Майстры нашага Дома рамёстваў атрымалі Гран-пры на «Вішнёвым фестывалі» ў Глыбокім за прадстаўленыя галаўныя ўборы на абласным конкуре «Уся справа ў капелюшы».
Тры калекцыі з сарака пяці унікальных прадметаў гардэроба зроблены рукамі Вольгі Гілавейні, Інэсы Самусенка і Галіны Гаўрыленка. Стварэнню калекцыі папярэднічала вялікая крапатлівая праца. Спачатку па пошуку карцінак, старых фотаздымкаў, вывучэнню мастацкай і дакументальнай літаратуры. Усё для таго, каб уяўляць, што насілі колішнія моднікі і модніцы, як называліся галаўныя ўборы, з чаго і як вырабляліся. Наступным этапам стала стварэнне рэплік жаночых і мужчынскіх убораў.
Загадчык Дома рамёстваў Інэса Самусенка для ягаднага свята ў Глыбокім падрыхтавала 25 арыгінальных хустак, выкананых у розных напрамках: набіванне малюнка акрылам, набойка мастацкім алеем і нанясенне ўзора вапай з крашэннем. Дарэчы, Інэса Міхайлаўна – адзіны на Віцебшчыне майстар, які займаецца вывучэннем і адраджэннем кубавага крашэння. Чалавек, апантаны творчасцю, яна сумяшчае прафесію з асабістым захапленнем. Незвычайную прыгажосць знаўца народных рамёстваў стварае не толькі на працы, але і дома. Затое яе рознакаляровыя хусткі з адмысловымі ўзорамі выклікаюць сарпраўднае захапленне. Створаныя ў адпаведнасці са старадаўнімі тэхналогіямі, яны не страцілі актуальнасць і ў нас час. Такія хусткі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю сярод моладзі, бо гэты аксэсуар жаночага гардэроба можна выкарыстоўваць па-рознаму: і як галаўны ўбор, і як упрыгажэнне на шыю або пояс.Для таго, каб зрабіць арнамент, выкарыстоўваюцца штучныя штампы, вырабленыя на заказ у Пскове, Смаленску ці Маскве.
Галіна Гаўрыленка, сябра народнай мастацкай студыі «Крыніца», у нядаўнім мінулым – майстар Дома рамёстваў. На конкурс-выставу ў Глыбокім яна прадставіла калекцыю ў намінацыі «Рэпліка традыцыйнага мужчынскага галаўнога ўбора». Гэты шэсць картузікаў, пашытыя з цёмнага сукна па эскізах народнага строю. Два з іх – шлюбныя, упрыгожаны галінкамі кветак з ваксаванай паперы. Кожны шывок зроблены ўручную дакладна так, як гэта рабілі майстрыцы і на пачатку XIX стагоддзя.
Для стварэння сваёй калекцыі галаўных убораў Вольга Гілавейня выкарыстоўвала хатнюю лёзненскую воўну. Аблавуха, трывух, двайная і паўдвайная магерка – шапкі здзіўляюць і захапляюць аданачасова! У такіх не змёрзнеш у самы моцны мароз! Цёплыя, мяккія, падшытыя аўчынкай, натуральных колераў – ад белага і светла-карычневага да шэрага і чорнага. Аказваецца, нашы продкі былі сапраўднымі стылягамі!
Усе жадаючыя змогуць пабачыць галаўныя уборы ў Доме рамёстваў падчас выставы, якая будзе працаваць увесь верасень. А калі якая-небудзь магерка, хустачка ці картузік спадабаецца, можна будзе зрабіць заказ нашым майстрам.
Вольга Пінчук.
