
Весела, урачыста і запамінальна адзачылі свята аграгарадка ў Крынках.
Апошняя ліпеньская субота для жыхароў Крынак выдалася асаблівай. Такі дзень бывае толькі раз у год. Амаль у кожнай хаце з раніцы сяльчане вялі апошнія прыгатаванні да галоўнай падзеі 2023-га і з недаверам пазіралі на бясконцы дождж, які мог сапсаваць свята. На шчасце, пасля апоўдня неба расчысцілася ад хмар, і пра небяспеку ад нябеснай канцылярыі нагадвалі толькі кроплі-дыяменты на травах і кветках, яскрава асвечаныя сонечнымі промнямі.
Жыхары аграгарадка, які налічвае амаль пяцьсот гадоў, добра ведаюць і шануюць яго багатую гісторыю. Не загаіліся яшчэ раны Вялікай Айчыннай вайны. І таму святочныя мерапрыемствы пачаліся з аўтапрабега да воінскіх пахаванняў і помнікаў у Малых Місніках, Пагосцішчы, Мар’янова, у якім прынялі ўдзел арганізацыі, мясцовыя мота- і аўтааматары. Узначалілі аўтакалону старшыня раённага Савета дэпутатаў Т.Л. Дрылёнак і старшыня Крынкаўскага сельскага Савета Л.Г. Іванова. Завяршыўся аўтапрабег ускладаннем кветак ля помніка Герою Савецкага Саюза М.В. Акцябрскай у Крынках. Да цырымоніі далучыліся старшыня райвыканкама І.І. Федараў і яго намеснік І.А. Дзерваед. Кожны, хто праехаў маршрутам памяці, добра ўсведамляе, што гэта добрая магчымасць выказаць павагу і ўдзячнасць нашым продкам за мірнае жыццё, за права працаваць і весяліцца, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей, працягваць свой род.

Пляцоўка перад мясцовым Домам культуры з’явілася квінтэсэнцыяй талентаў вяскоўцаў. Сюды сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў – ад немаўлят у калясках да сівавалосых бабуль і дзядуль. З розных мясцін прыехалі выхадцы з Крынак, якія даўно сталі гараджанамі, але не забыліся на малую радзіму. Па падліках, сабралося больш за трыста чалавек. Такой магчымасці сустрэць адначасова вялікую колькасць сяброў і знаёмых больш не здараецца. Збіраліся былыя аднакласнікі, сваякі, жыхары вуліц згуртаваліся ў вясковыя падворкі. Свята аграгарадка – самае масавае, яскравае, напоўненае моцнай светлай энергетыкай мерапрыемства, якое запамінаецца на ўсё жыццё.
У гэты дзень у Крынках прысутнічалі ганаровыя госці: І.І. Федараў, І.А. Дзерваед, Т.Л. Дрылёнак, галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама В.А. Міхмель, а таксама гаспадары непасрэдна крынкаўскай зямлі – памочнік кіраўніка арганізацыі па сельскай гаспадарцы РУПТП «Аршанскі льнокамбінат» А.В. Вішнеўскі, в.а. дырэктара агракомплексу «Крынкі» А.У. Вішнеўская, Л.Г. Іванова, дырэктар СРДУП «Выдрэя» В.А. Сінякоў.

Кіраўнік Лёзненскага раёна у Крынках паспеў пабываць шмат разоў, але ў фармаце агульнага свята – упершыню. Прыемна ўражаны яго маштабам і ўрачыстасцю, прыняўшы святочны каравай, Іван Іванавіч адзначыў, што аграгарадку – жыць і развівацца. Сапраўды, гэта край, які трымаецца на руплівых гаспадарах. Дзевяць з іх аб’яўлены перадавікамі 2023 года і занесены на Дошку гонару сельсавета. Пад шчырыя апладысменты вяскоўцаў ім былі ўручаны падзякі райвыканкама і чырвоныя стужкі «Знак пашаны».
Падарунак ад арганізацыі «Белая Русь» загадчыку Крынкаўскай амбулаторыі агульнай практыкі П.І. Старжынскаму ўручыла І.А. Дзерваед. Павел Іванавіч занесены на раённую Дошку гонару, а яшчэ нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей.
Са сцэны прагучалі прозвішчы шматдзетных бацькоў. Гэта Надзея і Аляксандр Прахарэнкі, Вольга і Канстанцін Жмайлікі, Вольга і Віктар Рыхлёнак, Марына і Андрэй Купчанкі, Наталля Гурко. Словы падзякі былі выказаны ў адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Рамана Фядосавіча Хамічэнкі і Надзеі Мікалаеўны Ігнатавай, якія ў бягучым годзе святкуюць 96 год са дня нараджэння. Былі названы юбіляры, старэйшай з якіх, К.Ф. Гурскай, споўнілася 85.

