Па выніках працы ў 2021 годзе намеснік дырэктара РЦК – загадчык метадычным аддзелам Ганна Фёдараўна Чэпікава занесена на раённую Дошку гонару
Найвялікшая каштоўнасць нашай Радзімы – людзі, якіх яна ўзгадавала, напоўніла сокам і сілай роднай зямлі, падарыла крылы натхнення. Адна з такіх дачок беларускага памежжа – Ганна Фёдараўна Чэпікава. Нарадзілася яна ў вядомых з сярэднявечча Адаменках. З маленства, нібы матчына малако, успрымала аўтэнтычныя беларускія песні ў выкананні бабулі з вёскі Альхавік.
Аляксандра Рыгораўна пражыла доўгае – 95 гадоў – і няпростае жыццё. Пераадольваць цяжкасці жанчыне дапамагала песня. «Песня – найлепшы памочнік і лекар», – гаварыла бабуля. Для Ганны гэтыя словы сталі жыццёвым дэвізам. Здаецца, у складаныя хвіліны не да песні, але менавіта спевы дапамагаюць Ганне Фёдараўне адчуць заспакаенне.
– Мая любоў да беларускай мовы пачалася ад народных песень. Маленькай дзяўчынкай слухала іх у выкананні бабулек з Альхавіка. Многія з іх запісала ў свой час мая поўная цёзка Ганна Фёдараўна Макравусава. Танец «Кадрыль», які добра знаёмы ў раёне, таксама бярэ пачатак з гэтай вёскі. Ганна Фёдараўна з шасцігадовага ўзросту далучыла мяне да выступленняў на сцэне Адаменскага Дома культуры. Дзякуючы ёй мой шлях ад аматарскай самадзейнасці прывёў у прафесію. Пасля заканчэння другой школы гарпасёлка паступіла ў Віцебскі каледж культуры і мастацтваў на аддзяленне «Рэжысура народных абрадаў і свят». У 2009 годзе адправілася працаваць у родны Адаменскі Дом культуры. Гэта было лёсавызначальнае размеркаванне, таму што тут я пазнаёмілася з Сяргеем Сяргеевічам Піваварчыкам, з якім мы працуем у адной творчай звязцы ўжо 14 гадоў. У той жа год – 2009-ы – ён быў назначаны на пасаду дырэктара ўстановы. Разам з ім мы паступілі ў Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Я вельмі ўдзячна Сяргею Сяргеевічу і Ганне Фёдараўне за моцныя плечы падтрымкі з пачатку працы ў сферы культуры і па сённяшні дзень.
Мая субяседніца крок за крокам ўздымалася па ступеньках прафесійнай дзейнасці. Працавала акампаніятарам і мастацкім кіраўніком Дома культуры ў Адаменках, метадыстам па аматарскіх аб’яднаннях раённага цэнтра культуры. Пяць гадоў таму змяніла Г.Ф. Макравусаву на пасадзе намесніка дырэктара РЦК – загадчыка метадычным аддзелам. На той час Лёзненскі РЦК лічыўся адным з лепшых у вобласці, таму малады загадчык вельмі хвалявалася, каб утрымаць планку на належным узроўні. Трэба адзначыць, што з пастаўленай задачай Ганна Фёдараўна спраўляецца паспяхова. Асноўная сфера дзейнасці заключаецца ў курыраванні працы сельскіх устаноў культуры, аказанні ім метадычнай дапамогі, арганізацыі ўдзелу ўсіх калектываў раёна ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
– Я строгая да працы падначаленых. Люблю, каб быў парадак, паважаю супрацоўнікаў, якія якасна і добрасумленна адносяцца да абавязкаў, – кажа Ганна Фёдараўна. (Шчыра кажучы, яе вобраз жыццярадаснай, добразычлівай жанчыны, якую ніколі не прыходзілася бачыць без шчырай усмешкі, ніяк не атаясамліваецца са строгасцю. -аўт.).
У скарбонцы працоўных дасягненняў Ганны Фёдараўны – арыгінальныя аўтарскія сцэнарыі шматлікіх мерапрыемстваў, у тым ліку праграма «Сунічных бароў». Кожны год у рамках правядзення фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» раёны вобласці маюць 20 хвілін для прадстаўлення куточка малой радзімы. Намеснік галоўнага дырэктара Центра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская высока ацаніла тэатралізаваны пралог Лёзненскага РЦК і папрасіла паўтарыць яго на абласным свяце «Дажынак». Трыа вядучых – Ганна Чэпікава, Яна Таўкачова, Сяргей Піваварчык – занялі 2 месца на абласным конкурсе вядучых. На працягу чатырох гадоў запар у пары з Аляксандрам Усцінавым прадстаўляе Лёзненшчыну на абласным турніры нацыянальных танцаў. У мінулым годзе танцавальны дуэт стаў лаўрэатам ІІ-й ступені ўзгаданага конкурсу, пасля чаго іх запрасілі на XI-ы рэспубліканскі фестываль фальклорнай творчасці «Берагіня». Такога гонару былі ўдастоены толькі тры пары з Віцебскай вобласці.
