Заваёўваць турыстычныя вяршыні ў мінулыя выхадныя ў Дабрамыслі адправіліся 9 каманд: “Лесавік” (ДЛГУ “Лёзненскі лясгас”) “Дранікі” (зборная моладзі), “Надзвычайная сітуацыя” (РАНС) , “Няшчасны выпадак” (Белдзяржстрах, прадстаўніцтва па Лёзненскаму раёну), “Адрэналін” (УАЗ “Лёзненская ЦРБ”), “У сектары газу не ўсе дома” (зборная РЦК і райгазу), “Кацялок” (УП ЖКГ Лёзненскага раёна), УП “Лёзненскае ПМС”, “Паралель” (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама).
На ўрачыстым адкрыцці спартыўна-фізкультурнага мерапрыемства, якое прайшло на цэнтральнай плошчы г. п. Лёзна, яго ўдзельнікаў віталі намеснік старшыні райвыканкама І. А. Дзерваед, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. П. Кулакоў, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Лёзненская ЦРБ» І. Я. Варахобка, галоўны суддзя мерапрыемства І. І. Самусенка. У вершаванай форме аб правілах паводзін на прыродзе нагадаў начальнік РАНС В. Б. Чайкін. Госці свята пажадалі атрадам ўдалых стартаў, поспехаў і перамог.
Прызёр турзлёту мінулага года каманда «Няшчасны выпадак» пад дзяржаўны гімн падняла сцяг. Прадстаўнікі астатніх каманд ўсклалі кветкі на цэнтральных воінскіх могілках. Пасля прайшоў першы конкурс адзінай спартыўнай формы, эмблем і дэвізаў. Самае аптымістычнае і яркае прадстаўленне было ў “лесавікоў”.
Па традыцыі ў зоне адпачынку каля аг. Дабрамыслі ўдзельнікі разбівалі лагеры самастойна і ў гэтым паказалі сябе сапраўднымі гаспадарамі: ўсталявалі палаткі, падрыхтавалі па ўсіх правілах бяспекі вогнішчы, месцы для ўмывання і харчаблокі. Дзяўчаты вельмі стараліся зрабіць двухдзённае пражыванне ў лесе не толькі камфортным, але і прыгожым. Адны штучныя кветкі і парасоны ад сонца каманды РЦК і райгазу чаго каштавалі! Усе атрады абгарадзілі свае месцы дэкаратыўным плотам. Хто зрабіў гэта стужкамі, хто рознакаляровымі сцяжкамі, каму дапамог сам лес хмызняком і дрэвамі, а хтосьці, як напрыклад “адрэналінаўцы”, прывёз агароджу з сабой, што таксама выглядала вельмі ўтульна. Самы вясёлы лагер атрымаўся ў “Дранікаў”. Бо яны прыехалі раней за ўсіх на дзень, і пакуль іншыя толькі раскладваліся, яны ўжо ва ўсю адпачывалі з музыкай і дзецьмі. Узялі “Дранікі” з сабой у лес і сабаку, лабрадора Брайна, які таксама атрымліваў асалоду ад чыстага ляснога паветра.
Праграма турысцкага злёту, разлічаная на два дні, была даволі насычанай. У першы праводзіліся спаборніцтвы па тэхніцы веласіпеднага турызму. Удзельнікам трэба было прадэманстраваць упэўненае кіраванне двухколавым транспартам. З гэтым паспяхова справіліся «Надзвычайная сітуацыя», «У сектары газу не ўсе дома» і «Паралель». Далей было спаборніцтва па армрэстлінгу, дзе сваю волю да перамогі больш ярка праявілі «Паралель», «Дранікі» і «Няшчасны выпадак». Туры па паркавым валейболе расцягнуліся на два дні. За гэты час прайшло шмат гульняў паміж камандамі – яны аддана змагаліся за прызавыя месцы. У выніку самымі лепшымі валейбалістамі аказаліся «Дранікі».
У суботу турзлётчыкі спаборнічалі ў віктарыне, конкурсах на меткасць, кулінарным. У нядзелю – выклаліся па поўнай ў трыятлоне, дзе ад кожнай каманды выступалі тры чалавекі. Неабходна было без штрафаў прабегчы, праехаць на ровары па загаддзя складзенаму маршруту і хутка патрапіць у цэль з пнеўматычнай вінтоўкі. Лепш за ўсіх сябе паказалі «Надзвычайная сітуацыя», «Лесавік» і «Няшчасны выпадак». У перацягванні каната безумоўным пераможцам сталі «Дранікі».

На працягу ўсіх гульняў сваіх сяброў эмацыйна падтрымлівалі заўзятары, якія прыехалі на адпачынак разам з камандамі. Як і ўдзельнікам, так і гледачам гэтая пара дзён прынеслі незабыўныя ўражанні і добры настрой.


Пасля падвядзення вынікаў адбылося ўзнагароджанне чэмпіёнаў. Пераходны кубак заслужаных пераможцаў турзлёта дастаўся камандзе «Надзвычайная сітуацыя». Другое месца заняла «Паралель», на трэцяй жа прыступцы п’едэстала апынуліся вопытныя турзлетчыкі «Дранікі». Усіх узнагародзілі дыпломамі, а тыя каманды, якія не дацягнулі да прызавых месцаў, атрымалі памятныя падарункі.
Самыя спартыўныя і творчыя ўдзельнікі будуць прадстаўляць Лёзненшчыну на абласным турысцкім злёце ў зборнай камандзе раёна.
Вераніка Рэдзько.












