Запрашаю вас, дарагія чытачы, зрабіць цікавае падарожжа ў сталіцу нашай краіны, а менавіта – у Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь і музей кнігі.
Як гэта здорава падарожнічаць! Адкрываеш новыя мясціны, узбагачаеш свае веды, поўнішся новымі эмоцыямі, а потым дзелішся ўражаннямі з сябрамі і знаёмымі. Хтосьці імкнецца паехаць за мяжу, у далёкае і блізкае замежжа, а я люблю падарожжы па сваёй Беларусі. Колькі тут цікавых мясцін са слаўнай гісторыяй!
Францыск Скарына адзначаў, што «кніга – крыніца мудрасці, якая вядзе да дабрачыннасці». А Уладзімір Караткевіч пісаў: «Кнігі – гэта скарб, які не старэе».
У гэтым яшчэ раз пераканалася, калі наведала музей кнігі, размешчаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Вось яно, сапраўднае царства Кнігі! Ёсць што паглядзець і атрымаць пазітыўныя ўражанні.
Пастаянная выстава «Врата книжных сокровищ» распавядае аб гісторыі развіцця кніжнай справы: ад папіруса, манускрыптаў, рукапісных кніг да першых друкаваных экзэмпляраў. Тут вы ўбачыце і два асноўныя тыпы «прабацькоў» сучаснай кнігі: світак (звёрнутая стужка) і кодэкс (стос пласцін). Уразяць вас і матэрыялы, якія выкарыстоўвалі продкі, каб перадаць мудрасць вякоў. Гэта гліна, папірус, бераста, пальмавыя лісты, бамбук. Прыцягваюць увагу наведвальнікаў унікальныя кніжныя помнікі, рукапісныя і старадрукі, рэдкія выданні XV-XXI стагоддзяў. Жамчужынай калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца кнігі Бібліі (1517-1519 гадоў) беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Тут можна пабачыць і Евангелле напрастольнае, выдадзенае ў Вільні Пятром Мсціслаўцам (1575), выданне Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага на польскай мове, Новы Запавет з Псалтыром, выдадзены ў Куцейне (1652), старадрукаваны атлас сярэдзіны XVII ст. А таксама пазнаёміцца з першымі афіцыйнымі газетамі на беларускай мове «Наша ніва» (1906) і «Наша доля» (01.09.1906), прыжыццёвымі выданнямі А. Міцкевіча, Я. Коласа, Я. Купалы, кнігамі з аўтографамі Э. Заля, М. Багдановіча, М. Шагала, П. Пікасо, М. Цвятаевай, І. Буніна, М. Гогаля і інш. Рарытэтныя выданні розных часоў зачароўваюць сваёй атмасферай. Самая маленькая мініяцюрная кніга ў музеі – «Чудо из чудес» – у даўжыні не дасягае і сантыметра. А самая вялікая – «Церковный устав XVII ст.» важыць больш за 15 кг.
Экспазіцыя «Национальная библиотека Беларуси. Вехи истории» расказвае аб станаўленні і развіцці буйнейшага кнігасховішча нашай краіны з 1922 года і па сённяшні дзень. Зазірнуць праз дзесяцігоддзі дапамогуць фотаздымкі розных будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і людзей, якія стаялі ля вытокаў яе стварэння, а таксама ўзнагароды і сімвалічны ключ ад сучаснага будынка.
У раздзеле музея «Еўрапейская старадрукаваная кніга XVI-XVII стагоддзяў» экспануюцца ўнікальныя сачыненні Эразма Ротэрдамскага, прыжыццёвыя выданні Марціна Лютэра. А яшчэ ёсць магчымасць убачыць рэлігійныя кнігі розных канфесій. А раздзел «Падарункі бібліятэцы» змяшчае падарункавыя выданні, пано, вышыўкі, распісаныя талеркі, нацыянальныя касцюма народаў свету і ўсё – незвычайнай прыгажосці!
Будучы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, немагчыма не пабываць на аглядавых пляцоўках у верхняй частцы высотнага фондасховішча. Некалькі хвілін у ліфце – і вы на 23 паверсе на вышыні 73 метраў! Мінск як на далоні. Панарамны выгляд заварожвае, а сэрца поўніцца гонарам за нашу сталіцу!
Хоць сучаснае грамадства насычана лічбавымі тэхналогіямі, але кніга па-ранейшаму не губляе сваю ўнікальную ролю ў жыцці людзей. Яна – незаменная крыніца ведаў, духоўнага развіцця і адпачынку, спадарожнік на шляху самаўдасканалення. Кніга вучыць думаць, аналізаваць, рабіць высновы, фарміруе культуру маўлення, узбагачае слоўнікавы запас і ўнутраны свет чалавека. Кожная кніга нясе сваю энергію. І гэта важна для нас, бо ў любым узросце чалавек штосьці новае для сябе пазнае, робіць высновы ці проста радуецца сустрэчы з прыгажосцю мастацкага слова.
Калі у вас, паважаныя чытачы, будзе магчымасць, абавязкова наведайце Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь і музей кнігі.
Аўтар: Наталля СУДАРЫКАВА, настаўніца Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц. Лынькова. На фота: Наталля Сударыкава ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.
