На падворку Сутурыных у Якубаўшчыне першае прывітанне атрымала ад вялікага гурта шэрых і белых гусей, а затым адбылося знаёмства з іх гаспадарамі – Святланай Анатольеўнай і Мікалаем Іванавічам. Віцябчане ў 2013 годзе прыдбалі сабе домік на водшыбе аграгарадка (мясцовыя называюць гэту частку вёскі Малькава).

Жанчына акурат тады выйшла на пенсію, муж уладкаваўся на працу ў Ясянёўскае лясніцтва. Сталі жыць тут пастаянна. Прырода, зямельны ўчастак, магчымасць весці падсобную гаспадарку – гэта была іх даўняя мара, якую здзейсніць раней не ўдавалася, хаця жылі ў прыватным сектары пад Альгова. А тут прастор, паветра чыстае, летам – з водарам духмяных кветак і траў. Працаваць і адпачываць – проста задавальненне. Мікалай Іванавіч родам з вёскі, вырас у далёкай Чыцінскай вобласці, а жонка – гараджанка і з сельскагаспадарчай працай ніколькі не была знаёма. Але, калі вельмі захацець, можна, як кажуць, горы звярнуць. Па словах гаспадыні, інтэрнэт для яе – лепшая крыніца ведаў, там сярод вялікай інфармацыі заўсёды можна выбраць штосьці карыснае, разабрацца што не так робіш, бо памылкі, безумоўна, здараюцца.

– Адрамантавалі хату, наладзілі быт і сталі займацца птушкагадоўляй, – расказвае Святлана Анатольеўна. – Пачалі з курачак. Завялі свойскіх нясушак, якія вывелі затым куранят, і статак значна павялічыўся. Зараз у нас іх 30. Неўзабаве купілі 15 гусянят, вырасцілі і атрымалі ад іх добрае папаўненне. Хацелася б завесці яшчэ пароды брама і кахінхін. На лета звычайна бяром таксама па тры дзясяткі бройлераў. А ў мінулым годзе былі і індыкі. Цацарак пакуль не трымалі, чытаю пра іх, цікава і прывабліва. Усе птушкі добрыя, але перавагу ўсё ж аддаём гусям. Яны на самай справе не надакучлівыя, ад дома далёка не адыходзяць, корм для сябе і самі здабываюць, вельмі любяць траўку. Безумоўна, даём яшчэ цэльнае зерне і грубую муку, якую самі мелем, купілі з гэтай мэтай зернездрабняльнік. Для іншых гадаванцаў гатуем розныя мешанкі. Каб захаваць маладняк, абараніць ад хвароб, важна у першыя 10 дзён правесці прафілактыку. Магу падзяліцца правераным спосабам, які насамрэч працуе. Трэба на літр вады ўзяць па адной таблетцы фуразалідону і метранідазолу, дабавіць чайную лыжку мёду і крышачку марганцоўкі. Паіць гэтым растворам, пакуль малыя не акрэпнуць , потым ім можна даваць разнастайную ежу. Дарэчы, кідаю птушкам абабранае пер’е, яно утрымлівае шмат каратыну, які вельмі карысны. Для развядзення птушкі гаспадары набылі інкубатар. З першых крокаў не ўсё ішло гладка. Атрымлівалі менш птушанят, чым хацелася. Спрабавалі па-рознаму пераварочваць яйкі, пакрысе дабіліся лепшага. Гускі, дарэчы, нядрэнна і самі выседжваюць птушанят. У выніку гусіны статак, разам з маладняком, улетку складаў 60 галоў, зараз засталося 35. Вядома, усіх трэба накарміць, таму гаспадары едуць у Лёзна, каб купіць тое зерне і далёка не танны камбікорм. Гэта немалыя ўкладанні. Але, па словах Святланы Анатольеўны, намаганні і грошы апраўдваюцца. Хаця птушкі беспародныя, вырастаюць даволі вялікія, па 4 і болей кілаграмы чыстай вагі. Самае галоўнае, што атрымліваюць натуральныя прадукты. Продаж для Сутурыных не мэта, стараюцца для сябе і дзяцей. У асноўным, калі захочацца, на стале свежанінка. Тушонкі робяць няшмат, бо нявыгадна, расходуецца шмат газу, які для дачнікаў параўнальна дарагі. Якаснымі мясам і яйкамі забяспечваюць сем’і двух сыноў, што жывуць у Віцебску. Іван працуе на водаканале, Дзмітрый – будаўнік-электрамантажнік. У іх асабістае жыллё – кватэры. Дапамагаюць бацькі дзецям, а тыя ім адпаведна, калі маюць магчымасць прыехаць. Растуць чацвёра ўнукаў. Малым падабаецца на вёсцы, дзе для гульняў воля, прастор, бо тэхніка тут амаль не ходзіць, хіба што калі-нікалі аўтамабілі дачнікаў. Як кажа Святлана Анатольеўна, усім тут добра, гаспадарчыя справы ладзяцца, ад чаго на душы радасна, хочацца працаваць і дабівацца яшчэ лепшых рэзультатаў. Жанчына параіла ўсім, хто хоча гаспадарыць ды сумняваецца, што не справіцца, не баяцца, а проста брацца за справу. Галоўнае, каб было сапраўднае жаданне і ляжала душа да тых, каго збіраюцца гадаваць.

Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Фота аўтара

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости