25 жніўня ў Верхнядзвінску адбыўся абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла-2015”. Гасцей і ўдзельнікаў прывіталі першы намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Т. У. Туманава. З прывітальным словам таксама выступіў другі сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Д. В. Туронак.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Верхнядзвінскі раённы выканаўчы камітэт, Віцебскі абласны камітэт ГА “Беларускі рэспублікаскі саюз моладзі” і Віцебскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага компексу.

Нагадаем, што ў мінулым годзе Лёзненшчыну прадстаўляла сям’я Садоўскіх з аг. Дабрамыслі, а ў 2013 годзе нашы землякі, сям’я Кулаковых з Адаменак, перамагла на рэспубліканскім этапе конкурсу.
Сёлета за Лёзненшчыну выступала сям’я Кушняровых з вёскі Перамонт: Яўгенія, Уладзімір і іх дзеткі – 10-гадовы Яраслаў, 8-гадовы Ян і 3-гадовая Ева. Жанчына працуе ў СПУ “Перамонт” кладаўшчыком, яе муж – слесарам на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы “Ганна”. Разам з імі падтрымаць родных прыехала маці Яўгеніі – Ірына Яўгенаўна. А падрыхтавацца да конкурсу камандзе дапамагалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК «БРСМ» і Цэнтра культуры.
Удзельнікі мерапрыемства ў рамках тэмы “Вёска: традыцыі і сучаснасць” павінны былі прадставіць сваю сям’ю творчым нумарам з выкарыстаннем відэасуправаджэння, а таксама прадэманстраваць журы выставу дасягненняў сямейнай гаспадаркі. Акрамя гэтага, сем’і спаборнічалі ў конкурсах па прыгатаванні дранікаў, распілоўцы бервяна і колцы дроў, спартыўнай і вясковай эстафетах, а ў завяршэнні павінны былі паказаць сваё майстэрства ў распраганні і запраганні каня.
Сям’я Кушняровых узяла вышэйшую ўзнагароду ў конкурсе “Лепшы сельскі падворак” за відэаролік пра сябе і сваю гаспадарку і атрымала ў падарунак бутэрбродніцу і блэндэр. Пераможцы ж размеркаваліся наступным чынам: трэцяе месца – сям’я Сяргун з Браслаўскага раёна, 2 месца – сям’я Салавых з Верхнядзвінскага, і першае ўзяла сям’я Рамановіч з Шаркаўшчынскага раёна. У падарунак ад арганізатараў пераможцы атрымалі новага члена сваёй гаспадаркі – жывое ягня.
Яўгенія і Уладзімір падзяліліся ўражаннямі. Яны адзначылі, што конкурс ім спадабаўся. Калі б запрасілі прыняць удзел яшчэ раз – доўга б не думалі. Бо цяпер, калі пабачыў, як кажуць, усю кухню знутры, рыхтавацца да конкурсу было б значна лягчэй – ведаеш, чаго можна чакаць.
– Што тычыцца саміх спаборніцтваў, – кажа Яўгенія, – то не магу сказаць, што яны былі лёгкімі ці цяжкімі, але цікавымі – гэта безумоўна. Самым складаным, бадай, было распілаваць бервяно: яно ўсё ніяк не хацела нам паддавацца. Яшчэ хачу падкрэсліць, што вельмі да месца прыйшліся падарункі, бо хутка прыйдзе час збіраць дзетак у школу, гатаваць ім сняданак, і атрыманыя прызы будуць мне добрымі памочнікамі ў гэтай справе.
Ксенія ДЗЕРАВЯГА.
Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

1 комментарий

  • Знай наших!!! Так держать!!!

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости