
8 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры
Кожны куток нашай Радзімы мае адметныя асаблівасці, якія з’яўляюцца яго візітнай карткай, гонарам і славай. Нямала такіх брэндаў і на Лёзненшчыне.
Асобнае месца сярод іх займае народны ансамбль народнай песні «Пушкоўскія спявачкі», вядомы далёка за межамі раёна, любімы суседзямі з Рудні, Ельні, Дзямідава… Без яго ўдзелу не абыходзіцца практычна ніводнае маштабнае раённае свята. Не кажучы ўжо пра «Лёзненскую лыжню», музычнае суправаджэнне якой забяспечвае менавіта гэты ансамбль. Па назве калектыва можна з лёгкасцю здагадацца, што дзейнічае ён на базе філіяла раённага цэнтра культуры ў аграгарадку Пушкі. У снежні бягучага года калектыў адзначыць 25-гадовы юбілей творчай дзейнасці. За гэты час змянілася некалькі яго кіраўнікоў. Пяць гадоў таму «Пушкоўскіх спявачак» узначаліў прафесійны музыкант, выпускнік Мінскага інстытута культуры А.І. Дамарацкі. Дарэчы, Аляксандр Іванавіч разам са сваім ансамблем атрымаў Гран-пры конкурсу выканаўцаў аўтарскай песні ў фестывалі «Сунічныя бары-2021».
А стаяла ля вытокаў стварэння калектыва Н.І. Дзядкова. Чвэрць стагоддзя таму яна, бухгалтар па адукацыі, толькі што ўзначаліла мясцовы Дом культуры.
Як жа так адбылося, што захапленне спевамі вылілася ў прафесійную дзейнасць?
– У бацькоў нас было трое, але ў сям’і ніхто, акрамя мяне, не спяваў, – кажа Ніна Іванаўна. – Нарадзілася я ў Глыбоцкім раёне ў вёсцы Слабада, вучылася ў васьмігодцы ў суседняй вёсцы з прыгожай назвай Каралевічы, дзе існаваў добры дзіцячы хор. З яго і пачалася мая «пеўчая дзейнасць». Удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці ў Полацкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Потым па размеркаванні трапіла ў вёску Пушкі Лёзненскага раёна, у калгас імя Чапаева. Тады мясцовым клубам загадвала цудоўная жанчына Наталля Яфімаўна Рохлікава. Я адразу ж запісалася ў аб’яднаны хор калгасаў імя Чапаева і «Бальшавік». Займалася з намі мая цёзка по прозвішчу – таленавітая Тамара Дзмітрыеўна Дзядкова. Разам з ёю мы выступалі на самых розных сцэнічных пляцоўках раёна і вобласці, ўдзельнічалі ў конкурсах, пастаянна займалі прызавыя месцы.
Першы год працы ў калгасе падарыў маладой дзяўчыне лёсавызначальную сустрэчу з мясцовым хлопцам, вадзіцелем гаспадаркі Аляксандрам. Пазнаёміліся яны якраз такі ў клубе, на танцах. Калгасная кантора, рэпетыцыі, выступленні, спатканні з каханым – маладое жыццё было напоўнена радасцю і натхненнем. Але нечакана прыйшла бяда. Памёр бацька, страціла зрок маці, і Ніна вымушана была вярнуцца ў Глыбоцкі раён. Аляксандр пайшоў служыць у армію. У час расстання маладыя людзі яскравей адчулі неабходнасць быць разам. І хлопец падчас армейскага адпачынку прыехаў да Ніны, каб справіць вяселле. Так дзяўчына змяніла сваё дзявоцкае прозвішча Харэвіч на Дзядкову і засталася чакаць мужа са службы. У гэты час ў бацькоўскую хату вярнуўся старэйшы брат. Даверыўшы яму маці, Ніна з Аляксандрам , які якраз вярнуўся з арміі, паехала ў добра знаёмую вёску Пушкі.
Дваццаць гадоў Ніна Іванаўна адпрацавала бухгалтарам. І ўсе гэтыя гады не ўяўдляла сябе без мастацкай самадзейнасці. Паспявала даглядаць ўласную гаспадарку (Дзядковы трымалі двух кароў), займалася кветкаводствам і з асаблівай асалодай хадзіла ў лес за грыбамі. Маляўнічыя пушкоўскія лясы шчодрыя на прыродныя багацці. Н.І. Дзядкова ведае незлічоную колькасць рэцэптаў прыгатавання баравікоў, падасінавікаў, апенек і самых любімых – салёных груздоў.
У кастрычніку 1998 года з Пушкоў з’ехаў тагачасны кіраўнік клуба В.В. Ігнацік, і Н.І. Дзядковай прапанавалі заняць яго пасаду. І Ніна Іванаўна з галавой акунулася ў любімую справу.
Але ў жыцці не бывае ўсё гладка. У дзверы да нашай гераіні ў чарговы раз пагрукала вялікае гора – памёр муж. Старэйшаму сыну, Аляксандру, было 18. Віктару – 13. Дзеці былі і ўвесь час застаюцца моцнай падтрымкай для сваёй маці. Цяпер Ніна Іванаўна багатая на ўнукаў бабуля. Іх у яе чацвёра, па двое на кожнага сына. А яшчэ дорыць радасць і дапамагае жыць песня. Кожную раніцу Ніна Іванаўна з добрым настроем спяшаецца на працу. Філіял «Дом культуры аграгарадка Пушкі» размяшчаецца ў памяшканні сельскай бібліятэкі. Зараз тут вядзецца рамонт.
– Я вельмі ўдзячна Таццяне Аляксееўне Шульган і яе спадкаемцу Сяргею Сяргеевічу Піваварчыку, які прадоўжыў добрую справу, – кажа Н.І. Дзядкова. – Цяпер у нас павялічыцца плошча глядзельнай залы і сцэны, з’явіцца грымёрка і гардэробны пакой. І нарэшце можна будзе запрасіць мясцовых жыхароў на танцы. Ужо ёсць задумка правесці рэтрадыскатэку пад назвай «Назад у СССР».
Аграгарадку змены ў культурным жыцці проста неабходныя. Бо тут, у невялічкім памяшканні, сканцэнтраваны вопытныя таленты і маленькія зорачкі. Трыццаць дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляюцца ўдзельнікамі пяці дзіцячых гурткоў – танцавальнага, літаратурна-драматычнага, фальклорнага, двух вакальных. Па выніках абласнога праекта «Ура! Канікулы: у аб’ектыве дзеці» пераможцам аб’яўлены тандэм сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва РЦК і аддзел па працы з дзецьмі раённай бібліятэкі. Дык вось, з 11 дзяцей, якія ўдзельнічалі ў праекце, сямёра – выхаванцы Ніны Іванаўны і яе калегі Наталлі Музыкантавай.
Зараз жанчыны рыхтуюцца да ўдзелу ў святкаванні 80-годдзя вызвалення Лёзна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яны ўпэўнены: колькі б спраў не падкідвала паўсядзённае жыццё, у ім заўсёды павінна быць месца святу.
Вольга Пінчук.
