У чарговы раз у літаратурнай кафейні “Пад абажурам” у культурна-аздараўленчым цэнтры сабраліся аматары паэтычнага слова. Нагодай стала выданне зборніка “Абдымаю неба” мясцовай паэткі Вольгі Гілавейні. Сустрэча прайшла 27 мая пад назвай “Пішу… Камунікую… Разважаю”. Гэта радкі аднаго з вершаў жанчыны, ў якім яна дзеліцца з гасцямі патаемнымі скарбамі сваёй душы.

  Арганізавала і правяла мерапрыемства загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі А. А. Бахмацкая. Менавіта яна і ўгаварыла Вольгу перанесці вершы з лічбавага варыянта ў папяровы, а затым сустрэцца з прыхільнікамі яе таленту.  Дарэчы кажучы, В. Гілавейня як аўтар даволі папулярная ў прасторы інтэрнэту. На сайце “Стихи.ру”, дзе яна размяшчае свае творы, болей за 18 тысяч пастаянных наведвальнікаў.  Акрамя гэтага, Вольга  шматразовы намінант  Сеткавых літаратурных конкурсаў “Паэт года-2015”, “Паэт года-2016”, “Спадчына-2017”, удзельніца творчых спаборніцтваў “Свіцязі яснай прыгожыя крылы”, “Руднянскія зоры-2016”, “Дарозе прысвячаю радкі”. Яшчэ вершы паэткі можна сустрэць у альманаху “Верш і я” і ў газеце “Чыгуначнік Беларусі”.

   Свае першыя вершаваныя радкі Вольга Гілавейня напісала, калі працавала правадніцай пасажырскага вагона Віцебскага вагоннага ўчастка.  Гэтаму  актыўна спрыялі такія рамантычныя абставіны як ноч, дарога, зоркі… Зараз жа Вольга працуе ў Доме рамёстваў, адначасова вядзе аб’яднанне па інтарэсах у ЦДіМ, дзе вучыць падлеткаў усім тонкасцям рукадзелля. І тое, што масцярыца ім­кнецца заўсёды быць ў курсе модных напрамкаў (тэхніка нунавойлака, экапрынты, дэкор вопраткі, жывапіс поўсцю і гэтак далей), не перашкаджае ёй тварыць для сваіх чытачоў.  Гэта пацвярджаюць болей за 200 лірычных твораў, якія цяпер сабраныя ў адзіны зборнік.

   – Вершы – гэта форма выражэння пачуццяў, – дзеліцца з гасцямі Вольга. – Вобразы, героі, ідэі ўз­нікаюць самі сабой. Натхненне прыходзіць нечакана, нават, калі займаюся звычайнай хатняй справай. Я пішу не толькі пра  сваё асабістае жыц­цё, але і пра сяброў, проста знаёмых, прысвячаю творы  самым блізкім і дарагім.

   Шмат месца ў зборніку, напэўна, як і ў жыцці В. Гілавейні, займае каханне. Менавіта гэтай тэме пры­свечана больш за ўсё вершаў. Не ўсе яны шчаслівыя і радасныя,  ды гэта  і зразумела – не бывае ідэальных зносін. Таму  ў рэалістычных і калі-нікалі горкіх радках хтосьці пазнае сябе.

   У прадстаўленай кнізе “Абдымаю неба” знойдуцца лірычныя творы на любы густ: і патрыятычныя вершы з раздзела грамадзянскай лірыкі, і бяскрайняя прыгажосць прыроды, нават філасофскія рэлігіёзныя разважанні. Але, як прызнаецца сама аўтар, больш за ўсё ёй падабаецца пісаць менавіта пра навакольны свет, напэўна таму, што яна  ўмее бачыць тое цудоўнае, што хавае акаляючае асяроддзе ад недапытлівых вачэй.

   З рубрыкі “Сумленныя адказы на ананімныя пытанні” госці шмат чаго новага даведаліся пра характар і жыццёвыя прынцыпы паэткі. Напрыклад, што яна не любіць падарожнічаць, бо каля 10 год правяла ў дарозе, працуючы правадніцай, ці тое, што яе любімы аўтар Роберт Раждзественскі. З гэтага апытання чытачы даведаліся і чаму жанчына не ўзяла сабе псеўданім.

   – Я збіралася, але мяне адгаварыў адзін разумны чалавек, – адкрыта гаворыць паэтка. – Галоўным аргументам для мяне стала тое, што ў сетцы і так шмат нікнэймаў, якія 100 працэнтаў паўтараюцца, а прозвішча Гілавейня вельмі рэдкае, таму не мае сэнсу нешта іншае прыдумваць.

   Пакуль Вольга разам з А. А. Бахмацкай чыталі выбраныя вершы, ў многіх слухачоў з вачэй каціліся слёзы, настолькі прачулымі аказаліся некаторыя з іх.  Прачытаць упадабаныя радкі маглі і госці. Вольга Пячонава, знакамітая паэтка Лёзненшчыны, станоўча адазвалася пра  вершы і  пажадала творчых поспехаў. Зачытаў для В. Гілавейні сваё чатырохрадкоўе і мясцовы паэт Руслан Кузняцоў. Павіншаваць таленавітую жанчыну прыйшлі началь­нік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама Т. А. Шульган, дырэктар ЦБС С. У. Дрылёнак, дырэктар Дома рамёстваў І. М. Самусенка, калегі, родныя і блізкія.  Традыцыйна  клуб садаводаў і кветкаводаў “Флора”  пачаставаў ўсіх прысутных травяным смачным чаем і прысмакамі.

Вераніка РЭДЗЬКО. Фота аўтара.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости