Прозвішча Макаранка добра вядома не тольки педагогам. Яно літаральна стала сімвалам адданасці настаўніцкай працы. Аказваецца станаўленне народнай асветы на Лёзненшчыне ў даваенны час звязана са сваім мясцовым Макаранкам – Сцяфанам Аляксандравічам.
Даведаліся мы аб ім з ліста нашага пазаштатнага аўтара, краязнаўцы Канстанціна Гайдукова, які знайшоў звесткі аб славутым ураджэнцы вёскі Уна, гартаючы падшыўкі абласной газеты «Віцебскі рабочы». Артыкул «Чалавек з гарачым сэрцам», прысвечаны сямідзесяцігоддзю Сцяфана Аляксандравіча, быў змешчаны 13 ліпеня 1972 года, аўтары – выкладчыкі Віцебскага ветэрынарнага інстытута С. Аздуні і С. Васкабойнікаў.
Жыццёвы шлях нашага земляка Сцяфана Макаранкі быў цікавым, змястоўным, але і вельмі нялёгкім. У дзесяць год, застаўшыся без маці, хлопчык перажыў шмат нягод. Пасля школы ён закончыў рамесніцкае вучылішча, затым паступіў у Віцебскі настаўніцкі інстытут. Атрымаўшы дыплом, пачаў настаўнічаць.
«Праца настаўніка нялёгкая, бо гаворка ідзе аб адной са складаных і адказных прафесій – фарміраванні характараў, загартоўцы сэрцаў і розуму стваральнікаў будучыні. Для гэтага патрэбны сіла волі, мэтанакіраванасць, патрабавальнасць да сябе і навакольных, цвёрдая самадысцыпліна, няўхільнае выкананне асноўных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца вучэбным парадкам. І Макаранка заўсёды быў добрым настаўнікам, сапраўдным сябрам дзяцей. З 1925 па 1941 год працаваў загадчыкам пачатковай школы, дырэктарам няпоўнай сярэдняй школы, інспектарам і загадчыкам аддзела народнай асветы Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці» – такімі прыгожымі радкамі характарызуюць Сцяфана Аляксандравіча і працу настаўнікаў аўтары.
Далей ідзе расказ пра цяжкія гады вайны. Камуніст Сцяфан Макаранка ідзе на фронт. Ён удзельнічае ў баях на Заходнім і 1-м Далёкаўсходнім франтах. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
А калі прагучалі залпы салюта ў гонар Перамогі, Сцяфан Аляксандравіч вярнуўся ў родны горад. З першых дзён прымаў самы актыўны ўдзел у адраджэнні яго з руін.
З 1946 года Сцяфан Макаранка на партыйнай рабоце. Яна становіцца яго роднай, кроўнай справай. Макаранка працаваў інструктарам і намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Віцебскага абкома КПБ, першым сакратаром Акцябрскага райкома КПБ г. Віцебска. У 1957 годзе Сцяфан Аляксандравіч займае пасаду дырэктара вячэрняга універсітэта марксізму-ленінізму пры Віцебскім гаркоме КПБ. У 1963 годзе Макаранка прыходзіць у Віцебскі ветэрынарны інстытут: сакратар партыйнай арганізацыі, загадчык аспірантуры інстытута і няштатны член парткамісіі Віцебскага абкома КПБ.
Хочацца прывесці яшчэ адну цытату з артыкула: «Вось так усё жыццё – у гарэнні, у працы, у клопатах. Усіх, хто ведае Сцяфана Аляксандравіча, здзіўляе яго скромнасць, карэктнасць, стрыманасць і прастата. Цеплыня, чалавечая чуласць, ветлівасць, мяккасць, жаданне зразумець і дапамагчы таварышу, абаяльнасць, – вось што характарызуе Сцяфана Аляксандравіча як чалавека…». Згадзіцеся, калі пра цябе так кажуць, жыццё пражыта недарэмна.
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Па матэрыялах Канстанціна Гайдукова падрыхтавала Алена РАТНЁВА.
