
Мая маці, Лілія Іосіфаўна Алёшкіна (у дзявоцтве Слабко), нарадзілася 17 снежня 1933 г. у горадзе Беразіно Мінскай вобласці ў сям’і рабочага. Яе бацька, Іосіф Кліменцьевіч, працаваў на агароднінасушыльным заводзе г. Беразіно. Маці, Агаф’я Барысаўна, таксама там была рабочай. У сям’і раслі трое дзяцей: старэйшая дачка Зінаіда 1931 г.н., дачка Ліля (мая маці) 1933 г.н., сын Анатоль 1936 г.н. Пражывалі ў мястэчку на вуліцы Чырвонаармейская, 42. Дом быў асабісты. Да вайны трымалі карову.
Пачалася Вялікая Айчынная. Бацьку прызвалі ў Чырвоную Армію. Загінуў у 1944 г. на тэрыторыі Польшчы. Маці захоўвала фотаздымак свайго бацькі, на якім была яго кроў. У гады акупацыі бабуля Агаф’я Барысаўна жыла з дзецьмі ў мястэчку. Маці часта ўспамінала гэтыя страшныя дні. Помніла, як расстрэльвалі яўрэяў на цэнтральнай плошчы, партызанаў, местачкоўцаў, якія трымалі сувязь з партызанамі.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны прадоўжыла вучобу ў сярэдняй школе №2 г. Беразіно. У 1951 годзе пасля яе заканчэння паступіла на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага і ў 1955 годзе закончыла поўны курс інстытута па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура. Рашэннем Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ад 28 чэрвеня 1955 года Слабко Л.І. прысвоена кваліфікацыя і званне настаўніка беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы.
Па размеркаванні прыехала працаваць у Лёзненскі раён. У дзень уладкавання на працу ў раённым аддзеле адукацыі пазнаёмілася з Давідам Рыгоравічам Сімановічам, якога так, як і маю маці, накіравалі на працу ў Крынкаўскую сярэднюю школу. 27 ліпеня 1958 года выйшла замуж за Васіля Андрэевіча Алёшкіна (мой бацька).
У Крынкаўскай СШ маці адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры да 1988 года. Не адну сотню вучняў вывела ў людзі, прывіла любоў да роднага слова. На вечарах сустрэчы былых выпускнікоў школы кожны выпуск з удзячнасцю ўспамінае ўрокі беларускай мовы і літаратуры.
У 1961 годзе па запрашэнні маёй маці ў Крынкі на сустрэчу з вучнямі, настаўнікамі і жыхарамі вёскі прыязджаў народны пісьменнік Беларусі М.Ц. Лынькоў. У 1976 годзе Крынкаўскай сярэдняй школе было прысвоена імя М.Ц. Лынькова. За два гады маці з калегамі і вучнямі сабрала багаты матэрыял пра жыццё і творчасць Міхася Ціханавіча Лынькова. Сустракалася з беларускімі пісьменнікамі, роднымі і блізкімі пісьменніка-земляка, была на прыёме ў віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР К.К. Атраховіча (К. Крапівы).
Сабраныя матэрыялы далі магчымасць адкрыць у школе літаратурны музей М.Ц. Лынькова. 28 лістапада 1978 года ён гасцінна адчыніў свае дзверы перад першымі наведвальнікамі. А сярод іх былі жонка пісьменніка Соф’я Захараўна, яго сястра Пелагея Ціханаўна Шалабодава, самадзейны віцебскі мастак Павел Мікалаевіч Баранаў, віцебскі паэт Давід Рыгоравіч Сімановіч.
Мама кіравала дзейнасцю музея М.Ц. Лынькова да выхаду на пенсію.
У сям’і нас трое: я, брат Міхаіл, сястра Вольга. Заўсёды з пяшчотай адносілася маці да кожнага з нас. Вучыла з павагай адносіцца да людзей, цаніць і берагчы сваіх родных і блізкіх, адказна выконваць любую работу, любіць родныя мясціны і прыроду. Я і сястра Вольга звязалі сваё жыццё з навучаннем і выхаваннем дзяцей. Я, як і маці, стала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У гэтым ёсць заслуга і мамы. Заўсёды стрыманая, акуратная, адказная, гатовая прыйсці на дапамогу, яна вучыла гэтым якасцям і нас, сваіх дзяцей.

Перад прафесійным святам – Днём настаўніка – ярчэй паўстае ва ўспамінах мама. Я помню яе за пісьмовым сталом. Планы, праверка сшыткаў (а ў кожным класе 30 і больш вучняў), падрыхтоўка да пазакласных мерапрыемстваў па вечарах. Мы клаліся спаць, а мама рыхтавалася да заняткаў. Парой за поўнач сядзела. А раніцай, накарміўшы нас сняданкам, ішла ў школу вучыць дзяцей.
Пасля выхаду на пенсію дапамагала мне і брату Міхаілу гадаваць унучак Алёну і Яўгенію. Многа чытала. Дома ў нас былі кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Зборы твораў Кузьмы Чорнага, А.І. Шамякіна, М.Ц. Лынькова, Алены Васілеўскай, В.У. Быкава, У.С. Караткевіча і іншых. З задавальненнем мама перачытвала кнігі і русскіх пісьменнікаў. Дзякаваць Богу, зрок не падводзіў. А вось сэрца было хворае.
Не стала побач мамы ў 2009 годзе. Нарадзілася на Міншчыне, пражыла на крынкаўскай зямлі, прапрацавала 33 гады ў Крынкаўскай сярэдняй школе, на крынкаўскай зямлі і засталася назаўсёды.
Наталля Сударыкава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Крынкаўская сярэдняя школа імя М.Ц. Лынькова Лёзненскага раёна».
Ад рэдакцыі: дарэчы, сёлета ў Наталлі Васільеўны Сударыкавай пачаўся 45-ты працоўны год у адукацыі. Віншуем!
