– Завіруха мяце, завіруха… Ты куды мяне клічаш, паслухай! – памятаю, у пачатку васьмідзесятых галасілі мы з сяброўкай на ўсю моц, скокаючы па ложках і падлозе з «мікрафонамі». Здаецца, ў той час гэту песню ведаў кожны. Пасля «Песні года-82» «Завіруха» літаральна накрыла ўсю вялікую краіну і стала трэцім усесаюзным хітом беларускіх «Верасоў» разам з «Малиновкой» і «Я у бабушки живу».

Таму, пачуўшы першыя акорды дуэта Аляксандра Шашкова і Марыі Кальчыба (на фотаздымку) на канцэрце раённай прэміі «Сунічка», не змагла застацца абыякавай. Як, на мой погляд, і многія іншыя гледачы. Таму пасля захацелася зазірнуць на творчую кухню цэнтра культуры і пацікавіцца, як з’явіліся і сам дуэт, і ідэя выканаць менавіта дадзеную песню.
Аказваецца, прапанавала «Завіруху» Маша.
– Неяк яе пачула і адразу захацелася праспяваць, – падзялілася яна. – Душу грэла, што такая прыгожая песня яшчэ і на беларускай мове.
Дзяўчына працуе ў РЦК мастаком-дызайнерам і пачала займацца ў дадзеным цэнтры ў студыі эстрадных спеваў «Сонг», кіруе якой Ніна Раманькова. Нават быў ужо адзін сольны выступ – спявала песню «Пяшчота» з рэпертуару Ганны Герман.
Ніна Іванаўна пагадзілася з выбарам песні, таму пачалі думаць, з кім можна было б скласці дуэт. На ролю Ціхановіча вырашылі запрасіць яго цёзку Аляксандра Шашкова. Той сказаў «так».
– Песні савецкіх часоў – гэта патэнцыяльныя хіты, – упэўнены ён. – Яны зробленыя вельмі прафесійна і разлічаны на абавязковы поспех у слухача. А калі размова вядзецца пра «Песню года», дык адразу зразумела, што маеш справу са шлягерам. Так што не сумняваўся, лёзненцам выступ спадабаецца. Але і адказнасць у такім выпадку двайная. Людзі песню добра ведаюць, любяць, і не прабачаць, калі ты яе сапсуеш.
Вось і прыйшлося аддаць рэпетыцыям не адзін тыдзень. Дарэчы, голас Марыі ў нейкай ступені нагадвае голас Ядвігі Паплаўскай. Больш моцны Сашын яе крыху перакрывае, але з цягам часу ўдалося прыйсці да гарманічнага выканання. Дэбютны выступ прыйшоўся на «Сунічку». Другі раз выйшлі на сцэну з «Завірухай» на канцэрце, прысвечаным 105-годдзю сацыяльнай службы. І тут справіліся на ўсе сто, улічыўшы папярэднія невялічкія памылкі.
– Упэўнены, каб паказаць сваю любоў да Беларусі, не абавязкова спяваць «Я люблю Беларусь», – сказаў у канцы размовы Аляксандр. – Значна лепей проста выканаць творы таго ж Мулявіна ці «Верасоў». Увогуле ў нас шмат прыгожых беларускіх песень. Мы з Марыяй яшчэ не думалі, якую песню выбраць для дуэта наступнай. Магчыма, яна таксама будзе на беларускай мове.
Тое, што дуэту быць, пацвердзіла і Ніна Раманькова. І дадала, што сёння «Сонг» налічвае каля дзясятка салістаў. Існуе студыя з 2016 года. За гэты час парадавала лёзненцаў і не толькі многімі цудоўнымі выступамі.
Алена Ратнёва.
P.S. Паглядзець выступ дуэту Аляксандра Шашкова і Марыі Кальчыба з песняй «Завіруха» можна на канале рэдакцыі «ПРО ЛИОЗНО» у TikTok.
Па тэме:
