
Гадаваць леснікоў з дашкольнага ўзросту вырашылі ў Дабрамыслінскім дзіцячым садзе!
25 кастрычніка 2023 года адбылося мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю ва ўстанове дашкольнай адукацыі першага ў Лёзненскам раёне дашкольнага лясніцтва «Ялінка». Ініцыятарам, спонсарам і куратарам адкрыцця лясніцтва з’яўляецца дзяржаўная лесагаспадарчая установа «Лёзненскі лясгас». Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама В.П. Старавойтава, дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Лёзненскі лясгас» К.Л.Пышны, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Ю.А. Дземянцей, ляснічы Дабрамыслінскага лясніцтва У.А. Цвілікаў, загадчык вучэбна-метадычным кабінетам адддзела па адукацыі Лёзненскага райвыканкама А.П. Мураўёва, метадыст вучэбна-мэтадычнага кабінета аддзела па адукацыі Лёзненскага райвыканкама І.М. Атрошчанка.
У склад дашкольнага лясніцтва «Ялінка» увайшлі 10 дзетак (5 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак). Выхаванцы ў прыгожай бела-зялёнай форме, падоранай лясгасам, чыталі вершы, спявалі песні, навучалі правілам паводзін у лесе нядбайную Шкодзіну. Потым ва ўрачыстай абстаноўцы далі клятву беражліва ставіцца да прыроды, адносіцца да жывёльнага і расліннага свету, дапамагаць захоўваць прыроднае багацце і памнажаць яго, азеляняючы свой мікрараён. Пасля чаго кожнаму з іх К.Л. Пышны уручыў пасведчанні і памятныя падарункі.
Дзеці былі ў захапленні: яны з задавальненнем уступілі ў каманду юных лесаводаў. А ў форме, якая цяпер ёсць у кожнага, адчулі сябе сапраўднымі абаронцамі лесу.
– Лес – гэта наша багацце, а дзеці – наша будучыня. Злучыўшы разам, я ўпэўнены, мы атрымаем у будучыні не толькі спецыялістаў лясной гаспадаркі, але і патрыётаў сваёй краіны, гатовых аберагаць яе. Будзьце самымі лепшымі лесаводамі, бо такое дашкольнае лясніцтва адкрываецца ў нашым раёне ўпершыню, – даў наказ К.Л. Пышны.
Загадчык Дабрамыслінскага дзіцячага сада А.І. Філіпцова адзначыла, што дашкольнае лясніцтва будзе працаваць у адпаведнасці з планам работы на навучальны год.
– У плане – самыя разнастайныя мерапрыемствы: экалагічны дэсант, прыродаахоўчыя акцыі, фотавыставы, тэматычныя гутаркі, экапаляванні і вывучэнне экалагічнага становішча навакольнага асяродзя, – адзначыла Аксана Іванаўна. – Юныя лесаводы будуць назіраць за прыродай, вывучаць пароды дрэў, даведвацца аб занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь птушках і жывёлах, прымаць удзел у зборы насення дрэў і кустоў. Праект «Дашкольнае лясніцтва» будзе спрыяць стварэнню выхаваўча-адукацыйнага асяродзя, у якім выхаванцы падчас практычнай дзейнасці набудуць навыкі лесаводчай і прыродаахоўнай дзейнасці.
Аксана Іванаўна ўпэўнена, што экалагічнае выхаванне – гэта частка патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, бо менавіта з дзіцячага сада фарміруецца стаўленне да месца, дзе жывуць дзеці, і яго ўнікальнай гісторыі. Такім чынам адначасова ідзе экалагічная, этнаграфічная і патрыятычная работа.
На тэрыторыі Дабрамыслінскага дзіцячага сада выхаванцы разам з працаўнікамі лясгаса высадзілі памятную алею туй. У кожнага юнага лесавода з’явілася дрэўца, за якім ён будзе даглядаць.
Вольга Пінчук.
