Нядаўна ў вёсцы Чарнаручча,
на цэнтральнай яе вуліцы, мне прыйшлося назіраць забытую апошнім часам дзею
Аднавяскоўцы прыпынілі вясельны картэж, перагарадзіўшы дарогу гірляндай з кветак. Маладыя, здаецца, убачыўшы заслон, адразу зведалі лёгкі шок, бо не чакалі такога сюрпрызу. Дружка з жаніхом паспрабавалі як мага хутчэй “адкупіцца”. Але ў адказ ім пасыпаліся яскравыя прымаўкі ды настойлівае патрабаванне паказаць нявесту. Нічога не заставалася, як згадзіцца. Думаецца, аб тым ніхто потым не пашкадаваў. Маладыя з асаблівай увагай выслухалі добрыя пажаданні ад землякоў, большай часткаю людзей з вялікім сямейным стажам, мудрыя словы якіх прагучалі ў жартоўнай форме, яскрава і вобразна. Яны далі наказ маладым на доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё. Падняслі самыя простыя падарункі – вырашчаную агародніну, якая на вачах набывала незвычайны сэнс, станавілася сімвалам: капусту – каб у доме ніколі не было пуста; моркву – каб нявестка любіла свякроўку; гарбуз – каб нарадзіўся добры карапуз; палена – каб цалаваў муж жонку ў калена і таму падобнае. Пасля такога віншавання жаніх з нявестай і госці весела паехалі далей, бо дома іх зачакаліся бацькі маладога. Пацяплела на душы і ў тых, хто віншаваў, ад адчування, што выканалі нейкую вельмі важную справу. Над вёскаю ўвечары гучалі вясёлыя, а часам і сумнаватыя вясельныя песні. Як ўсё ж добра, што абрады далёкіх продкаў не забыты і сёння прысутнічаюць у жыцці, прыносяць радасць і выхоўваюць сучасную моладзь.
Таццяна Ігнаценка.


