З 23 па 29 красавіка праходзіў заключны этап конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, у якім прыняла ўдзел вучаніца 10 класа Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц. Лынькова Дзіяна Локцева, экскурсавод літаратурнага музея М.Ц. Лынькова, пераможца абласнога этапу.

Конкурс праходзіў у два этапы: першы (завочны, анлайн) і другі (вочны) ў Мінску ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. У рамках мерапрыемства Дзіяна прэзентавала абзорную экскурсію па музеі М.Ц. Лынькова ў форме рэкламы і праводзіла імправізаваную экскурсію «Гісторыя аднаго экспаната». З дзесяці заяўленых на другі этап экспанатаў журы конкурсу выбірала адзін, па якім трэба было правесці экскурсію. Гэта аказалася кніга М. Лынькова «Міколка-паравоз» з дароўным подпісам «Валянціне Галцеевай на добрую памяць. М. Лынькоў. 19 мая 1961 года». Прэзентавала абзорную экскурсію і праводзіла імправізаваную экскурсію Дзіяна ў вобразе Міколкі, галоўнага героя аповесці «Міколка-паравоз».
«Вы не бачылі Міколкавай хаты?
Яна вунь у самым тупіку, дзе канчаюцца станцыйныя лініі, дзе безліч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя прасторы працягнуліся, пабеглі бліскучыя рэйкі…», –
так пачынаецца вядомая аповесць народнага пісьменніка Беларусі Міхася Ціханавіча Лынькова «Міколка-паравоз». Гэта быў любімы твор многіх вучняў Крынкаўскай сярэдняй школы. Менавіта гэту кнігу і набыла ў кніжнай краме горада Віцебска разам са сваімі аднакласнікамі Галцеева Валянціна, вучаніца 7 класа, бо з нецярпеннем чакала прыезду Міхася Ціханавіча Лынькова ў Крынкі.
Лідзія Дойлідава, вучаніца 7 класа, успамінала:
«Сустрэча з Міхасём Ціханавічам, да якой рыхтавалася школа, чакалася з нецярпеннем. Цікава было ўбачыць вядомага пісьменніка, пачуць яго расказ, распытаць, адкуль прыйшлі ў яго творы героі, аб чым збіраецца пісаць у дальнейшым.
Шмат спраў было ў нас у тыя майскія дні: афармлялі выстаўку з твораў Лынькова, інсцэніравалі ўрыўкі з аповесці «Міколка-паравоз», вучылі на памяць любімыя ўрыўкі з рамана «Векапомныя дні», апавядання «Астап».
Атрымана тэлеграма, у якой Міхась Ціханавіч назваў дату прыезду – 19 мая.
Хвалюючым быў гэты дзень. Святочная абстаноўка ў школе. І мы ў белых фартушках з вялікімі букетамі кветак з нецярпеннем чакалі прыходу цягніка.
Пісьменніка бачылі упершыню, але такім знаёмым здаецца нам яго твар, усмешка. Такімі ж па-сяброўску добрымі вачыма, як і са старонак падручніка па беларускай літаратуры, ён глядзіць на нас, распытвае аб школе, вучобе».
Год 1961. Час імклівы.
Міхась Лынькоў тады наведаў нас:
Настаўніца, што з Крынак, запрасіла.
Прыехаў, як дамовіліся, у час.
Відаць, што помніў пра радзіму,
Хоць рос ён і сталеў не тут.
Душа пісьменніка прасіла
Пабачыць той свой першы кут.
Ці гэта стала выпадковым,
Ці тут зямлі такі размах,
Што родныя два браты Лыньковы
Пісьменніцкі абралі шлях.
Тут цёпла з вучнямі вітаўся,
Так проста, многа расказаў…
Такім у памяці застаўся,
І жар душы падараваў.
А на сустрэчы Міхась Ціханавіч падпісаў кнігу «Міколка-паравоз» – «Валянціне Галцеевай на добрую памяць. Міхась Лынькоў. 19.V.1961 г.».
Кнігу Валянціна Фёдараўна зберагла і 30 лістапада 2014 года на свяце «На радзіме Лынькова яго памяць жывая», прысвечаным 115- годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка, перадала ў музей. Кніга М.Ц. Лынькова «Міколка-паравоз» – яшчэ адзін сведак таго, што пісьменнік-зямляк наведваў нашу вёску.
Для ўдзельнікаў конкурсу была арганізавана адукацыйная экскурсійная праграма «Мінск – сталіца Беларусі» і «Подзвігу народа жыць у вяках». Удзельнікі заключнага этапу па профілях музеяў рыхтавалі творчыя праекты і іх інтэрактыўнае прадстаўленне «Школьны музей будучыні».
На цырымоніі ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі прысутнічаў намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак, які ўручыў пераможцам дыпломы Міністэрства. Дыпломам III ступені была ўзнагароджана Дзіяна Локцева. Віншую Дзіяну з узнагародай і жадаю поспехаў. Словы падзякі выражаю Яўгеніі Іосіфаўне Кісялёвай за аказанне тэхнічнага забеспячэння завочнага, анлайн этапу конкурсу, дырэктару Іне Мікалаеўне Купчонак і настаўнікам школы за падтрымку.
Наталля Сударыкава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц. Лынькова.
/Фота аўтара/
