
Лічыцца, што тэатральная дзейснаць паступова згасае. Сапраўды, на спектаклі рэдка збіраюцца поўныя залы. Людзі спасылаюцца на тое, што ў жыццёвым кругазвароце не знаходзяць часу, каб спыніцца нават на некалькі гадзін і далучыцца да прыгожага. Але многія з тых, хто хоць раз пабываў на спектаклі, назаўсёды застаюцца прыхільнікамі дадзенага віда мастацтва.
Вось і напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, калі на Лёзненшчыне стартавала тэатральная дэкада “На мяжы з думкай пра тэатр”, ў зале РЦК сабралася невялічкая, але шчырая ў сваёй любові да мастацтва, аўдыторыя. Дзеля таго, каб поўнасцю насыціць публіку духоўнай ежай, галоўны арганізатар, рэжысёр і метадыст, вядучы спецыяліст па тэатральнаму жанру РЦК Г. В. Цыганкоў запрасіў калектывы не толькі Лёзненскага раёна, г. Віцебска, але і Смаленскай вобласці. Генадзь Васільевіч перад прадстаўленнямі пазнаёміў прысутных з гісторыяй нашага народнага тэатра “У пошуку…”, кіраўніком якога ён сам непасрэдна з’яўляецца. Бо, па яго словах, як і кожны чалавек мае асаблівасці твару, па якіх можна яго характарызаваць, так і тэатральныя калектывы маюць сваю адметную гісторыю.

Пачатак святкаванню паклала прамацерка ўсіх тэатраў – батлейка, сюжэт для якой быў запазычаны са старажытнай п’есы “Камедыя” беларускага драматурга Каятана Марашэўскага. Героі гэтага прадстаўлення не толькі падаравалі гасцям добры настрой, але і пачаставалі квасам і клёцкамі.
Першым свой спектакль прадставіў адзін са старэйшых калектываў Лёзненшчыны, творчы шлях якога пачаўся яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, шматразовы дыпламант Віцебскага фестывалю “Тэатральныя далягляды вёскі”, лаўрэат абласнога фестывалю “Тэатр і цыркавое мастацтва імя Ю. У. Нікуліна”, які праходзіць у г. Дзямідава Смаленскай вобласці– веляшковіцкі народны тэатр “Вытокі”. Акцёры разам са сваім кіраўніком С. П. Мехавым прадэманстравалі камедыю маладога расійскага драматурга Таццяны Камылінай “Тапачкі з чэкам”. Хоць п’еса і гумарыстычная, але ў ёй закраналіся вострыя тэмы: жыццё маленькіх вёсак і адзінота пажылых людзей. Потым, ужо пасля выступлення, Сцяпан Пятровіч прызнаўся, што шкадуе толькі аб адным – карпатлівую і адданую працу выканаўцаў ралей убачыла так мала лёзненцаў.
Наступнымі сваё тэатральнае майстэрства паказалі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва – рэжысёры пад кіраўніцтвам І. В. Баярынцава. Маладыя юнакі і дзяўчаты выступалі з жартамі А. П. Чэхава ў адну дзею “Юбілей” і “Прапанова”. Эмацыянальная ігра акцёраў не магла пакінуць абыякавымі прысутных.

Яскрава і бліскуча адыгралі камедыю Аляксандра Дакучаева “Сібір. Субота. Лазня” сябры-тэатралы з вёскі Перавалочча Руднянскага раёна – народны калектыў “Дыялог”. Суседзі з замежжа першы раз прынялі ўдзел у тэатральнай дэкадзе на Лёзненшчыне, таму мы вырашылі пазнаёміцца з імі бліжэй.
– Наш тэатр распачаў сваю дзейнасць у 1985 годзе, а ў 2004-м атрымаў званне “народны”, – распавядае кіраўнік “Дыялогу” Н. А. Скрыдлова. – Мы вельмі рады, што нас запрасілі на творчы фестываль “На мяжы з думкай пра тэатр”. Сюды прыехалі з камедыяй, так як не ведалі густу мясцовых гледачоў, а жарты заўсёды ўсім падабаюцца. Так званы бяспройгрышны варыянт. Але на самой справе рэпертуар у нас вельмі разнапланавы, ад сур’ёзных драм да лёгкіх жартаў. А наконт колькасці прысутных, нічога жахлівага, мы бачылі і намнога менш. Колькі б не было ў зале чалавек, галоўнае – яны ёсць. А раз так, то нам ёсць дзеля каго старацца. З задавальненнем яшчэ раз з вамі сустрэнемся.
Напрыканцы першага тэатральнага дня фестывалю начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. А. Шульган падзякавала ўдзельнікам агляда-конкурса за тое, што нягледзячы ні на што, знайшлі магчымасць прыехаць і падзяліцца з іншымі хараством тэатральнага мастацтва, а таксама ўручыла выступоўцам дыпломы і памятныя падарункі.
Вераніка Рэдзько.
