Фрагмент тапаграфічнай карты, складзенай у 1923 г.

У пачатку ХХ ст. гаспадаром маёнтка Мар’янова быў Міхаіл Казіміравіч Стадніцкі-Календа – чалавек вельмі актыўны і вядомы ва ўсім павеце. Яму ўдавалася займаць пасады ў самых розных установах. Так, з 1901 г. і да рэвалюцыі 1917 г. ён удзельнічаў у працы Аршанскага павятовага з’езда дваранства, у 1905-1908 гг. з’яўляўся сябрам Аршанскага мясцовага камітэта Расійскага грамадства Чырвонага Крыжа. Яшчэ М. К. Стадніцкі-Календа быў ганаровым міравым суддзёй Аршанскага павета.Дарэчы, міравыя суды разглядалі разнастайныя маёмасныя, спадчынныя, а таксама некаторыя дробныя крымінальныя справы. У пасяджэннях такіх судоў ён браў удзел у 1910-1911 гг. Затым, у 1912-1915 гг. памешчык з Мар’янова з’яўляўся прадстаўніком ад Аршанскага павета на Магілёўскім губернскім земскім сходзе, а ў 1915-1916гг. сябрам Аршанскага павятовага земскага схода. Земскія сходы лічыліся вельмі важнымі інстанцыямі, бо кантралявалі збор падаткаў і размеркаванне сродкаў на будаўніцтва і ўтрыманне школ, бальніц, дабрачынных устаноў. Між іншым, М. К. Стадніцкі-Календамеў апроч маёнтка меў дом у Віцебску, які размяшчаўся на Задунаўскай вуліцы (гэта сучасны праспект Фрунзе).

Затым, у апошнія перадрэвалюцыйныя гады, маёнтак перайшоў да Антона Рэута, ён жа працягваў жыць тут некаторы час і пасля кастрычніка 1917 г. Адначасова ў сядзібным доме з 1918 г. размяшчалася Сасноўская школа І ступені, бо, хутчэй за ўсё, у суседняй вёсцы не было годных памяшканняў для навучальных устаноў. Гэты аднапавярховы дом быў драўляным, крыты гонтам, памерам 21 на 10,5 м.Ён меў крыты ганак, складаўся з веранды, пярэдняй, калідора, шасці пакояў, кладоўкі і кухні. Усяго было 16 вокнаў, 15 дзвярэй, 4 галандскія і 1 руская печка, камін і пліта.

У 1921 г. 4 пакоі сядзібнага дома былі забраніраваны Віцебскім павятовым аддзелам народнай адукацыі. Хоць у 1922 г. школа была пераведзена з маёнтка ў вёску Рэчкі, але з восені 1923 г. зноў вярнулася ў Мар’янова.

У 1924 г. былы памешчык А. Рэут займаў тут 2 пакоі, калідор і кухню, але прасіў мясцовыя ўлады замацаваць за ім не менш як 3 жылыя памяшканні.

Дарэчы, будынак школы ў Мар’янове пазначаны і на тапаграфічнай карце, складзенай у 1923 г. і ўдакладненай у 1925, 1928, 1936 гг. Бачна, што ён мясціўся пасярод сада, а зусім недалёка абазначана і вёска Сасноўка. У гэты час у Мар’янове налічвалася ўсяго 6 сялянскіх двароў.

У 1920-я гг. акрамя маёнтка існаваў яшчэ і хутар Мар’янова. Цікава, што яны адносіліся да розных сельсаветаў: маёнтак – да Касцяёўскага, а хутар – да Высачанскага. У 1926 г. на хутары пражывала 9 сем’яў агульнай колькасцю 30 чалавек, а ў былым маёнтку – 7 сямей з 36 сялян, сярод якіх было 2 сям’і палякаў.

У тым жа годзе абшары былога маёнтка Мар’янова былі падзелены на хутарскія надзелы. Зямлю тут атрымалі Марціновіч Мірон, Царонак Апанас, Старавойтаў Юрась, Шылаў Цярэнцій і іншыя сяляне.

З цягам часу, як гэта адбывалася на ўсёй савецкай тэрыторыі, на месцы былога маёнтка ўтварылася сельскагаспадарчая арцель.

11 жніўня 1929 г. у будынку Сасноўскай школы (якая па ўсёй верагоднасці, па-ранейшаму размяшчалася ў былым памешчыцкім сядзібным доме) адбыўся сход сялян вёскі Мар’янова, на якім яны пастанавілі стварыць арцель пад назвай “Чырвоны земляроб”. Кожны з жадаючых стаць членам калгаса павінен быў заплаціць 5 рублёў, а таксама зрабіць паевы ўнёсак памерам 100 рублёў. У склад праўлення ўвайшлі Блізнеўскі Станіслаў, Дубовік Восіп і Агнішчанка Павел, а таксама два кандыдаты (намеснікі): Савіцкі Міхаіл і Семянкоў Панкрат. Апроч таго была створана рэвізійная камісія з трох асоб: Міхневіча Валерыя, Сераднякова Ягора і Высакоўскага Сяргея.

У арцель пажадалі ўвайсці 10 сем’яў: Семянкова Панкрата Еўдакімавіча, Жалняроўскага Івана Казіміравіча, Агнішчанка Дзмітрыя Ануфрыевіча, Сераднякова Ягора Раманавіча, Дубовіка Восіпа Баляслававіча, Навуменка Васіля Гапеевіча, Міхневіча Валерыя Антонавіча, Савіцкага Міхаіла Ягоравіча, Блізнеўскага Станіслава Мікалаевіча, Высакоўскага Сяргея Максімавіча. Як сведчыць паіменны спіс, сялянскія сем’і ў канцы 1920-х гг. у асноўным налічвалі ад 5 да 10 чалавек, але былі і з трох асоб, а таксама адзінокапражываючыя сяляне.Палова з іх мела зямельныя надзелы ад 3,5 да 5 га, у астатніх было больш за 7га зямлі, а самыя багатыя валодалі ўгоддзямі плошчай 14га. Амаль усе сялянскія сем’і мелі па 1 каню, 1 – 2 каровы, 2 асобіны дробнай жывёлы, статак найбольш багататых сялян налічваў 2 кані і 4 каровы.

Статут калгаса быў зарэгістраваны Высачанскім райвыканкамам 4 верасня 1929 г., але ў калгас пусцілі не ўсіх жадаючых:па невядомых прычынах адмовілі Міхневічу Валерыю і Дубовіку Восіпу.

Так што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. маёнтак Мар’янова стаў прытулкам не толькі для свайго былога гаспадара, але яшчэ для школы і калгаса.

Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости