Ідэя адраджэння гістарычных аб’ектаў і развіцця турыстычнай галіны на Лёзненшчыне – даўняя мара мясцовых краязнаўцаў. Апошнім часам раённае кіраўніцтва ўдзяляе дадзенаму накірунку пільную ўвагу. Восенню пачаліся актыўныя пошукі шляхоў рэалізацыі. На мінутым тыдні намеснік старшыні райвыканкама А.Р. Дайнэка, інструктар-метадыст ФСК Г.М. Красіцкая разам з былой настаўніцай гісторыі А.І. Грачышнікавай прайшлі па беразе Машны па задуманай экалагічнай сцяжыне.

У поле зроку папалі зараснікі лазы каля былой ГЭС і ўздоўж дарогі, мёртвыя дрэвы ў рацэ, запушчаны сад з засыпанымі, забытымі крыніцамі, якіх тут налічваецца нямала. Знайсці ўдалося толькі два месцы, дзе параўнальна нядаўна мясцовыя жыхары і лёзненцы бралі ваду. Цяпер іх можна вызначыць толькі па слоіку, які вісіць на пяньку, ды будане, зробленым дзетварою ля ручая, дзе бяжыць слабая плынь. Подступы да іх зараз вельмі цяжка пераадольваць. На тое, каб даць крыніцам новае жыццё, вядома, патрэбны сродкі, але шмат чаго па добраўпарадкаванню можна зрабіць і намаганнямі грамадскасці на добраахвотных суботніках.

Крыніца чакае гаспадарлівай рукі.

Асаблівага клопату патрабуе і сад, які яшчэ пладаносіць, але на сённяшні дзень вельмі захламлены. Спробы выразаць старыя дрэвы цяжка назваць удалымі: засталіся высокія пні, горы сучча, паваленыя ствалы. Добра было б тут прыбраць. Не лішняй стала б дапамога прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў( а такая добрая практыка ўжо мае месца) у вырабе прыгожых лавачак для адпачынку на беразе ракі.

Трэба навесці парадак у садзе.

Дарога вядзе да гістарычнай пабудовы – панскай лядоўні, якая з цягам часу разбураецца. Краязнаўца А.І.Грачышнікава даўно марыць стварыць у гэтым месцы аграэкасядзібу “Маёнтак Агінскіх” з этнаграфічным кутком, бібліятэкай, беларускай кухняй і аранжэрэяй рэдкіх раслін, якая была некалі ў паноў. Па словах намесніка дырэктара ААТ “Адаменкі” Л.Л. Піскуновай, гэты будынак гаспадарка гатова здаць жанчыне ў арэнду, але спатрэбіцца вялікая праца па яго рэканструкцыі. Алена Іванаўна сабрала багаты дакументальны матэрыял і шмат экспанатаў, спадзяецца, што іх колькасць яшчэ папоўніцца.

Былая панская лядоўня.

Сёння заклік на добрую справу, якая толькі пачынаецца, адрасаваны ўсім неабыякавым да народнай спадчыны, да гісторыі роднага краю.

Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Фота аўтара

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости