Над зямлёй гараць вясёлкі мая,
Чуцен зумкат сонечных чмялёў…
Толькі памяць і любоў зямная
Не знялі і сёння шынялёў.
С. Законнікаў

22 чэрвеня 1941 года. Гэта быў той самы страшны дзень, забыць які немагчыма ніколі. У летнюю нядзельную раніцу на дзяржаўнай мяжы загрымелі гарматы, паляцелі самалёты з чорнымі крыжамі, завылі снарады. Застагнала ад болю беларуская зямля. Амаль 4 гады вайна засявала нашы палеткі сваім смяротным атрутным насеннем і пакідала здратаваныя хлебныя нівы, кроў і слёзы, спаленыя гарады і вёскі. Пачалася бясконцая чарада доўгіх і цяжкіх ваенных дзён. Але кожны такі чорны і трагічны дзень набліжаў той самы доўгачаканы і радасны – Дзень Перамогі.

Ніхто і ніколі не зможа дакладна падлічыць, колькі беларусаў палегла ў снягах пад Масквой, Сталінградам, Курскам, на ваенных дарогах і ў шматлікіх лагерах смерці. На алтар агульнай Перамогі беларускі народ паклаў жыццё кожнага трэцяга свайго жыхара.

У гады Вялікай Айчыннай вайны наш Лёзненскі раён панёс велізарныя страты: на яго тэрыторыі дзейнічалі канцлагер і гета, на Адаменскай горцы фашысты растралялі больш за 1700 мірных жыхароў. За час ваенных дзеянняў тут навечна засталіся больш за 33 тысячы яе абаронцаў. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 94 воінскіх пахавання, каля 600 помнікаў і абеліскаў.

П.М. Магілявец.

На адным з іх у вёсцы Завольша – прозвішча майго прадзеда Магіляўца Паўла Мікалаевіча, 1916 года нараджэння, радавога.

У кастрычніку 1943 года яго жонцы, маёй прабабулі, Магілявец Фіме Логвінаўне прыйшла пахаванка. Гэта быў той дзень, калі скончылася назаўсёды яе шчасце, яе сям’я, яе будучыня. Хаця і ці было яно калі, тое шчасце? У жніўні 1941 яна была цяжарная першынцам. І ў ліку яўрэйскага насельніцтва павінна была быць расстралянай. Выратаваў ад расстрэлу яе аднавясковец, які змог упэўніць карнікаў, што яна не яўрэйка. Гэта быў той дзень, калі Бог злітаваўся над ёй, бо як бы там ні было, а прага жыцця, жаданне бачыць вочы свайго дзіцяці, высокія зоры, ганак роднай хаты, буслова гняздо на ліпе, якую пасадзіў яшчэ яе прадзед, было значна мацнейшае за смерць. Трэба жыць, каб убачыць той светлы дзень вызвалення, за які аддаў жыццё яе муж. Гэтае жаданне, вера ў Перамогу дапамаглі выжыць сотням, тысячам жанчын, якія пазналі пекла ваеннай акупацыі.

І нарэшце ён прыйшоў. Гэта быў той дзень, калі скончылася вайна. Дзень Перамогі… Радасць уперамешку са слязамі. Пах чаромхі і дзьмухаўцы паабапал разбітых дарог. Кветкі тым, хто вяруўся, і тым, хто ўжо ніколі не адчуе гэтай светлай радасці. Ужо два гада насіла кветкі свайму мужу на брацкую магілу ў вёску Завольша і Фіма Логвінаўна.

Але.. быў і яшчэ дзень.

Гэта быў той дзень, калі радавы 629-га стралковага палка, 134 дывізіі вярнуўся дадому. З 8-га кастрычніка 1943 года ён лічыўся забітым. Але гэта была надарэчнасць, памылка, якая часам здаралася, калі ў пекле бою губляліся дакументы і байца лічылі забітым. Так здарылася і з Паўлам Мікалаевічам Магіляўцом. Ён не загінуў, але трапіў у палон. Пра гэты час, нават калі пасля вайны прайшло шмат гадоў, ён не любіў успамінаць. І мы не трывожылі яго цяжкімі пытаннямі. Вярнуўся з узнагародамі: медалём «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй». І толькі ў гэты дзень для Фімы Логвінаўны нарэшце сконылася вайна.

Час няўмольна ідзе наперад. Ужо няма ў жывых Фімы Логвінаўны і Паўла Мікалаевіча. Але кожны год у маім жыцці ёсць дзень, калі я з гонарам нясу партрэт майго слаўнага прадзеда на святочы парад. І гэты дзень – дзень Перамогі, калі скончылася вайна, але ніколі не скончыцца памяць пра яе.

Максім Малаткоў, сярэдняя школа імя М.В. Акцябрскай.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости