны знаходзіліся ў Лёзне, Дабрамыслях, Калышках і Веляшковічах.
Грамадскія арганізацыі на Лёзненшчыне ў 1924 г. практычна не дзейнічалі. Было толькі Грамадства сяброў паветранага флота, якое ўтварылася амаль адначасова з раёнам, і нешматлікая – чалавек на 100-120 – ячэйка Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі.
За 94 гады паміж колішнім і сучасным Лёзненскім раёнам назбіралася шмат адрозненняў. Напрыклад, яго плошча ўзрасла да 1,4 тыс. кв. км., а насельніцтва наадварот скарацілася да 16 тыс. чалавек.
Канстанцін КАРПЕКІН,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
