Што Чарнаручча – край ручаёў, гаворыць сама назва вёскі. Праз лес, просекі, зараснікі лазняку імкнуцца яны да ракі Машна. І не перасыхаюць, бо набіраюцца моцы ад жыватворных крыніц, якіх тут, як стала вядома, таксама шмат. Таму з’явілася жаданне паўдзельнічаць у рэспубліканскай акцыі «Раскажы пра сваю крыніцу».
Пэўна, шмат хто ведае пра крынічку на павароце да мясцовага МТК, бо нярэдка акрамя чарнаруччанцаў да яе прыязджаюць з Лёзна па чыстую ваду. Карыстаюцца ёю не адзін дзясятак гадоў. У 70-я мясцовыя жыхары начале з Сяргеем Бульбічкіным узяліся за добраўпарадкаванне. Разам з ім Канстанцін Арлоў, Анатоль Пчолкін будавалі калодзеж: ставілі жалезабетонныя кольцы, узводзілі дах. Жонка ініцыятара Вольга Бульбічкіна ўдзельнічала ў нарыхтоўцы асінавых бярвенцаў для зруба. Чым маглі, стараліся дапамагчы і маладзенькія тады Вячаслаў Пчолкін і Барыс Данчанка.
Падчас свята вёскі ў размове закранулі і тэму крыніц. Барыс Іванавіч адзначыў, што трэба было б пачысціць той калодзеж, бо апошні раз гэтым займаліся 25 гадоў таму, а затым паабяцаў паказаць яшчэ некалькі крыніц у наваколлі Чарнаручча. Я падхапіла ідэю, і неўзабаве пошукі пачаліся.
Спачатку мой спадарожнік павёў да самай дальняй крыніцы ў полі па дарозе на Станіславова. Крыху прыйшлося пашукаць, бо з цягам часу адбыліся пэўныя змены, пазарасталі знаёмыя сцяжынкі. Але вынік быў станоўчым: некалькі рухаў рыдлёўкай пад нахіленым дрэвам – і паказаўся жаданы струмень.
Затым прабіраліся па лесе праз паваленыя вялізныя елкі і дайшлі-такі да наступнай крыніцы. Тут капаць не прышлося. Вада выцякае з акуратна пракладзенага водаправоднага шланга, нават конаўка вісіць на дрэве, можна набраць і папіць. Даведалася, што абсталяваў крыніцу Сяргей Кісялёў, лецішча якога знаходзіцца непадалёк.
А праз некалькі дзён, ўжо разам з юнкорамі Мацвеем Селязнёвым і Ксеніяй Сухіх, апынуліся каля дома Кісялёвых. У кутку прысядзібнага ўчастка – яшчэ адна чарнаруччанская крыніца з невялікім калодзежам, ад якога пракладзена некалькі труб і шлангаў. Вада набіраецца ў ёмістасць, бяжыць да вадаёма, на беразе якога сапраўдная зона адпачынку з крэсламі і лавачкамі. Побач сад, кветкі, агарод.
Да самага лецішча падступае яловы лес. Ідзём па сцяжыне ўглыб і здзіўляемся. Вунь столік з лаўкамі, будан, вялізны мурашнік, клапатліва абгароджаны гаспадаром. Раптам заўважаем на суку высокага дрэва бурага мядзведзя і не адразу разумеем, што гэта вялікая мяккая цацка.
Сцежка прывяла да раней пабачанай крыніцы з конаўкай. Сяргей Пятровіч папераджае, што піць ваду не трэба – ў складзе хутчэй за ўсё перавышэнне жалеза, бо на камянях унізе шмат іржы. Але падлічылі: за 30 секунд набралі літр. Дарэчы, самая вялікая хуткасць у галоўнай крыніцы – літровы слоік набягае за 15 секунд. Там і пакаштавалі вадзіцы. Усім спадабалася.
Наша даследчая работа заняла пачэснае 3 месца на рэспубліканскім узроўні. Мне як кіраўніку прыемна было атрымаць узнагароду (дыплом і кнігу «Родники Беларуси, 2023») ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на Міжнародным водным форуме, які праходзіў 15-17 верасня. Цяпер нашы чарнаруччанскія крыніцы ўвайдуць у дзяржаўны рэестр, разам з фотаздымкамі будуць змешчаны ў новым выпуску вышэйназванай кнігі, дзе пакуль што па Лёзненскаму раёну значацца толькі 3 (Лёзна, Смародзіна і Дабрамыслі).
Пошукі жывой вады працягваюцца. Вялікі дзякуй усім, хто далучыўся да гэтай справы. Хочацца знайсці яшчэ аднадумцаў, зацікаўленых спонсараў, каб агульнымі намаганнямі абазначыць, годна добраўпарадкаваць знойдзеныя крыніцы. Пачэсная праца – шанаваць, зберагаць багацце, якое даруе чалавеку прырода. Кожнаму даступна магчымасць узяць крынічнай вады і піць яе на здароўе, галоўнае – ніколі не забываць, што чэрпаць са скарбніцы зямлі трэба разумна, з удзячнасцю.
© Авторское право «Сцяг перамогі». Гиперссылка на источник обязательна.
Автор: Таццяна ІГНАЦЕНКА, педагог дадатковай адукацыі ЦДіМ.
