
Шматдзетны бацька, зваршчык ААТ «Рубяжніца», краязнаўца і ціктокер Аляксандр Прудоўскі лічыць сваю малую радзіму Веляшковічы лепшым кутком на зямлі. Кожную «серыю» відэаролікаў, прысвечаных гісторыі аграгарадка, блогер папулярнай платформы «TikTok» пачынае шчырымі словамі прызнання: «З каханнем да Веляшковіч». Здымаць відэа мужчына пачаў зусім нядаўна, у гэтым годзе.
А пачалося ўсё яшчэ ў далёкія школьныя гады з цікавасці да школьнага прадмета гісторыя, якую ў той час веляшковіцкім школьнікам выкладаў Іван Мікалаевіч Змуленка. З сёмага класа Аляксандр іграў на гітары ў вакальна-інструментальным ансамблі «Лабірынт». Пасля школы падаў дакументы на гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. Паступіць не ўдалося, але захапленне гісторыяй засталося на ўсё жыццё. Потым была служба ў арміі, якая праходзіла ў Польшчы, вяртанне ў родную вёску, праца ў калгасе «Рассвет». Стаў удзельнікам аркестра народных інструментаў (граў на балалайцы) і народнага аматарскага тэатра «Вытокі», які арганізаваў тагачасны дырэктар клуба Сцяпан Пятровіч Мехаў. А яшчэ з А.У. Прудоўскага атрымаўся добры зваршчык. 37 гадоў працоўнага стажу на гэтай адказнай пасадзе, без якой не можа абысціся ніводнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, – даволі салідны тэрмін.
Дарэчы, праз пэўны час Аляксандр Уладзіміравіч быў залічаны студэнтам завочнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя Машэрава, але потым забраў дакументы – нарадзіўся сын, і на першы план у жыцці выйшлі іншыя клопаты.
– За шмат гадоў назбіраў цэлы архіў, які датычыцца гісторыі Веляшковіч і суседніх вёсак Гарадок, Пнёва і іншых, – кажа мой суразмоўца, – занатоўваў успаміны старажылаў, збіраў артыкулы са «Сцяга перамогі». Але шкадую, што не паспеў запісаць усё, што маглі расказаць аднавяскоўцы. Раней у вёсцы жыло шмат сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Калі памірае чалавек, разам з ім знікае частка вёскі, частка нашага жыцця зыходзіць у нябыт. Таму трэба пакінуць пасля сябе не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае. Відэаролікі, прысвечаныя гісторыі роднага краю, зроблены мной не для славы і не дзеля грошай – гэта мой уклад у славу нашай малой радзімы. Стараўся сказаць добрае слова пра людзей – і пра тых, хто жыве, і пра тых, каго ўжо няма. Нікога, здаецца, не пакрыўдзіў. У наш злы век трэба быць дабрэйшым да іншых.
Самы першы відэаролік Аляксандра Прудоўскага, які адлюстроўвае звычайную вясковую справу – пасадку бульбы трактарам, назбіраў 1227 праглядаў. А найбольшая колькасць «падабаек» у відэа «Косім сена з сынам».
– Галоўныя сялянскія справы – бульба, сена, дровы, – жартуе Аляксандр.
У аб’ектыў камеры тэлефона трапляюць самыя простыя рэчы – курыца з куранятамі, кабыла Каштанка, якая паслухмяна цягне плуг па пашы, вяртанне камбайнераў «Рубяжніцы» з поля ў апошні дзень жніва… Усё гэта суправаджаецца добрым, пазбаўлены залішняга пафасу голасам аўтара.
«ЦікТок» А.У. Прудоўскага не разлічаны на шматлікую аўдыторыю.
– Многіх аднасяльчан раскідала па свеце. Хто пабачыў знаёмыя мясціны – у таго пацяплела на душы. Дзеля іх, землякоў, і здымаю. Дарэчы, тыя ж самыя відэа размяшчаю і ў «Аднакласніках».
Ёсць у Аляксандра Уладзіміравіча цікавы ролік аб тым, як яго суседка, Валянціна Аляксандраўна Мураўёва, незадоўга да смерці перадала яму цікавыя рукапісы. Гэта спіс з 432 прозвішчаў жыхароў Веляшковіч, якія калісьці жылі ў вёсцы. Жанчына запісала па памяці ўсіх, каго ўзгадала, і пакінула свае каментары.
Мясцовы краязнаўца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны адчувае асаблівую цікавасць. І нездарма. Яго дзед, Аляксандр Іванавіч Сінякоў, у Першую сусветную чатыры гады правёў у палоне ў Германіі, удзельнічаў у Савецка-фінляндскай вайне, прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну да самага Берліна, вярнуўся і разам з жонкай выгадаваў пяцёра дачок. А.У. Прудоўскі да дробязей устанавіў усе падзеі апошняй вайны на тэрыторыі Веляшковіч і можа расказаць сотні гісторый на гэтую тэму.
– Ёсць у мяне мара – сабраць і надрукаваць увесь краязнаўчы матэрыял у адной кнізе. Хочацца, каб гістарычная спадчына захавалася для нашчадкаў, – кажа А.У. Прудоўскі. – Праўда, справа гэта вельмі адказная ды яшчэ не па кішэні. А дзякуючы «ЦікТоку» ёсць магчымасць дзяліцца інфармацыяй з тымі, каму гэта цікава. Негатыўных водгукаў я не чуў. Наадварот, многія пакідаюць станоўчыя каментары, тэлефануюць, задаюць пытанні.
Вось так між іншых сур’ёзных спраў, якіх у вясковага мужчыны заўсёды хапае, займаецца вывучэннем мясцовай гісторыі і яе папулярызацыяй звычайны жыхар Веляшковіч Алякандр Прудоўскі. Даглядае ўласную сядзібу, агарод з бульбай і збожжам, косіць сена для Красулі, гадуе свіней і выхоўвае разам з жонкай Алесяй Аляксееўнай трое сыноў і дачку. Старэйшы, Уладзімір – курсант Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Захар вучыцца ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. Тарас перайшоў у чацвёрты клас, а трохгадовая Сонечка пакуль гуляе ў лялькі. І, дарэчы, ужо дапамагае бацьку агучваць «відосікі».
Вольга Пінчук.
