Толькі ў нас, на Лёзненшчыне, існуе добрая традыцыя – штогод адзначаць святы населеных пунктаў. Нават калі гэта зусім малая вёсачка, дзе жыве ўсяго два ці тры гаспадара. А калі гэта цэлы аграгарадок, то свята ладзіцца з шырокім размахам, так, як гэта адбылося ў мінулую суботу ў Веляшковічах.

Нават сёлятнее лета, шчодрае на дажджы, у гэты дзень падарыла цудоўнае сонечнае надвор’е. Цэнтрам прыгцягнення вяскоўцаў і шматлікіх гасцей стала пляцоўка каля мясцовага Дома культуры. Яшчэ зранку вяліся актыўныя падрыхтоўчыя работы: надувалася дзіцячая горка, устанаўліваліся святочныя банеры, развешваліся паветраныя шары, правяралася апаратура, ладзілася фотазона ў этнаграфічным стылі. Валянціна Шаракова і Надзея Зайцава выцягвалі з духоўкі падрумяненыя піражкі ды пончыкі, сервіравалі стол з разнастайнымі пірагамі, блінчыкамі, трубачкамі ды напоямі прадстаўнікі школы на чале з яе дырэктарам Святланай Саладковай, смажылі шашлыкі працаўнікі ААТ «Рубяжніца». З’язджаліся з сувенірамі майстры Дома рамёстваў і артысты сектара несацыянарнага абслугоўвання насельніцтва з яе кіраўніком Галінай Гузавай, спяшаўся старшыня сельсавета Яўген Боршч. Нарэшце паплылі, загучалі на ўсю акругу мажорныя акорды, збіраўся народ, і свята пачалося!

Адкрыў яго жартоўнай пастаноўкай бабскі батальён пад кіраўніцтвам Якава Аляксандравіча (Аляксандр Усцінаў) са знакамітага фільма «Вяселле ў Малінаўцы». У гэты дзень у Веляшковічах з’явілася незвычайнае дрэва Славы. На яго галінках заіскрыліся зорачкі ў гонар людзей, якія сваёй добрасумленнай працай уносяць вялікі ўклад у працвітанне роднага краю. У намінацыі «Справа майстра баіцца» ўладальнікамі зорак сталі механізатар Дзмітрый Ліпаўка і школьны бібліятэкар Валянціна Траян, у намінацыі «Слава жыватнаводам» – Мікалай Юпатаў. За «Вернасць прафесіі» адзначаны выхавацель дзіцячага сада Любоў Волкава, медсястра Людміла Красавіна, старэйшая санітарка Алена Цітова. Зорка за «Натхненне» ўручана настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяне Баравіковай, за «Здароўе» – медыцынскай сястры Алене Ляпінай. Асаблівая зорка пад назвай «Доблесць» дасталася Уладзіславу Марынкіну, які нядаўна вярнуўся са службы ў арміі.

Кіраўнік сельвыканкама Яўген Боршч павіншаваў вяскоўцаў са святам, падвёў вынікі штогадовага конкурса-агляду на ўзорны падворак і ўручыў падзякі сем’ям Галіны і Сяргея Дабраковых, Алене і Дзмітрыю Ліпаўка, Людміле і Яўгену Красавіным, Аляксею і Наталлі Коцікавым, Ніне і Сяргею Кошчанка, Тамары і Мікалаю Клубнікаву. Акрамя таго, Яўген Васільевіч па просьбе раённай ветэранскай арганізацыі перадаў Мікалаю Пятровічу яшчэ адну падзяку як старшыні пярвічнай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Веляшковічскага сельскага савета – за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху.

У гэты дзень віншаванне з нагоды юбілеяў прымалі жыхары аграгарадка, якім сёлета спаўняецца 50, 60, 70 і 75 гадоў.

Ягор Анішчанка, намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры:
– У сувязі з прафесійнай дзейнасцю ў Веляшковічах бываю часта. Свята аграгарадка тут заўсёды праходзіць на высокім узроўні. І таму людзі з задавальненнем прыходзяць на самае галоўнае мерапрыемства года. Прыемна, што прыязджаюць дзеці і ўнукі, якія даўно ўладкаваліся ў розных гарадах. А тут маюць цудоўную магчымасць пабачыцца, падзяліцца навінамі. На гэты раз жадаючых добра правесці першую суботу жніўня аказалася як ніколі шмат, напэўна, каля двухсот чалавек. І гэта вельмі добра! Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі тым, хто мае дачыненне да правядзення свята і хто проста прыйшоў у якасці гледача. Таму што, акрамя працы, у жыцці кожнага чалавека павенен быць добры настрой, добрая песня і добрае надвор’е на душы!

Гучала музыка, дзеці скакалі на горцы, падстаўлялі шчочкі мастаку Дома рамёстваў Лізавеце Весяловай для бодзі-арт, зачаравана разглядалі маляванкі і сувеніры, задаючы мноства пытанняў майстру Алене Шляхтавай, смакавалі салодкую вату, пап-корн і напоі, а над натоўпам вяскоўцаў спрабавалі сілы ў першым палёце малодзенькія буслы. Сімвалічна, што якраз у гэты момант на сцэну былі запрошаны дзеці, якія 1 верасня першы раз сядуць за парты. Гэта Паліна Дземянкова, Серафім Коцікаў, Уладзіслаў Калашнікаў і Валерыя Жагурына. Будучых першакласнікаў ад імя грамадскай арганізацыі «Белая Русь» павіншавала Галіна Гузава і ўручыла падарункі са школьнымі прыладамі. Таксама Галіна Барысаўна ўручыла падзякі сектара культуры райвыканкама працаўнікам Дома культуры аг. Веляшковічы Зінаідзе Кузьміной, Вользе Савіцкай і Сцяпану Мехаву за актыўную дапамогу аўтаклубу ў правядзенні святаў вёсак.

Мясцовыя майстры сцэны, любімыя і паважаныя аднавяскоўцамі і добра вядомыя ў раёне, на гэты раз шчыравалі ў родных Веляшковічах. «Цыганская венгерка» і «Полька-весялуха» прагучалі ў выкананні дуэта баяністаў Сцяпана Мехава і Андрэя Васіленкі. Добрыя песні ў падарунак сяльчанам дарылі Вольга Савіцкая, Зінаіда Кузьміна, Лізавета Сакалоўская, Кацярына Пержаніца, Наталля Маісеенка.Акрамя мясцовых артыстаў, на свята былі запрошаны спевакі з Лёзна і Пушкоў. Гэта саліст з веляшковіцкімі каранямі Аляксандр Шашкоў, юнае дараванне Віктар Бондараў, лёзненская «Ваенга» Аляксандра Кірылава, Алег Назараў.

Свята аграгарадка прадоўжылася дыскатэкай і скончылася апоўначы. А назаўтра раніцай вяскоўцы ўзяліся за паўсядзённыя сялянскія клопаты, бо жыццё працягваецца, а лайдакоў на веляшковіцкай зямлі (як адзначыў Я.В. Боршч) ніколі не было і не будзе!

Вольга Пінчук.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости