13 студзеня ў раённым Цэнтры культуры прайшоў гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці і аматарскіх аб’яднанняў са званнем “народны” “У творчасці няма межаў!”.

Першымі гасцей сустракалі народныя майстры, якія размяцілі ў фае РЦК выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Клуб творчай інтэлігенцыі “Натхненне” (ДК аг. Дабрамыслі) і клуб майстроў і мастакоў “Крыніцы” раённага Дома рамёстваў расказвалі пра поспехі аб’яднанняў, наватарства ў рамястве, а таксама заклікалі прыходзіць на майстар-класы. Клуб кветкаводаў і садаводаў-аматараў “Флора” (ЦБС) частаваў гасцей травянымі напоямі.
Працягнулася мерапрыемства ў зале, дзе гледачы змаглі пазнаёміцца з творчасцю астатніх калектываў. Перад кожным нумарам вядучыя не толькі прадстаўлялі выступоўцаў, але і адзначалі іх найбольш значныя дасягненні за мінулыя гады.
Адкрыў сустрэчу аркестр народных інструментаў раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Аляксандра Барысевіча. У яго складзе выступалі таленавітыя выкладчыкі Лёзненскай дзіцячай школы мастацтваў. Як і заўсёды, пакінулі пасля сябе добрыя ўражанні ўдзельнікі клуба “Ветэран”. Наступнымі на сцэну выйшлі Сцяпан Мехаў і Вольга Савіцкая, удзельнікі тэатра “Вытокі”, які вось ужо 6 гадоў працуе пры ДК аг. Веляшковічы. Прадстаўленая імі сцэнка спадабалася гледачам, пра гэта казаў і громкі смех, і шчодрыя апладысменты.
Ярка і з душой выступіў клуб аўтарскай песні “Гармонія” (аг. Дабрамыслі). Выступленне музычнай групы вылучалася сярод іншых нумароў тым, што да кожнай песні ішла невялічкая прадмова: паведамлялася жыццёвая гісторыя, якая натхніла аўтараў на стварэнне таго ці іншага тэксту. Дарэчы, ў гэтым годзе “Гармонія” адзначыць 25-гадовы юбілей, як і яшчэ адзін знакаміты калектыў эстраднай песні выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў “Кансананс”. Яго ўдзельнікі таксама парадавалі гасцей мілагучнымі спевамі.

Не маглі не запрасіць на такое значнае раённае мерапрыемства і тэатральнае аб’яднанне РЦК “У пошуку…”, якое ўжо шмат гадоў працуе пад кіраўніцтвам Генадзя Цыганкова, сапраўднага аматара тэатра, які ведае толк у гэтым накірунку.
З лірычнымі песнямі выступілі ансамбль “Пушкоўскія спявачкі” і фальклорны калектыў ДК аг. Адаменкі “Медуніца”. Апошнім выйшаў на сцэну хор народнай песні РЦК, які ўжо на працягу 50 гадоў даруе лёзненцам свае вакальныя нумары.
Вераніка Рэдзько.