У намінацыі «Дынастыя» былі адзначаны Н.В. Сударыкава і сям’я Галубоўскіх. У 1955 годзе ў Крынкаўскую школу (дарэчы, у адзін год з Давідам Сімановічам) прыехала маладая настаўніца Лілія Слабко. Выйшла замуж за мясцовага хлопца Васіля Алёшкіна, нарадзіла траіх дзяцей, стварыла музей народнага пісьменніка БССР Міхася Лынькова, якім зараз загадвае яе дачка, настаўніца беларускай мовы Наталля Сударыкава. Малодшая дачка Вольга Галубоўская таксама абрала прафесію педагога. Сын, Міхаіл, палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, не ўпусціў мажлівасці прыехаць на свята са сталіцы.
Школа, якая дзякуючы намаганням Л.І. Алёшкінай носіць імя М.Ц. Лынькова, славіцца добрымі традыцыямі, жыве, развіваецца і ў бягучым навучальным годзе адчыніць дзверы для дзевяцярых першакласнікаў. Будучыя вучні выканалі для прысутных танец пад вакальнае суправаджэнне свайго без пяці хвілін аднакласніка Арсенія Свідзінскага. Парадаваў патрыятычнай песняй і яго старэйшы брат Мікіта. Прыўзняты настой на працягу цудоўнага запамінальнага вечара стваралі мясцовыя артысты Стас Галубоўскі, Аляксандр Сучкоў, вакальная група «Крыніца», Соня і Ліза Барашка, Іван Смолікаў, Анжаліка Якаўлева, Сафія Смолікава, Кірыл і Сафія Усцінавы, Аляксандр Рагачоў, а таксама «зоркі» з Лёзна. Гэта Ўладзіслаў Кузьмін з народным хітом «Сланечнік» ад музычнай групы «Дразды» і танцавальны калектыў «Плясухі» пад кіраўніцтвам метадыста па харэаграфічнаму жанру РЦК Аляксандра Усцінава. Крынкаўскі хлопец, ён калісьці пачынаў шлях у харэаграфію менавіта на сцэне Дома культуры аг. Крынкі, а цяпер прывёз сюды сваіх странных вучаніц, якія феерычнымі танцамі прывялі гледачоў у захапленне. Дарэчы, «Плясухі» запрашаюць далучыцца да іх калектыву ўсіх жадаючых ва ўзросце ад сарака гадоў.

Па запрашэнню Н.В. Сударыкавай на свяце аграгарадка сустрэліся воіны-інтэрнацыяналісты – выпускнікі Крынкаўскай школы В.М. Папялёнак, А.М. Сяржантаў, В.А. Каралёў і ўраджэнец суседняй Украіны, лёс якога даўно і цесна пераплёўся з Крынкамі – П.І. Старжынскі. Госці і ўдзельнікі свята мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай, падрыхтаванай Наталляй Васільеўнай і прысвечанай дванаццаці выпускнікам нашай школы, якія прымалі ўдзел у вайне ў Афганістане.
Усеагульную ўвагу прыцягвалі з густам аформленыя падворкі. Прайсці жартоўную дэзінфекцыю і прыдбаць лекавыя травы і гатовую мікстуру ад любой хваробы можна было ля медзоны амбулаторыі. Набыць дубовы венік для лазні і карысны смачны мёд прапаноўвала лясніцтва. Пачаставацца салодкімі ласункамі запрашалі «пчолкі» ад ЖКГ. Пазнаёміцца з жыццём і творчасцю знакамітага земляка Міхася Лынькова заклікала школа. Цэлы конскі воз з пачастункамі падрыхтавала мясцовая гаспадарка. Пастараліся і жыхары вуліц. Здзіўлялі адмыслова аформленыя стравы ад вуліцы Садовай, вэнджаны лешч і гарэлка на каліне ад Бабінавіцкай, маладзільны мёд і кандытарскія вырабы ад Маладзёжнай, медавуха і кілаграмовыя таматы ад Паркавай, прысмакі і латэрэя ад сям’і Лявонавых, якія жывуць на вуліцы Дуброўскага. Чай з самавару, шашлыкі, юшка, блінныя мяшэчкі, фаршыраваны шчупак – пералічыць, а тым больш пакаштаваць усе стравы ад крынкаўскіх гаспадынь было проста немагчыма. Здавалася, што на шырокія гасцінныя сталы высыпаўся рог багацця. Цяжка было адарвацца ад выставы вышыванак мясцовых майстрых. Карысталася папулярнасцю і пляцоўка Дому рамёстваў, дзе дэманстравалі вырабы рамеснікаў, а таксама прапаноўвалі аквагрым Наталля Панушкіна і Вольга Гілавейня. Для дзяцей працавалі атракцыёны, батуты, прадаваліся поп-корн і салодкая вата.
Пералічыць усё ўбачанае і пачутае пад час грандыёзнага мерапрыемства проста немагчыма. Адзначым, што працягнуўся вечар дыскатэкай і салютам. Удзельнікі свята перапоўнены найлепшымі эмоцыямі, а памяць мабільнікаў – сотнямі атмасферных фотаздымкаў.
Да сустрэчы, землякі,на свяце любімага аграгарадка ў 2024 годзе!
Вольга Пінчук.
