История Лиозненщины
1 минута для чтения
194

Палкоўнік з вёскі Макаранкі

25 февраля, 2020
0
Палкоўнік  з вёскі Макаранкі
Вёска Макаранкі размяшчаецца непадалёку ад мяжы з Расіяй. Менавіта адсюль пачынаўся жыццёвы шлях палкоўніка авіяцыі Сцяфана (Сцяпана) Тарасавіча Пісакова (1904-1992).

Імя гэтага вайскоўца мне было вядома, але пакуль пашчасціла адшукаць толькі сціслую біяграфію на сайце “Проза.ру”, якую дапоўняць звесткі з узнагародных дакументаў у аб’яднанай базе дадзеных “Подзвіг народа”.
Жыў на тэрыторыі сучаснага Руднянскага раёна Смаленскай вобласці Расіі. У 1926 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію, з якой звязаў свой лёс. У 1932 годзе скончыў ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў-назіральнікаў і атрымаў афіцэрскае званне лейтэнанта. Служыў штурманам бамбардзіроўшчыка ў адной з авіяцыйных часцей.
Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі (верасень 1936 – жнівень 1937) – старшы лейтэнант, штурман хуткаснага бамбардзіроўшчыка СБ 12-й бамбардзіровачнай групы ВПС Рэспубліканскай арміі. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (02.01.1937).
Пасля вяртання са службовай камандзіроўкі (як тады ў афіцыйных дакументах пазначаўся ўдзел у вайне ў Іспаніі) працягнуў службу ў ВПС. Удзельнічаў у так званым Польскім паходзе Чырвонай Арміі па вызваленні Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. і на пасадзе начальніка штаба 5-га асобнага хуткаснага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка (хбап) у савецка-фінляндскай вайне. Быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга (07.04.1940). Гэтым жа ордэнам за адзнакі ў баях быў узнагароджаны і сам полк (рэдкая з’ява для таго часу).
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны маёр Пісакоў сустрэў у складзе ВПС Прыбалтыйскай асобнай ваеннай акругі на пасадзе начальніка штаба 54-га Чырвонасцяжнага хбап, які базіраваўся ў Вільні. У баях на фронце – з першага дня вайны. Авіятары палка ляталі на заданні на бамбардзіроўшчыках СБ, якія па сваіх лётна-тактычных якасцях значна саступалі нямецкім самалётам таго ж прызначэння. Нягледзячы на цяжкія ўмовы пачатку вайны, экіпажы здолелі выканаць да 16 ліпеня 1941 года 415 баявых вылетаў на знішчэнне тэхнікі і жывой сілы праціўніка на Паўночна-Заходнім фронце, у чым была немалая заслуга баявога лётчыка і вопытнага камандзіра Пісакова. Са жніўня па кастрычнік 1941 года ён займаў такую ж пасаду ў 452-м хбап на Ленінградскім фронце.
У 1942 годзе браў актыўны ўдзел у перафарміраванні 452-га палка ў начны бліжнебамбардзіровачны полк пад тым жа нумарам у складзе 219-й, затым 132-й бамбардзіровачнай авіядывізій. Настойліва і энергічна ўзяўся за фарміраванне штаба, падрыхтоўку яго да баявой дзейнасці, у выніку чаго камісіяй ВПС Чырвонай Арміі ў красавіку 1943 года полк быў прызнаны лепшым у дывізіі, якая са снежня 1942 года змагалася на Закаўказскім, затым Паўночна-Каўказскім франтах. Дзякуючы своечасовай і дакладнай распрацоўцы баявых задач і своечасовага азнаямлення з імі экіпажаў лётчыкі выканалі да мая 1943 года на самалётах СБ-2, Б-3 і А-20-Б 1592 паспяховых баявых вылета на знішчэнне жывой сілы, тэхнікі, камунікацый і складоў праціўніка (у тым ліку 1207 начных). Асабіста падпалкоўнік Пісакоў выканаў два баявыя вылеты на кантроль бамбардзіравання непасрэдна над цэллю. За ўмелае кіраўніцтва штабам палка ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Служыў у палку да кастрычніка 1943 года, пасля чаго праходзіў перападрыхтоўку ў Ваенна-паветранай акадэміі.
З лютага 1944 года – начальнік штаба 199-й штурмавой дывізіі (шад), у складзе якой з чэрвеня таго ж года браў удзел у баявых дзеяннях на 1-м і 2-м Беларускіх франтах. Правёў вялікую работу па падрыхтоўцы штаба да кіраўніцтва часцямі ў складаных умовах сучаснага бою. Удалай арганізацыяй узаемадзеяння з рухомымі злучэннямі і граматнай арганізацыяй радыёсувязі штаб 199-й шад забяспечыў наступальны поспех 9-га танкавага корпуса ў ходзе Беларускай наступальнай аперацыі летам 1944 года, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. За паспяховыя дзеянні пры вызваленні Беларусі дывізія атрымала ганаровае званне «Слонімскай», а за адзнаку ў баях на вісленскіх плацдармах у жніўні 1944 года была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
Выдатным арганізатарам баявых дзеянняў штурмавой авіяцыі ў складаных умовах наземнай абстаноўкі палкоўнік Пісакоў паказаў сябе пры прарыве глыбока эшаланаванай абароны праціўніка ў раёне польскіх гарадоў Пултуск і Макуў і затым у акружэнні праціўніка на тэрыторыі Германіі ва Усходняй Прусіі зімою 1945 года, за што быў узнагароджаны другім ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
Пасля вайны ён працягнуў армейскую службу. За выслугу гадоў быў узнагароджаны яшчэ двума ордэнамі – Леніна і Чырвонай Зоркі. У 1954 годзе выйшаў у адстаўку. Жыў у латвійскім горадзе Елгава, з якім, дарэчы, Лёзненшчыну звязваюць творчыя сувязі. У юбілейным 1985 годзе быў адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені – трэцім па ліку.

Канстанцін ГАЙДУКОЎ, настаўнік Выдрэйскай ЯСБШ.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости
Ознакомьтесь с последними новостями этого автора!
Пять лет в ритме «районки»: история одного призвания
Дзесяцігоддзе пад крылом «Сцяга перамогі»
От первой строчки до семейного архива

Связанные новости