Назвы некаторых вёсак сведчаць пра іх узнікненне ў самыя даўнія часы. Былі такія і на Лёзненшчыне: адна з іх – Гарадок, што існавала непадалёк ад сённяшняй Якубаўшчыны, на поўнач ад яе. «Гарадкоў» па Беларусі вельмі шмат, і прафесійныя гісторыкі сцвярджаюць, што на месцы вёсак з такімі назвамі раней мясціліся гарадзішчы, дзе людзі заснаваліся адну-дзве, а то і некалькі тысяч гадоў таму.

У нашым Гарадку таксама захаваўся ўзгорак – вельмі зручнае месца для пасялення, бо набліжэнне ворагаў можна было заўважыць здалёк. Ды і з двух бакоў, поўначы і ўсходу, Гарадок ахоўвала рэчка Язорня (у часы меліярацыі па яе рэчышчы пракапалі каналы, і цяпер нават цяжка ўявіць, што калісьці гэта была сапраўдная рака).
Відаць, пражыўшы на гэтым гарадзішчы колькі стагоддзяў, людзі па нейкіх прычынах пакінулі яго. У XVIII ст. у Гарадку-гарадзішчы таксама ніхто не жыў – сведчаннем таму з’яўляецца карта, складзеная ў 1783-1784 гг. расійскімі землямерамі, на якую нанесены ўсе тагачасныя пасяленні: на месцы Гарадка пазначана звычайнае балота.
Але недзе ў пачатку ХІХ ст. Гарадок адрадзіўся – тут пабудаваў сядзібу дваранін Георгій Восіпавіч Сенежка з жонкай Таццянай. Тут у 1815 г. у іх нарадзілася дачка Ганна, якую яны хрысцілі ў Лёзненскай царкве.
Праз 200 гадоў Гарадок стаў вялікай вёскай – сяляне жылі не толькі на ўзгорку, але і вакол яго. У 1926-1927 гг. тут налічвался 22 двары з насельніцтвам 108 чалавек. Гэта былі сяляне Багданавы, Бізунковы, Іванюшыны, Камісаравы, Марозавы, Хаванскія ды Шышковы. Іх дзецям даводзілася хадзіць у школу, што знаходзілася ў в. Баравой – для тагачасных школьнікаў зусім блізка – за 4 кіламетры, прычым ісці трэба было ўздоўж вялізнага балота.
* * *
Яшчэ адна вёска з тысячагадовай гісторыяй – гэта Лысая Гара. Вельмі верагодна, што ў дахрысціянскія часы тут існавала язычніцкае капішча (адсюль і назва вёскі: пад час сваіх гульбішчаў язычнікі збіраліся на ўзгорку і вытоптвалі пляцоўку, так што там не раслі ні дрэвы, ні трава).
Вёска як быццам увесь час хавалася ад картографаў, хоць вядома, што існавала яна ў Дабрамыслянскай воласці. Не нанесена яна ні на тапаграфічныя карты ХІХ ст., ні на карту 1920-х гг., складзеную штабам Чырвонай Арміі.
У 1924 г. у гэтай вёсцы было 72 жыхары, да 1926-1927 гг. яна яшчэ больш «падрасла»: тут стаяла 18 двароў са 108 сялянамі (Аляхновічамі, Галубоўскімі, Дашковымі, Кавалёвымі, Падасінавікавымі, Разведчанкамі, Сапегамі, Сіротчанкамі).
Жыццё ў тых сялян было вельмі няпростым: калі ў 1914 г. браты Мікалай Пятровіч і Нікіфар Пятровіч Галубоўскія купілі ў памешчыка Бобрыка 20 дзесяцін лесу ў ваколіцах Лысай Гары, ім трэба было ўручную расчысціць гэтыя ўгоддзі ад дрэваў і хмызнякоў. За 4 гады яны паспелі распрацаваць пад ворыва 5 дзесяцін, а да пачатку 1920-х гг. – яшчэ 2.
У 1923 г. сям’я Мікалая Галубоўскага на 5 душ жыла разам з сям’ёй яго сына Пракофія, якая складалася з 3 чалавек. І гэтыя дзве сям’і карысталіся адной гаспадаркай. Зямлі ў іх было 15 дзесяцін, з якіх 6 дзесяцін былі прыдатнымі для апрацоўкі, а астатняе займалі пераважна балоты. Галубоўскія жылі ў старым доме памерам 11 на 7 аршын (1 аршын – гэта 0,71 метра), а таксама пачалі будаваць новую «пяцісценку», якая была крыху прастарнейшай – 13 на 9 аршын. З гаспадарчых пабудоў у сялян Галубоўскіх былі свіран, хлеў, зруб на 7 вянцоў для хлева, еўня, пуня і лазня. Інвентар быў небагаты: плуг, драўляная барана з жалезнымі зубамі, калёсы з каванымі пярэднімі коламі, санкі ды набор конскага рыштунку. З жывёлы Галубоўскія трымалі кабылу, жарабя, дзве каровы, 4 старыя і 8 маладых авечак, дзве вялікія і 3 малыя свінні.
Зараз ні ў Гарадку, ні на Лысай Гары ніхто не жыве. І чым больш мінае часу, тым надзейней яны хаваюцца ад людскіх вачэй у лясных гушчарах.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
/Фота аўтара/
