Якім ён быў, гэты доўгачаканы дзень? Здагадацца, здаецца, няцяжка. Але нічога не можа параўнацца з непасрэднымі адчуваннямі тых, хто асабіста перажыў незабыўны ранак вясны сорак пятага. Магчымасць акунуцца ў непаўторную атмасферу даюць успаміны нашай зямлячкі, Надзеі Марцецкай, якія Надзея Ільінічна напярэдадні пяцідзесяцігоддзя Вялікай Перамогі даслала следапытам лёзненскай сярэдняй школы №1, выпускніцай якой яна стала перад самай вайной.
«Каля пяці гадзін раніцы ўся наша сям’я прачнулася ад стрэлаў і крыкаў «Ура!». Сну як не было. Мы з маці выбеглі з зямлянкі і ўбачылі незвычайнае радаснае ажыўленне ў нашых суседзяў – маладых салдат, тылавых гаспадарнікаў-нарыхтоўшчыкаў. Там, у іх доўгай зямлянцы-казарме, раптам весела зайграў гармонік, і бывалыя салдаты, удала прыплясваючы, пелі заліхвацкія прыпеўкі. Некаторыя з іх і сёння ў памяці: «Эх! Хромовой носок, подковыривай песок. Фрицы драпают, бегут. Значит, Гитлеру – капут!».
На ўчора яшчэ ціхай лясной палянцы наладзілася сапраўднае свята. Гумар перамежваўся з сур’ёзным, радасць – са слязьмі на вачах. Нейкі момант мы са здзіўленнем глядзелі на тое, што адбывалася. Убачыўшы нас, трое салдат падбеглі насустрач і, перабіваючы адзін аднаго, радасна паведамілі: «Перамога! Немцы капітуліравалі! Вайна скончылася!». Мы з мамай абдымалі іх і плакалі, узрушаныя і ўсхваляваныя да глыбіні сэрца. Салдаты-пераможцы, напэўна, успамінаючы сваіх блізкіх, перацалавалі маіх малодшых братоў.
Усходзіла сонца, асвятляючы верхавіны старых сосен і памаладзеўшых бярозак, усю паляну. Пачынаўся першы доўгачаканы мірны ранак нашай шматпакутнай зямлі – светлы дзень Перамогі.
Сапраўды, гэта быў не сон. Перамога была такім непаўторным шчасцем для кожнага з нас, што нават і праз 50 гадоў людзі майго пакалення падрабязна памятаюць і расказваюць аб ёй сваім нашчадкам. Асабіста ў маім жыцці не было больш радаснага і хвалюючага дня.
Праз некаторы час я ўжо бегла праз усё Лёзна ў будынак райкома камсамола, які знаходзіўся тады на паўночнай ускраіне райцэнтра. Мне хацелася як мага хутчэй убачыць маіх дарагіх сяброў. Падзяліцца з імі незвычайнай навіной. На работу ў гэты дзень усе мы прыйшлі раней звычайнага. Узрушаныя, віншавалі адзін аднаго, «душылі» у абдымках, цалаваліся. Першы сакратар РК ЛКСМБ Тамара Дубоўка сказала: «Усе – на мітынг!».
Па дарозе ў цэнтр мы сабралі вялікі атрад моладзі, і дружна, з песнямі прыйшлі ў парк каля Дома культуры (былой царквы). Там ўжо чакаў нас натоўп мясловых жыхароў. Першай на трыбуну ўзнялася наш камсамольскі важак. Яна з пафасам гаварыла аб тым, якой дарагой цаной дасталася савецкаму народу гэтая перамога, аб абавязку і патрыятызме, задачах, што стаяць перад моладзю. Мае вочы і вушы, а яшчэ больш – сэрца назаўжды захавалі ў памяці нашу неўтаймаваную, мужную Тамару Дубоўка менавіта ў гэты момант. Сваю палымяную прамову камсамольскі важак закончыла прыблізна так: «Нягледзячы на цяжкае рэха вайны, якое заўсёды будзе трывожыць нашы сэрцы, мы, хто застаўся ў жывых, будзем самааддана працаваць на карысць нашай любімай Радзімы. Мы будзем аднаўляць і прымнажаць багацце нашай краіны, дапамагаючы адзін аднаму. Няхай жыве наша Вялікая Перамога».
Гэтаму дэвізу мы засталіся вернымі назаўсёды».
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Падрыхтавала Алена РАТНЁВА. Фота з архіваў рэдакцыі.
