ОБЩЕСТВО
1 минута для чтения
202

Светлая энергетыка напаўзабытых часоў

20 февраля, 2022
0
Светлая энергетыка напаўзабытых часоў
У чарговым выпуску рубрыкі «Заветный экземпляр» прапануем увазе чытачоў цікавага суразмоўцу, жыццё якога, насычанае багатымі падзеямі, варта цэлага рамана. Але ў рамках газетнага артыкула маем магчымасць адзначыць, што герой сустрэчы некаторы час вучыўся ў адной школе з нашым Прэзідэнтам, прысутнічаў на сустрэчы з ім у 1994 годзе ў Дабрамыслях, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі,а менавіта ў якасці начальніка Буда-Кашалёўскай ПМК-69 займаўся пахаваннем вёсак, у розныя часы ўзначальваў ПМК у Дабрамыслях і шэраг сяльгасгаспадарак раёна – «Праўда», «Калышкі», «Перамонт», «Выдрэя». Акрамя таго, піша прозу і вершы на рускай і беларускай мовах, працуе над стварэннем радавода. Усё гэта – П.І. Хальцаў, пенсіянер з аграгарадка Стасева

Сапраўдная этнаграфічная экспазіцыя атрымалася ў Пятра Іванавіча, калі ён размясціў дарагія сэрцу рэчы ва ўласным гаражы. Цяпер памяшканне, у якім сціпла прыстасаваўся аўтамабіль, больш нагадвае музей, чым гараж. Уздоўж сцен, на сценах, пад столлю заняла сваё пачэснае месца вялікая (ніхто не лічыў) колькасць прадметаў побыту XIX – пачатку XX стагоддзяў. Большасць Пётр Іванавіч перавёз з бацькоўскай сядзібы, што знаходзіцца ў вёсцы Дзіўнава Шклоўскага раёна. Частка з іх зроблена рукамі бацькі, Івана Аксёнавіча, частка, набытая ў іншых майстроў, верна служыла яму ў паўсядзённым жыцці. Папоўніла калекцыю прадметаў хатняй гаспадаркі і жонка майго суразмоўцы Святлана.

– Самы дарагі экспанат – гэта каменныя жорны. Іх двое – ручныя, на якіх мы з братамі ў дзяцінстве малолі муку, і другія – з электрарухавіком. Гэта больш позняя мадыфікацыя, я карыстаюся імі па меры неабходнасці. Жорны ў выдатным працоўным стане, – кажа Пётр Іванавіч і дэманструе іх магчымасці на справе.

– А гэта што такое? – крыху саромеючыся сваёй недасведчанасці, пытаюся я.

– Гэта дэталі ткацкага станка, – тлумачыць мой экскурсавод. – Бацька сам змайстраваў іх для маёй маці Ніны Сямёнаўны. На жаль, некаторыя дэталі кроснаў згубіліся, таму сабраць іх у першапачатковую канструкцыю пакуль немагчыма. Але з цягам часу планую ўсё ж такі іх адрэстаўрыраваць.

Захаваўся нават вытканы матуляй рушнік, вышыты пеўнікамі і аздоблены карункамі.

І ў пацвярджэнне слоў Святлана паказвае даматканую сямейную рэліквію, якая, здаецца, напаўняе пакой светлай энергетыкай напаўзабытых часоў.

– Швейная машынка, напэўна, таксама належала маці?

– Вы здзівіцеся – бацьку! Ён на ёй шыў на заказ кажухі. Сам вырабляў скуры. Умеў і боты шыць. Гэтымі драўлянымі калодкамі карыстаўся, – паказвае на прымацаваныя пад столлю шавецкія прылады працы Пётр Іванавіч. – Захаваўся пашыты бацькам скураны бот. А яшчэ валіў валёнкі і быў адзіным шапавалам на паўраёна. Навучыў гэтаму рамяству і мяне. І ўжо з 5 класа я з ім на роўных займаўся гэтай справай.

– Праца шапавала патрабуе немалой фізічнай сілы. Не цяжка было малому хлопчыку?

– Я з дынастыі асілкаў. Бацька з лёгкасцю нёс пад пахі два мяшкі з бульбай ці зернем, а дзед падымаў каня. І гэта не сямейная легенда, а чыстая праўда. Затое атрыманая ў спадчыну сіла надавала ўпэўненасці і не аднойчы дапамагала пастаяць за сябе.

