У красавіку 1915 г. жыхарка Смаленска Ганна Акінфіеўна Прус-Жукоўская пазычыла ў Зінаіды Уладзіславаўны Разантоўскай з Масквы 6 тыс. рублёў на 5 гадоў пад 8%, а ў якасці гарантыі вяртання доўгу заклала сваю зямлю ў Белым Бары і Горбаве плошчай 63 дзесяціны. Праўда, доўг памешчыца аддаць так і не паспела, бо здарылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, і ў хуткім часе яе маёнтак аказаўся ў распараджэнні сялян.

Сядзібны дом у Белым Бары быў, не сказаць, каб асабліва шыкоўны: аднапавярховы, драўляны на каменным падмурку, крыты драніцамі. Яго даўжыня складала 13,5 м, шырыня – 7 м, вышыня ад падлогі да столі – амаль 3 м. Дом складаўся з двух жылых пакояў (7 на 7 і 7 на 6 метраў), кладоўкі і калідора. У сядзібе мелася 10 вокнаў з зімнімі рамамі, дашчаты ганак, двое ўваходных дзвярэй. Ацяпляўся будынак рускай і галандскай печкамі, а таксама жалезнай печкай-«буржуйкай».
З 1919 г. у былым памешчыцкім доме размясціўся Горбаўскі дапаможны паштовы пункт, а з восені 1920 г. пачалася праца па адкрыцці школы для дзяцей жыхароў в. Горбава і прылеглых тэрыторый. Супрацоўнікі аддзела народнай адукацыі Дабрамыслянскага валвыканкама выказалі меркаванне, што школу можна было б размясціць у сядзібным доме былога маёнтка Белы Бор. Там змаглі б вучыцца ад 40 да 50 вучняў, знайшлося б памяшканне і для настаўніка. Хаця сяляне сцвярджалі, што ім зручна карыстацца паштовымі аддзяленнямі ў м. Дабрамыслі ці ў м. Бабінавічы, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне пакінуць ў згаданым сядзібным доме пошту.
І ўсё ж праз год – 1 кастрычніка 1921 г. – у Белым Бары была адкрыта Горбаўская руская адзіная працоўная школа І ступені.
Прайшло колькі часу, і на гэты будынак сталі прэтэндаваць двое сялян. З 1914 г. яны арандавалі 33,5 дзесяціны зямлі, жылы флігель з 3 пакояў і надворныя пабудовы, пра што яны прадаставілі адпаведны дакумент. Як удалося ўстанавіць намесніку старшыні Дабрамыслянскага валвыканкама, паводле дамовы арэнды, сядзібны дом і карэтны сарай памешчыкі Прус-Жукоўскія ў свой час пакінулі за сабой. Службовец зрабіў выснову, што будынак былога сядзібнага дома павінен належыць школе, а не прыватным асобам, і склаў акт агляду былога маёнтка, на якім паставіў дату – 6 студзеня 1924 г.
Тым не менш, сяляне вырашылі дабівацца свайго: 9 лютага 1924 г. яны падалі скаргу пра тое, што супрацоўнікі валвыканкама акт агляду будынка склалі фармальна, без выезду на мясцовасць, што яны ўвайшлі ў змову са школьным работнікам, бо той быў зацікаўлены ў пражыванні ў будынку школы і ў карыстанні зямлёй былога маёнтка.
Ужо на першым допыце – 15 лютага 1924 г. – сакратар Дабрамыслянскага валвыканкама пацвердзіў, што падпісаў акт без выезду на мясцовасць. Другі допыт адбыўся 8 мая 1924 г.: цяпер ужо былы сакратар валвыканкама паведаміў, што адзін з пакрыўджаных сялян да рэвалюцыі пражываў у сядзібным доме. Затым у доме размясцілася школа, і ў гэты ж дом падсяліўся школьны работнік, з-за чаго і ўзніклі спрэчкі.
12 мая 1924 г. быў апытаны былы намеснік старшыні валвыканкама. Ён не прызнаў сябе вінаватым, але пацвердзіў, што акт быў складзены без выезда ў Белы Бор, хаця ў акт былі ўнесены звесткі, якія адпавядалі рэчаіснасці. Усе асобы, якія падпісалі акт, ведалі пра дом і зацвердзілі дакумент цалкам дабраахвотна. Сам намеснік старшыні не выязджаў у былы маёнтак, бо быў вельмі заняты на працы (у гэты час старшыня валвыканкама як раз знаходзіўся ў адпачынку). У заключэнне ён зазначыў, што ўся справа ўзнікла паводле ініцыятывы былога сакратара валвыканкама, які ў свой час быў зволены намеснікам старшыні – тым самым сакратар жадаў адпомсціць за звальненне.
Іншыя фігуранты злачынства яшчэ больш заблытвалі следчага: сакратар Горбаўскага райсавета сказаў, што падпісаў акт пад прымусам службоўцаў валвыканкама, а трое сялян, якія выступалі панятымі і таксама падпісалі акт, сваю віну не прызнавалі.
Допыты цягнуліся да чэрвеня 1924 г., і нягледзячы на тое, што суд прызнаў супрацоўнікаў валвыканкама вінаватымі, будынак памешчыцкага сядзібнага дома так і застаўся за школай.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
/Фота аўтара/
Чытайце таксама:
Матэўш Агінскі і яго Матэўшава
Вінаградныя смаўжы на беразе Рубяжніцы, альбо Летапіс маёнтка Станіславова