– Напрыканцы мая ў Слуцку і Любані праходзіў рэспубліканскі семінар па фальклору, куды з Віцебскай вобласці было запрошана тры культработніка, я ўвайшла ў іх лік, – расказвае Г.Ф. Чэпікава. – На працягу двух дзён удзельнікі семінара знаёміліся з фальклорнай спадчынай Міншчыны. Прыемна было заўважыць, як лёгка між сабою стасуюцца мінчане на беларускай мове. Нам, жыхарам памежнага раёна, можна гэтаму пазайздросціць. Шкада, што сфера ўжывання роднай мовы з часам звужаецца. Я сама вельмі люблю беларускую мову. Люблю чытаць і перачытваць класікаў – Караткевіча, Быкава, Мележа. Праўда, здараецца гэта не так часта, як хацелася б, але, калі адчуваю востры прыступ літаратурнага голаду, магу не спаць цэлую ноч, пакуль не дачытаю кнігу да канца. Далучаю да беларускага слова і хрэсніка Віктара.
Дзевяцігадовы Віктар Бондараў – сувядучы любімага праекта Г.Ф. Чэпiкавай – «Вкусный PROменад». Апошнім часам у свеце актыўна набірае папулярнасць гастранамічны турызм. Традыцыйная кухня ўспрымаецца гастранамічнымі турыстамі праз прызму гісторыі, культуры, звычаяў пэўнага рэгіёна. Разам з Віцем Ганна Фёдараўна здзяйсняе смачныя падарожжы па вёсках Лёзненшчыны ў пошуках напаўзабытых страў. Гатуюць іх мясцовыя гаспадыні ў печы. «Бабка», «Лапуны», «Транчук па калена», пірагі з крапівой – выклікаюць цікавасць ужо толькі назвы незвычайнай ежы. Паглядзець усе выпускі «Вкусного PROменада» можна на YouTube канале РЦК. Па выніках шпацыраў складзена гастранамічная карта Лёзненшчыны. Пра названы праект расказвалі абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. З’явілася свята рэгіянальнай кухні «Лёзненшчына смачная». У рамках святкавання вызвалення Лёзна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 10 кастрычніка мерапрыемства адбудзецца ў трэці раз. Дарэчы, Віктар быў адзначаны спецыяльным дыпломам сярод сарака ўдзельнікаў першага абласнога конкурсу дзіцячай творчасці «Лепш за ўсіх», які праходзіў у Шаркаўшчыне. Хлопчык прадставіў макет Дома культуры са спадручных матэрыялаў.
У сваім юным узросце Віктар ўпэўнены, што будучая прафесія будзе звязана толькі са сферай культуры. Як толькі малы навучыўся хадзіць, яго адразу пачалі задзейнічаць у разнастайных выступленнях, і на публіцы Віктар адчувае сябе як рыба ў вадзе. Немалая заслуга ў гэтым яго матуль – роднай Л.С. Бондаравай, загадчыка аддзелам па працы з дзецьмі РЦК, – і хроснай.
Акрамя таго, мая субяседніца вывучае фальклорныя і бытавыя танцы Лёзненшчыны, надае ім сцэнічнае жыццё. «Лысы», «Падчардаш», «Падыспань», «Субота» – заўсёды з захапленнем успрымаюцца гледачамі. У саставе народнага фальклорнага калектыва «Медуніца», якім кіруе Г.Ф. Макравусава, Ганна Фёдараўна выступала на ўсіх сцэнічных пляцоўках вобласці, ездзіла з канцэртам на Дні беларускай культуры ў Елгаву (Латвія). Давялося пабываць на абласным і рэспубліканскім тэлебачанні.
– Але ніводная сцэна, магчыма, нават з больш якаснай апаратурай, не здольная параўнацца з аўрай роднага Лёзненскага РЦК, – кажа Ганна Фёдараўна. – Адчуваю сябе тут максімальна камфортна і ўтульна, а апладысменты землякоў – найлепшая ўзнагарода. Аб тым, што звязала лёс са сферай культуры раёна, ніколі не пашкадавала ні на хвілінку. Нягледзячы на тое, што праца патрабуе шмат намаганняў і часу, не абмежаванага рабочым днём. Жыццё і творчасць на карысць роднага куточка радзімы – гэта маё натхненне, мая стыхія.
Вольга ПІНЧУК.
