Дарагія браты і сестры!
Як кожны год, у Велікодныя святы мы разам з жанчынамі з Евангелля накіроўваемся да грабніцы Хрыста. Спалоханыя, бачым камень, адсунуты ад уваходу, і разумеем, што ў ей няма цела Езуса. Мы чуем словы анела, якія напаўняюць нашы сэрцы радасцю і супакоем: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых? Яго тут няма; Ен уваскрос» (Лк 24, 5-6).
Хрыстос Уваскрос! Гэтая найважнейшая праўда хрысціянскай веры, якая дазваляе нам іншымі вачамі паглядзець на свет. У Пасхальнай таямніцы мы пазнаем Хрыста, як Пераможцу над сіламі зла, цемры і граху. Яго мука і смерць з’яўляюцца задаткам нашага збаўлення, а крыж становіцца знакам Божай любові і прабачэння, брамай, якая вядзе да вечнага шчасця.
У свята Уваскрасення Госпада жадаю, каб вера ў Хрыста, стала крыніцай глыбокай унутранай радасці, мужнасці і стойкасці ў добрым. Няхай Божая любоў, аб’яўленая ў таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста, асвячае нас кожны дзень і робіць здольнымі праслаўляць Бога кожным добрым учынкам.
Сардэчна запрашаю прыняць удзел у набажэнствах, якія адбудуцца ў суботу, 4 красавіка ў 20.30 (Пасхальная Вігілія) і ў нядзелю, 5 красавіка (Святая Імша ў Нядзелю Уваскрасення Пана).
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!
Ксендз Аляксей Ляшко, пробашч парафіі святога айца Піо ў Лезне.
