Дзмітрый Д. з законам канфліктуе не ўпершыню, хаця яму крыху больш за 30 гадоў. На пачатку 2017 года малады чалавек быў асуджаны на 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Павінен быў строга выконваць прадпісаныя законам правілы. Палічыў, мусіць, гэта дарэмным. Высноў правільных і адэкватных, на вялікі жаль, не зрабіў. Ухіляўся, прычым даволі злосна, ад адбыцця пакарання. Сухім выйсці з вады не ўдалося. У час праверак праваахоўных органаў мужчына па месцы жыхарства знаходзіўся ў нецвярозым стане, парушыў працоўную дысцыпліну, своечасова не з’яўляўся на рэгістрацыю ў крымінальна-выканаўчую інспекцю раённага аддзела ўнутраных спраў. Яму выносіліся афіцыйныя папярэджанні за падобныя парушэнні закона.
Правы і абавязкі яму былі своечасова і ў поўным аб’ёме даведзены. Аб тым сведчыць уласнаручны подпіс Дзмітрыя Д.
Паводле заключэння амбулаторнай судова-псіхіятрычнай экспертызы Дзмітрый меў сіндром залежнасці ад алкаголю, патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння. Пры вызначэнні меры пакарання суд улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, якое аднесена да менш цяжкіх. Бралася пад увагу і асоба абвінавачваемага, яго здавальняючая характарыстыка па месцы жыхарства. Віну сваю прызнаў поўнасцю. За ўхіленне асуджанага ад адбыцця пакарання Дзмітрый Д. быў на гэты раз пазбаўлены волі на год і тры месяцы з адбываннем у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сумная гісторыя. Хаця жыццё магло скласціся ў чалавека інакш. Ну, паслізнуўся на крывой сцяжынцы, бывае, калі маральныя тармазы толькі вішчаць, а не спрацоўваюць. Аднак нельга жартаваць з законам, працягваць рухацца па ранейшым курсе, які нязменна вядзе напрасткі да лавы падсудных.
Кацярына ШАЛУПКІНА,
памочнік пракурора Лёзненскага раёна.
