
Сёлета ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» праходзіла свята-конкурс майстроў народнай цацкі і лялькі «Забава-2015». У ім прынялі ўдзел больш 70 майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі. Выстаўляліся вырабы з тэкстылю, дрэва, керамікі, саломкі. Вельмі прыемна, што на такім высокім узроўні і сярод вопытных удзельнікаў была адзначана і работніца нашага раённага Дома рамёстваў К. В. Мартысевіч. Ксенія Віктараўна атрымала дыплом за творчы дэбют у намінацыі «Народная цацка з керамікі». Дзяўчына прадставіла на суд журы і гледачоў калекцыю керамічных свістулек (больш пяцідзесяці экземпляраў).
– Лёзна вядома сярод аматараў керамікі як радзіма знакамітага кераміста Траяноўскага, – гаворыць дырэктар раённага Дома рамёстваў І. М. Самусенка. – Ён праславіў нашы мясціны бабінавіцкай свістулькай. У 30-50-х гадах мінулага стагоддзя ў вёсцы працавала арцель «Чырвоны паліўнік», якая рабіла глазураваную кераміку з ангобнай роспіссю ўнутры і звонку. Посуд пакрывалі свінцовай палівай з дадаткам перапаленай медзі і вокісу марганцу. У выніку атрымоўваўся прыгожы зеленаваты або янтарны колер з-пад якога ззяў вясёлы ўзор завіткоў і кропак. У якасці дэкаратыўнага элемента бабінавіцкія майстры выкарыстоўвалі лепку. Больш за ўсё ім падабаўся мядзведзь, які ўпрыгожваў гарлачыкі і вазоны. У 70-я гады бабінавіцкія вырабы карысталіся папулярнасцю ва Усходняй Беларусі. Аднак потым рамяство сышло на нет.
Яго адраджэннем і займаюцца сёння лёзненскія керамісты. У тым ліку і Ксенія Віктараўна. Па словах Інэсы Міхайлаўны, дзяўчына карпатліва рабіла адзін выраб за другім, пакуль свістулькі не набылі свой сапраўдны голас. На гэта спатрэбілася амаль два гады. Але майстар справілася, больш таго, як адзначыла журы, выпрацавала свой стыль. Зробленыя ёй свістулькі маюць свой асаблівы твар. Так што гэты ганаровы дыплом атрыманы заслужана.
Алена РАТНЁВА.