– Бачу начоўкі, ці, кажучы па-руску, “корыто”. Паспрабую адгадаць – іх таксама зрабіў Іван Аксёнавіч?

– Сапраўды. Бацька выдзеўбаў іх цяслом, а сценкі і дно згладзіў разцом. Такая пасудзіна выраблялася з ліпавага або асінавага цурбана. А вось хлебная лапата з доўгім тронкам, зробленая з ліпы. Ёй больш за семдзесят гадоў. З яе дапамогай цеста адпраўлялі ў печ, а адтуль вярталі духмяны бохан. Дадзеная гаспадарчая прылада карысталася вялікай пашанай на вёсцы, з ёю звязаны шматлікія павер’і. Новая лапата заўсёды набывалася ў пары з дзяжой, разам з ёю спальвалася, калі ад старасці рабілася непрыдатнай. Хлебная дзяжа, на жаль, не захавалася, але ёсць дубовая бочка, якую выкарыстоўваю для засолкі гуркоў або мяса. Прадукты набываюць неверагодны смак.

Паказаў Пётр Іванавіч і шмат іншых цікавых гаспадарчых прылад: маслабойку, кошык з ліпавага лыка, падкову (здзіўляючыся яе памерам, можна меркаваць, што належала яна багатырскаму каню), самавары, кола ад воза, каромыслы, шматлікія плотніцкія інструменты, газавыя лямпы. Некаторыя лямпы гаспадар перарабіў на электрычныя і выкарыстоўвае для вулічнага асвятлення сядзібы.

– Многія рэчы не змяшчаюцца ў экспазіцыі і пакуль захоўваюцца ў майстэрні. Планую ў хуткім часе заняцца афармленнем памяшкання належным чынам. Дагэтуль займаўся іншымі важнымі справамі: будаваў дом, лазню, гаспадарчыя пабудовы, – тлумачыць Пётр Іванавіч і вядзе паказваць змайстраваныя яго залатымі рукамі паштовую скрыню, ліштву, аздобленыя дэкаратыўнымі элементамі дзверы і сцены, сокавыціскалку.

– Пётр Іванавіч, адкуль бярэ пачатак Ваша ўмельства?

– З дзяцінства. У першую чаргу ад бацькі. Ён прывучыў не баяцца ніякай справы. Вучыў нас, шасцёра дзяцей, жыць па справядлівасці і наказваў берагчы родную хату – нашу калыску. Тры гады назад, ва ўзросце 92 гадоў, бацькі не стала. Але яго запавет дзеці, унукі і праўнукі выконваюць сумленна. Хата дагледжана, гектар прысядзібнай тэрыторыі – таксама. А ля ганка вось ужо 55 гадоў цягнецца ўвышыню дуб, які я вырасціў з жолуда. Зараз яго немагчыма абхапіць рукамі. Гэта ўжо не проста дрэва, а сімвал роду, сувязі пакаленняў і павагі да роднай зямлі.

Вольга ПІНЧУК.

***

Петр Хальцаў

Родны кут

Памяці бацькі, маці прысвячаю

Жыве ў сэрцы родны кут –
Палі, лясы, кусты, дарогі.
Я шмат гадоў наездам тут,
Каб паглядзець на бацькавы
парогі.

Калі пад’еду к роднай хаце,
Вітае дуб мяне кіўком.
Магутны волат помніць, мабыць,
Як я саджаў яго дубком.
Вялікі хлеў пачаў касіцца –
Падгнілі ніжнія вянцы,
Мох між бравён павыдувала,
Падмурак сеў наўзронь зямлі.
Калісь кароўка тут мыкала,
Рухчаў парсюк, аўца бляяла,
Баран рагамі дзверы біў,
(Пакроў чакаў ён, небарака).
Кабылка ля вакна стаяла,
А зараз ён стаіць пустым.
Будынак светлы ў дзве паловы
Памог паставіць дзед Сямён
(Па маці, трэба тут адзначыць).
Мудрэц упэўнен быў,
няйначай –

Дзяцей тут будзе поўны дом.
А адчыніўшы дзверы ў сенцы,
Калісь матуля сустракала.
Сваім ласкавым добрым сэрцам
К сабе гарнула, абдымала.
Вачэй позірк на дзверы ў хату:
З наборных дошак творчасць
таты.

