Для падарожніка пытанне пошуку кутка, дзе можна смачна паесці, стаіць на першым месцы. На самай мяжы з Расійскай Федэрацыяй, у населеным пункце Завольша, кафэ «Руль» даўно стала для вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў і падарожнікаў чымсьці большым, чым проста кропка грамадскага харчавання. Гэта месца з рэпутацыяй, дзе кормяць як дома. Сёння кафэ выходзіць на новы ўзровень, далучыўшыся да рэспубліканскай акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё».

Дырэктар кафэ Алена Максімовіч упэўнена: беларускую кухню немагчыма не палюбіць. Менавіта таму кожную пятніцу вандроўнікаў тут цяпер чакае асаблівае – гастранамічнае, падарожжа.

Мы вырашылі здзіўляць нашых гасцей традыцыйнымі стравамі, – расказвае Алена. – Да нас заязджаюць людзі з розных краін, і янызаўсёды з захапленнем адгукаюцца пра нашы стравы. Для іх гэта экзотыка, а для нас – штодзённасць.

У мінулую пятніцу «Руль» прапаноўваў гасцям сытны сэт усяго за 14 рублёў 50 капеек. У меню былі бульбяная бабка з мясам, наварысты боршч і ахаладжальны кампот.

Беларуская кухня – гэта мастацтва ператвараць простыя прадукты ў шэдэўры. Боршч у нашых краях заўсёды лічыўся сімвалам дастатку: чым гусцейшы і больш наварысты, тым больш ветлівыя гаспадары. І гатуецца крыху інакш, чым традыцыйны. Вараць яго без капусты. Бульбяная бабка – гэта «каралева» шляхецкага і сялянскага стала. Гісторыкі кулінарыі кажуць, што правобразам бабкі быў літоўскі кугель, але менавіта беларусы давялі рэцэпт да дасканаласці, дадаўшы ў цертую бульбу мяса, падсмажаную цыбулю і запекшы ўсё гэта да залацістай скарыначкі ў печы. У кафэ «Руль» бабку гатуюць так, што яна тае ў роце, захоўваючы той самы аўтэнтычны смак.

Але на гэтым сюрпрызы не заканчваюцца. Ужо на гэтую пятніцу канцэпцыя сэта абнавілася, і галоўным героем сталі дранікі са шкваркамі. Гэта не проста страва з меню, а сапраўдная сямейная рэліквія. Повар кафэ прынесла ў рэцэптуру традыцыі сваёй сям’і, тыя самыя сакрэты, якія перадаваліся ад бабулі да маці.

Дранікі для беларуса – гэта больш, чым ежа. Першыя згадкі пра бульбяныя аладкі адносяцца да XIX стагоддзя, і з таго часу яны сталі візітнай карткай нашай краіны. Заязджаючы ў Завольшу, не прапусціце магчымасць дакрануцца да «роднага свайго». Бо калі за справай стаіць такая любоў да традыцый і шчырае жаданне накарміць госця ад чыстага сэрца, звычайны абед ператвараецца ў маленькую падзею.

© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.

Аўтар: Ганна МІКУЛЬСКАЯ. Фота Алены КОЛАСАВАЙ.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости