КАЛЕЙДОСКОП
1 минута для чтения
325

Моцныя карані малой радзімы

5 августа, 2015
0
Моцныя  карані малой  радзімы

Нягледзячы на тое, што лёс параскідаў па свеце, браты Траяноўскія збіраюцца ў родным кутку амаль кожны год, каб хоць дзень-два пабыць разам, наведаць, як яны кажуць, галерэю продкаў на бабінавіцкіх могілках, пакатацца на лодцы па возеры, узгадаць былое. Прыезд на малую радзіму для іх заўсёды надзвычайная радасць.

Сустрэча з сынамі вядомага на Лёзненшчыне рэжысёра Р. А. Траяноўскага адкрыла новыя старонкі яго жыцця і дапоўніла колішняе маё ўяўленне аб гэтым таленавітым чалавеку, якому ўдавалася аб’ядноўваць вакол сябе творчых землякоў і ставіць на раённай сцэне для правінцыяльнага масштабу сапраўдныя шэдэўральныя спектаклі. Рыгор Афанасьевіч займаў пасаду дырэктара Дома культуры і быў апантаны тэатрам. А ў сям’і раслі хлопчыкі – Барыс і Андрэй, якія міжволі станавіліся сведкамі творчага жыцця бацькі, пераймалі ад яго традыцыі вялікага роду Траяноўскіх.
– Я добра памятаю дзядулю, Афанасія Мікалаевіча, – расказвае старэйшы Траяноўскі, Барыс Рыгоравіч. – Ён 1905 года нараджэння. Быў на вёсцы майстрам ганчарнай справы. Я некалькі разоў ездзіў з ім за возера ва ўрочышча Зелянуха капаць нейкую незвычайную гліну. Самаробны паліваны посуд ён вазіў прадаваць на кірмаш у Лёзна, Оршу, БелГРЭС і Смаленск. Дарэчы, аб ім я прачытаў пазней у кнізе “Беларуская кераміка”. Там сказана, што дзед быў лепшым ганчаром у наваколлі. Ён перажыў калектывізацыю. У 30-я гады ў Бабінавічах была арганізавана арцель “Чырвоны паліўнік”. Гаварыў, што яму было пад сілу выконваць амаль палову агульнай нормы. Затым стаў шафёрам. Усю вайну правёў за баранкай бензавоза, перамогу сустрэў у Берліне. Бацька, у сваю чаргу, ад яго навучыўся ляпіць з гліны свістулькі і розныя цацкі. У 1943 годзе прабабуля, бабуля і тата, які тады быў малы, апынуліся ў нямецкім палоне. Перасылка ішла праз канцэнтрацыйны лагер. Прабабуля памерла ад тыфу ў польскім горадзе Гралева. А астатніх родных адправілі далей. На тэрыторыі Германіі ў гарадку Трасінген быў той працоўны лагер, дзе яны былі занятыя ў пральні.
Пасля вайны Рыгор Траяноўскі скончыў восем класаў, затым служыў у арміі ў Карэліі. Была магчымасць застацца на звыштэрміновую, але ён не захацеў, вярнуўся дадому. Як даволі пісьменнага на той час, хлопца ўзялі загадчыкам хаты-чытальні. Тады ж у Бабінавіцкую школу прыслалі маладую настаўніцу Ліяну Арцёмаўну Шляпаву, з якой Рыгор пазнаёміўся, затым і ажаніўся. Барыс нарадзіўся ў 1958 годзе ўжо ў Лёзне, куды бацьку перавялі дырэктарам РДК. Пад уплывам жонкі Рыгор Афанасьевіч стаў вучыцца далей. Скончыў вячэрнюю школу, затым у Маскве Шчукінскае вучылішча пры тэатры Вахтангава. У гэты час ён сур’ёзна займаўся тэатрам. Так без адрыву ад работы атрымаў дыплом рэжысёра драмы. Р. А. Траяноўскі на дзіва лёгка сыходзіўся з людзьмі. Неаднойчы ездзіў у Маскву. Напрыклад, прасіў дазволу ў Барыса Васільева, каб зрабіць інсцэніроўку яго аповесці “Не страляйце ў белых лебедзяў”. Раіўся з Міхаілам Рошчыным наконт пастаноўкі п’есы “Валянцін і Валянціна”. Яго ведалі многія. Напрыклад, кінаактрыса Наталля Варлей, спявак Віктар Вуячыч былі яго добрыя знаёмыя. Захаваўся аўтограф Уладзіміра Мулявіна.
– Мы доўга чакалі бацьку вечарамі, – успамінае старэйшы сын. – Але не крыўдзіліся за гэта, бо адчувалі, якое важнае месца ў яго жыцці займае работа. Не будучы партыйным, ён працяглы час утрымліваўся на кіраўніцкай пасадзе. Відавочна, толькі дзякуючы свайму прафесіяналізму. Здзіўляла тое, што для яго зусім не характэрны комплекс правінцыяла. Куды б ён ні паехаў, абавязкова знаходзіў таго, каго трэба, і дабіваўся таго, што трэба. Вядома, бацька хацеў шмат зрабіць і для сям’і. Бывала, наносіць дадому грыбоў, ягад. Бабінавіцкі лес ён абышоў уздоўж і ўпоперак.
Андрэй Рыгоравіч успамінае, як бацька вучыў яго працаваць з дрэвам. Браў з сабою ў лес, адкуль яны прыносілі карчы падобныя на звяроў або на чалавечыя постаці. Апрацоўвалі іх і размяшчалі ў доме і ў двары. Андрэй сярэднюю школу заканчваў ужо ў Горках, куды Р. А. Траяноўскага перавялі выкладчыкам на кафедру эстэтыкі.
– Я сам вучыўся ў акадэміі і бачыў, як бацька працаваў са студэнтамі. Акрамя сельскагаспадарчай прафесіі маладыя людзі там атрымлівалі рознабаковае развіццё, у тым ліку, спрабавалі сябе ў ролі акцёраў.
Траяноўскі вызваў да сябе ў Горкі віцебскага кампазітара Б. Я. Магаліфа, з якім супрацоўнічаць пачаў яшчэ ў Лёзне. Рыгор Афанасьевіч і Барыс Якаўлевіч былі сапраўднымі сябрамі па жыцці. Калі памерла жонка, а сыны сталі жыць асобна, Рыгор Афанасьевіч аддаваў усяго сябе творчасці, нават калі здароўе пачало здаваць. Сэрца яго спынілася падчас рэпетыцыі. Тады штосьці там не атрымлівалася, рэжысёр расхваляваўся і, зрабіўшы перапынак, выклікаў сабе “хуткую дапамогу”. Яна не паспела. Пахавалі яго ў Горках, дзе ён быў вядомы і прызнаны. Але ў Бабінавічах, мяркуюць сыны, жыве бацькава душа, таму іх і цягне сюды, на малую радзіму. Вартыя сваіх родных, абодва яны адбыліся прафесіянальна і ў жыццёвым плане.
– Вялікую ролю ў нашым выхаванні адыграла мама, – кажа Барыс Рыгоравіч. – Яна заўсёды была накіроўваючай сілай. У нас ад яе не мелася сакрэтаў. На жаль, рана пайшла з жыцця. Бацька прывіў нам любоў да прыроды, быў прыкладам вялікай волі, мэтанакіраванасці, працаздольнасці. Уражваў сваёй адоранасцю. І каштоўная яго рыса: ні ў якім выпадку не ставіў сябе вышэй за іншых, не прыніжаў людзей.
У кожнага з братоў свой шлях. У Барыса школьная мара стаць гісторыкам не збылася. Пасля школы хацеў паступаць у Смаленскі педінстытут, аднак там трэба было здаваць англійскую мову, якую ён не вывучаў. Затое нямецкую ведаў вельмі добра. Настаўніца Зінаіда Паўлаўна Харчанка дала такую базу, з якой затым яму было лёгка вучыцца ў ВНУ.
– Крыху прыйшлося працаваць у друкарні раённай газеты, – працягвае Б. Р. Траяноўскі. – На той час там працавалі Іван Міхайлавіч Вінаградаў, муж і жонка Шлюевы. У той год аднакласнік Генка Гукалаў паступіў у Пушкінскае ваеннае вучылішча. Ён падказаў мне, што ў тым вучылішчы ёсць хакейная каманда (а я заўсёды любіў хакей) і можна атрымаць адукацыю інжынера-будаўніка. Я лёгка паступіў, а пасля праслужыў ва ўзброеных сілах без малага 24 гады.
На працягу ўсяго часу ён іграў у хакей, выступаў за армейскія каманды, быў прызёрам першынстваў Ленінградскай, Прыволжскай ваенных акруг. Па стану здароўя звольніўся ў запас у званні падпалкоўніка. З 2000 года ён у складзе хакейнага клуба “Лада” у Тальяці. Удзельнічаў у двух розыгрышах Кубка свету сярод ветэранаў – у Канадзе і Фінляндыі. Быў пераможцам Кубка свету 2000 года. Пасля былі міжнародныя турніры ў ЗША, Чэхіі, Нарвегіі. На чэмпіянатах Расіі ў 2003-м і 2004-м гадах станавіўся бронзавым прызёрам. А ў 2005-м заваяваў сярэбраную ўзнагароду. Зараз працуе тэхнічным адміністратам у клубе. Выходзіць на лядовае поле ў якасці іграка. Барыс Рыгоравіч цікавіцца развіццём спорту на роднай Лёзненшчыне. Сёлета прывёз у падарунак лёзненскай хакейнай камандзе спартыўную форму.
Андрэй Рыгоравіч скончыў эканамічны факультэт БСГА. Працаваў арганізатарам сельгасвытворчасці ў Наўгародскай вобласці, эканамістам у Ташкенцкім канструктарскім бюро ад Міністэрства агульнага машынабудаўніцтва, дзе ў той час распрацоўвалі робатаў для лунаходаў. Вярнуўся ў Горкі, калі бацька быў яшчэ жывы. Сябры прапанавалі яму заняцца камерцыяй. Зараз ён дырэктар камерцыйнага будаўнічага магазіна.
Безумоўна, Рыгор Траяноўскі мог бы ганарыцца сваімі сынамі.
Таццяна
ІГНАЦЕНКА.
Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости