У суботу, 17 чэрвеня, паэт Лёзненшчыны Руслан Кузняцоў прэзентаваў сваю трэцюю кнігу паэзіі “Белы дым”. У яе, акрамя новых вершаў, увайшлі і творы з папярэдніх зборнікаў “Разважанні аб жыцці” (выйшаў у 2000 годзе) і “Давай пагаворым” (2006 г.).
Павіншаваць Руслана з радаснай падзеяй у літаратурную кавярню “Пад абажурам” культурна аздараўленчага цэнтра прыйшло нямала лёзненцаў. Сярод іх былі і тыя, хто пазнаёміўся з яго творчасцю праз “раёнку”. Таксама вершы друкуюцца ў такіх газетах, як “Знамя юности” і “Разам”. Р. Г. Кузняцова не аднойчы ўзнагароджвалі дыпломамі I і II ступені на абласным конкурсе творчасці інвалідаў, на фестывалях “Афганістан баліць ў маёй душы”, “Песні сунічных бароў”. Пра жыццё і іншыя дасягненні аўтара прысутным паведаміла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦБС А. А. Бахмацкая, яна ж і праводзіла мерапрыемства.

– Нарадзіўся Руслан ў горадзе Варкута Рэспублікі Комі, – распавядала Алена Аляксееўна. – Потым з маці яны пераехалі ў Лёзна. Бацьку свайго аўтар не памятае і нічога пра яго не ведае.
Гэтыя дзве радзімы мастацкі адлюстраваны ў вершах мужчыны. Прысвечаныя некаторыя з іх і яго маці, Веры Паўлаўне, на долю якой выпала шмат выпрабаванняў. Жанчына мужна праз іх праходзіла і, па словах блізкіх і родных паэта, сёння магла б ім ганарыцца.
Дзеля таго, каб зразумець унутранае светаадчуванне аўтара, гледачам была прадстаўлена прэзентацыя, якая ўтрымлівала фотаздымкі з асабістага архіва.
Галоўнае правіла, якога прытрымліваецца Руслан пры напісанні твораў – не хлусіць самому сабе. Калі адлюстроўваць у радках рэчаіснасць, то толькі праўдзіва. Усе свае пачуцці і прадстаўленні аб жыцці ён і прадставіў у кнізе “Белы дым”, якая складаецца з 51 верша. Творы, напісаныя на працягу 20 гадоў, размеркаваны па пяці раздзелах: “Ціхі сум”, “Горкае”, “Вогненнае танга”, “Ёсць на свеце радзіма”, “Прысвячэнне”. У іх разгледжаны розныя тэмы: пра каханне да жанчыны, любоў да Бацькаўшчыны, сапраўднае сяброўства, пра блізкіх людзей, Чарнобыльскую трагедыю і інш.
Большая частка лірыкі прысвечана войнам у Афганістане і Чачні. З дзяцінства запаў у душу Руслану фільм пра дэсантнікаў “У зоне асаблівай увагі”. Малым нават марыў паступіць у Разанскае ваеннае вучылішча, але калі пасталеў, зразумеў – гэта не яго лёс. Хлапчуковыя мары выліліся ў радкі, якія выклікаюць слёзы ў чытачоў і ў тых, хто стаў рэальным сведкам, удзельнікам тых падзей. Нават свайму кацяню Руслан Кузняцоў даў мянушку Саід, менавіта такі пазыўны быў у яго сябра на афганскай вайне.
Госці мерапрыемства ў гэты дзень мелі магчымасць паслухаць выдатныя, сумныя, вельмі праўдзівыя вершы як ў выкананні А. А. Бахмацкай, так і самога аўтара. Лепшы сябар Руслана, Уладзімір Ульянаў, піша музыку для некаторых яго вершаў – атрымліваюцца цудоўныя песні. Адну з іх У. Ульянаў і выканаў пад гітару, а таксама зачытаў верш таварыша на памяць. Музычныя віншаванні з нагоды выхаду зборніка слухачам дарылі Алена Кулікова і Уладзіслаў Якубаў. Таленавітаму майстру слова ўручалі кветкі і жадалі творчых поспехаў. Напрыканцы сустрэчы народны клуб кветкаводаў-аматараў “Флора” запрасіў ўсіх пачаставацца смачнай травяной гарбатай.
Вераніка РЭДЗЬКО.

1 комментарий
молодец