У суботу, 7 лютага, у раённым цэнтры дзяцей і моладзі адбыўся самы сапраўдны баль! Дамы, апранутыя ў сукенкі з крыналінамі, і кавалеры ў смокінгах кружыліся ў вальсе, выконвалі фігуры менуэту, абменьваліся свецкімі навінамі і інтрыгавалі. Так прайшла сустрэча ўдзельнікаў тэатра «Роздум», які дзейнічае на базе ДУДА «Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі» з юнымі карэспандэнтамі нашага ЦДіМ.
Бываюць мімалётныя сустрэчы, якія потым маюць свой працяг. Гэта пра маё неспадзяванае знаёмства ў апошні дзень знаходжання на курсах павышэння кваліфікацыі ў кастрычніку мінулага года з цікавым чалавекам, сапраўдным фанатам сваёй справы – Маргарытай Івановай.
Яна заснавала аўтарскі тэатр «Роздум» 25 гадоў таму назад, калі працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, выкладала таксама сусветную мастацкую культуру ў віцебскай школе №42 імя Данііла Райцава. І вось ужо чацвёрты год «Роздум» дзейнічае на базе ДУДА «Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі». Кіраўнік аб’яднання згуртавала вакол сябе зацікаўленых маладых віцяблян. Сярод іх навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў і студэнты. У вольны час, па выхадных яны спяшаюцца на заняткі да свайго педагога дадатковай адукацыі, шмат рэпетыруюць і гастралююць. Двойчы давалі спектаклі ў Залессі ў Музеі-сядзібе М.К. Агінскага.
У сярэдзіне студзеня «роздумцы» запрасілі нашых юнкораў на спектакль-замалёўку «Званы вечар у генерал-губернатаршы Соф’і Пятроўны Галіцынай» з жыцця губернскага Віцебска 19 стагоддзя. Але сустрэчы тады не атрымалася, і вось нарэшце мы дачакаліся: 7 лютага сябры прыехалі да нас самі і прадстаўленне адбылося ў нашым цэнтры дзяцей і моладзі.
Імерсійны спектакль пачаўся з пераўвасаблення звычайных сучаснікаў, калі яны праходзілі праз своеасаблівую раму часу, у тытулаваных прадстаўнікоў дваранства, гістарычных асоб 19 стагоддзя. А наша канцэртная зала стала палацам генерал-губернатара князя Андрэя Галіцына (у ролі Міхаіл Дзямчук) і яго жонкі княгіні Соф’і (Ксенія Друнчанка).
Губернатарша была жанчынай дзейнай і прадпрымальнай. Яна ў свой час літаральна ўзбударажыла свецкае і культурнае жыццё горада. За прыхільнасць да яркіх колераў і некаторай ўрачыстасці ў зносінах Соф’ю Пятроўну ў свеце называлі «Баграніца», а за любоў да хатніх спектакляў, загарадных пікнікоў і свецкіх раўтаў – «Прамудрасць свет-Пятроўна». У перыяд губернатарства яе мужа княгіня актыўна займалася дабрачыннасцю, апекавала дзіцячы прытулак для дзяўчынак, устройвала лёсы яго выхаванак. Гісторыю выхаванкі Ганны Грэбніцкай і паручыка ў адстаўцы Аляксандра Рудніцкага і распавялі акцёры «Роздума».
У чароўнай раме адлюстраваліся таксама нашы актыўныя юнкоры Эльнура Екубава (княжна Марыя Мяшчэрская), Ксюша Сухіх (княжна Ксенія Сташэўская) і нашы дарослыя госці з літаб’яднання «Пад абажурам» Вольга Пячонава, Алена Бахмацкая, Святлана Саладкова (графіня Храпавіцкая з дочкамі).
Званы вечар працягваўся больш за гадзіну, і ўсе прысутныя пражылі гэты час у далёкім мінулым, пранікліся атмасферай прыгожага мастацтва, вытанчаных манер, сталі сведкамі няпростых узаемаадносін, чалавечых пачуццяў, свецкіх інтрыг, перасудаў.
І быў сапраўдны баль! Музыка, танцы, шолах сукенак са шлейфамі і крыналінамі, прыгожыя прычоскі дам, кавалеры ў элегантных касцюмах з гальштукамі-матылькамі. У цэнтры ўвагі – пара выхаванкі Ганны Грэбніцкай (Вікторыя Будкевіч) і карцёжніка Аляксандра Рудніцкага (Данііл Халецкі). У іншых ролях былі занятыя: паэт Мікалай Языкаў (Яўген Завадскі), дамы (Мірра Казакевіч, Марыя Ткачэнка, Дар’я Дубавец), кавалеры (Тэадор Цымерманіс, Георгій Гладкоў, Дзмітрый Вашнеўскі, Сяргей Баршчоў).
На працягу вечара гледачы пабачылі прыгожы танец – французскі менуэт, які быў вельмі папулярны на той час. Перад вачыма паўсталі іншыя свецкія забавы: разыгрывалі фанты, паказвалі жывыя карцінкі, прагучаў верш М. Языкава, прысвечаны княгіне Соф’і Пятроўне, оперную арыю выканаў Сяргей Баршчоў, Алена Бахмацкая прачытала верш Вольгі Пячонавай «Едет Пушкин в почтовой карете». У гульні «Ручаёк» прынялі ўдзел усе жадаючыя, нават самыя малодшыя з удзельнікаў аб’яднанняў нашага цэнтра. У заключэнне балю – яго вялікасць агульны вальс! Адчуванне лёгкасці, узнёсласці, палёту над звычайнасцю! Мерапрыемства пакінула добрыя эмоцыі, святочны настрой, яркія ўражанні, якія застануцца вельмі надоўга.
Пасля спектакля адбылася цёплая размова за круглым сталом, якая дазволіла бліжэй пазнаёміцца з маладымі акцёрамі. Яны падзяліліся сваімі марамі і новымі задумкамі.
Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць апантанаму тэатралу- кіраўніку Маргарыце Івановай і ўсяму калектыву тэатра «Роздум», пажадаць ім творчых поспехаў, здароў’я і здзяйснення мар.
Асобная ўдзячнасць дырэктару ДУДА «Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі» Дзмітрыю Андрэеву, дзякуючы дапамозе якога адбыліся гэта паездка і наша творчая сустрэча.
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Аўтар: Таццяна ІГНАЦЕНКА. Фота Алены РАТНЁВАЙ.
