Ад насценнай газеты і лёзненскай «раёнкі» да ўласнага карэспандэнта БелТА-ТАСС: такім атрымаўся творчы шлях простага вясковага хлопца Сцяпана Шаіркі.
Сцяпана Шаірку называлі адным з патрыярхаў беларускай журналістыкі. Яго характарызавалі як таленавітага, добрага, прыстойнага чалавека. А нарадзіўся ён 23 жніўня 1916 года у простай сялянскай сям’і на Лёзненшчыне. Яго роднай вёскі Альшуціна даўно ўжо няма на карце раёна. З юначых гадоў Сцяпан Нічыпаравіч гарэў высакародным жаданнем друкавацца і ствараць сабе імя. Быў сельскім карэспандэнтам, рэдагаваў насценную газету «Бязбожнік». Журналісцкую працу пачаў у калектыве лёзненскай раённай газеты, а ў 1935 годзе быў запрошаны ў рэдакцыю гарадской газеты «Віцебскі пралетарый».
У лістападзе 1937 года ён быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Большая яе частка прайшла ў часцях Забайкальскай ваеннай акругі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны служыў літаратурным супрацоўнікам, намеснікам рэдактара, затым рэдактарам дывізійнай газеты. У сакавіку 1946 года ў званні маёра быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Беларусь.
Лёзненец працаваў карэспандэнтам рэспубліканскіх газет «Звязда», «Савецкі селянін» (пазней выходзіла на рускай мове пад назваю «Колхозная правда»). Шмат гадоў аддаў працы на пасадзе ўласнага карэспандэнта БелТА-ТАСС па Віцебскай вобласці. У 1976 годзе выйшаў на пенсію, але сувязі з прафесіяй не перарваў.
Сцяпан Нічыпаравіч пабываў у многіх рэгіёнах Савецкага Саюза. Яго дарожныя нататкі друкаваліся ў абласной газеце «Віцебскі рабочы» пад рубрыкай «Мая Радзіма – СССР». Аўтара запомнілі і па іншых артыкулах, карэспандэнцыях, нарысах, інтэрв’ю. На яго выступленні ў друку неаднаразова прыходзілі жывыя водгукі. Не стала нашага земляка 10 снежня 2003 года.
Автор: Канстанцін ГАЙДУКОЎ, краязнаўца. Фота прадастаўлена аўтарам.