І клямка выкавана ім.
Адкрыў – ні скрыпу, перакосу,
Мо сто гадоў вам да ізносу,
Патрэбны доўга нам, жывым.
І натуральны крас падлогі
На дзіва радасць для душы
Сасны дары стракаты дошкі
Чысцей, чым камні-гладышы.
Вось месца, пралка дзе стаяла,
Вісіць кудзеля на пралі.
Зімой тут маці шчыравала –
Сучыла ніткі і спявала
Мяцеліцу, платок пуховы
і каханне,

Шчаслівы лес і божае спатканне.
Надзеў на вочы акуляры,
Шавецкім шылам, як штыком,
Валёнкам заднік падшывае,
Паходу тата прызначае
Вам дваццаць год хадзіць
пяшком.

А побач з лаўкай у чаканні
Ляжыць шкарпэт, разінуў рот,
З мячом гуляўшы на пляцоўцы,
Васіль разбіў яго ўшчэнт.
Асобны сказ пра печку ў хаце.
Душа сямейнай цеплыні,
Яна памочніца ў маці,
Кавае шчасце ў сям’і.
У таты рукі залатыя,
Яе ён клаў нібыта храм.
Са спрытам мы вакол круцілісь,
Насілі гліну, кірпічы,
Хацелась так дапамагчы.
На под кірпіч рабілі самі,
Мясілі гліну, у формы клалі,
Цагліны сохлі пад павеццю,
Каб абдуваў іх толькі вецер,
Ляжанка добрай атрымалась,
Нібы дзіван на пяць плячэй.
Кадушка з мёдам там стаяла.
За ім мы з лыжкаю ныралі,
Такую асалоду атрымалі ,
Калі ў вусны ён цячэ.
(Адзначу, тата быў пчаляр).
Бацькі на печы плечы грэлі,
Суставы рук каб менш хварэлі.
Мы ўрокі школьныя рабілі,
Вершы чыталі і зубрылі,
А побач з печкаю – палаці,
Цудоўны ложак мае быць.
У час сялянскай цяжкай працы
Бацькі маглі тут адпачыць.
Другая палова хаты
Партрэт у рамцы – сэрца б’ецца –
На ім шаноўныя бацькі.
Глядзяць на нас, а вочы кажуць –
Часцей бываць вам трэба тут.
На сценах рамак не злічыць,
Там фотаздымкаў вельмі многа,
Сям’і гісторыя ў іх
Сялянскай, мужнай, да нязмогі.
Калісьці тут стаялі кросны,
Матуля ткала ручнікі,
Са льна тканінай абшывала,
Кашулі шыла, андаракі,
Лятаў чаўнок, нібыта куля,
Ад спрытных добрых яе рук,
І толькі чуўся па ўсей хаце
Перадвіжнога стана стук.
Буржуйка-печка сярод хаты
Стаіць з вядзёрным чугуном,
Кіпіць вада ў ім зухавата,
Чакае вельмі, калі тата
Валёнка скрутак акуне.
Адзіны шапавал на ўсю акругу,
Ен паўраёна абуваў.
Цаны яму не зналі людзі,
Не менш пар сто за год валяў.
На месцы ложкі, дзе мы спалі,
Стаяць уздоўж глухой сцяны,
Чакаюць, каб іх разабралі,
Ляглі паспаць, на досвітку заслалі,
Каб менш было сумоты ім.
Калыска на круку вісела,
Мы па чарзе ў ёй раслі,
Нас, спялянатых, калыхалі,
Пакуль на чацвярэньках
папаўзлі.

Душа бацькоў для нас уцеха,
Яе пасыл пяшчоты чуць –
Масты не ўзводзіць і не здрадзіць,
Як маналіт, камандай быць.
Сястры Марыі я ўдзячны,
Сваёй рупліваю сям’ёй
З падмогай шчырай Колі брата,
Кутку бацькоў даюць жыццё,
пакой.

Жадаю гуртам нам усім
Жыццё працягваць роднай хаце
І не дзяліць яё зусім.
Дарунак – памяць бацькі, маці,
Наш родны кут і дань пашаны,
Хвалюе сэрца да грукот.
Хачу, каб нам пашанцавала
Глядзець яго і сустракацца
многа год.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости