Аповед аб тым, як важна не здавацца і ўпарта ісці ўперад. А яшчэ адказна працаваць на карысць роднай замлі.
Выпускнікі Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц. Лынькова – гэта наш гонар. Дзе б яны ні працавалі, кім бы ні былі, яны з адказнасцю выконваюць свае абавязкі. Мне хочацца пазнаёміць вас са сваім братам – Міхаілам Васільевічам Алёшкіным.

Пераклэсленыя мары
Нарадзіўся Міша 24 мая 1965 года ў вёсцы Крынкі. У дзяцінстве наведваў тут дзіцячы сад. 1 верасня 1972 года быў залічаны ў першы клас мясцовай сярэдняй школы. Першая настаўніца – Лілія Васільеўна Казлова. Па выніках навучальных гадоў узнагароджваўся пахвальнымі лістамі.
Летам 1982 года спрабаваў паступіць у ваенны інстытут імя Мажайскага, які знаходзіўся ў Ленінградзе (зараз Санкт- Пецярбург). Але ў маі перанёс аперацыю (апендытыт) і па стане здароўя не прайшоў медыцынскую камісію. Толькі надзея стаць ваенным не пакінула. На працягу года працаваў у будаўнічай брыгадзе на племзаводзе «Крынкі» і самастойна рыхтаваўся да паступлення ў Разанскае вышэйшае ваеннае вучылішча паветрана-дэсантных войскаў. Нажаль, не прайшоў па конкурсе, нягледзячы на атрыманыя адзнакі на экзаменах (матэматыка пісьмова – 4, матэматыка вусна – 5, фізіка вусна – 4, руская мова сачыненне – 3, сярэдні бал атэстата 4,8). Таму падаў дакументы ў Віцебскі палітэхнічны тэхнікум на спецыяльнасць «рэгуліроўшчык радыёапаратуры».
Далейшы шлях падказала армія
21 мая 1985 года прызваны на вайсковую службу ў рады Узброеных Сіл СССР. Служыў у палку СМЧМ дывізіі імя Ф. Дзяржынскага ў Маскве. За дзень да звальнення з радоў Узброеных Сіл, 28 мая 1987 года, увачавідкі бачыў пасадку на Красную плошчу самалёта, пілаціруемага грамадзянінам Германіі Рустам.
Праходзячы ваенную службу, прыняў рашэнне служыць у органах унутраных спраў. Пасля дэмабілізацыі ад УУС Віцебскага аблвыканкама атрымаў накіраванне на паступленне ў Мінскую вышэйшую школу міліцыі Міністэрства Унутраных Спраў СССР.
Закончыў Мінскую вышэйшую Школу міліцыі Міхаіл ў чэрвені 1991 года па спецыяльнасці «правазнаўства» з прысваеннем спецыяльнага звання «лейтэнант міліцыі».
За час навучання ў МВШ МУС СССР быў двойчы камандзіраваны на забеспячэнне аховы грамадскага парадку ў Закаўказзі. У перыяд з 21 верасня да 21 снежня 1988 года знаходзіўся ў Арменіі ў Ерэване і ў Зарытапскім раёне на мяжы з Нахічаванскай вобласцю Азербайджанскай ССР. У верасні-лістападзе 1989 года прымаў удзел у забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі грамадзян у Нагорным Карабаху.
Ведай нашых!
У лістападзе 1990 года ў саставе каманды МВШ МУС СССР удзельнічаў ва Усесаюзнай алімпіядзе сярод вучэбных устаноў сістэмы МУС СССР «Студэнт і навукава-тэхнічны прагрэс», на якой заняў першае і прызавое месцы па дысцыплінах «Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства», «Аператыўна-разыскная дзейнасць». Каманда МВШ МУС СССР заняла першае агульнакаманднае месца на гэтай алімпіядзе.
З 1 верасня 1991 года працаваў у сістэме органаў папярэдняга расследавання МУС Рэспублікі Беларусь. Прафесійную дзейнасць пачынаў са следчага следчага аддзела Завадскога РАУС Мінска. Затым быў старэйшым следчым, старэйшым следчым па асоба важных справах, начальнікам ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сістэме галоўнага следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС Рэспублікі Беларусь. Закончыў службу на пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Звольнены ў званні палкоўніка юстыцыі. Узнагароджаны медалямі «За безупречную службу» III і II ступеней.
Стала шчаслівым імя
Пражывае ў Мінску. У сям’і брата двое дзяцей: дачка Яўгенія і сын Андрэй. У Мішы ёсць унучка Насця і трое ўнукаў: Міхаіл, Аляксандр і Артур. Дарэчы, Міхаілам назвала свайго першага сына братава нявестка Каця. У мяне таксама нарадзіўся ўнук, і сын Дзіма з жонкай Дашай назвалі яго Міша.
Брат ужо на заслужаным адпачынку. Шмат часу праводзіць на дачы. А яшчэ займаецца вырабамі з дрэва. Які прыгожы домік зрабіў для ўнукаў! Цэлы дзіцячы комплекс! А якія шыкоўныя кармушкі і домікі для птушак! Размешчаны яны не толькі на яго дачным участку, але і ва ўсіх суседзяў.
Брат Міхаіл добры і спагадлівы, заўсёды прыйдзе на дапамогу, не пакіне ніколі ў бядзе. Мы з сястрой Вольгай шчаслівыя тым, што маем такога брата.
Наталля Сударыкава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Крынкаўская сярэдняя школа імя М.Ц. Лынькова Лёзненскага раёна».
/Фота з асабістага архіву аўтара/
Чытайце таксама:
«Они не посрамили свой род…». У героя публикации «районки» нашлись родственники в Лиозненском районе
